Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкі візыту Аліева ў Менск


Аглядальнік Раман Якаўлеўскі ня лічыць візыт Ільхама Аліева ў Менск парадным. Паводле яго, поўныя сакрэтнасьці вайсковая і нафтавая тэмы працягваюць аб’ядноўваць лідэраў Беларусі і Азэрбайджану:

«Гэтак супала, што калі ў Менску гасьціў з візытам прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, у Маскве апынуўся начальнік галоўнага штабу узброеных сілаў Армэніі. І там, як раз учора і сёньня, адбылася нарада начальнікаў узброеных сілаў краін АДКБ. Зьвяртаю ўвагу на тое, што ў наступным месяцы на тэрыторыі Армэніі, якая працягвае заставацца ў стане вайны з Азэрбайджанам, павінны адбыцца сумесныя вайсковыя манэўры, якія маюць назву «Ўзаемадзеяньне-2012». Такое ўзаемадзеяньне вельмі турбуе Баку. На сёньня вядома, што пакуль ніводны кіраўнік краін АДКБ, якіх запрашалі прысутнічаць на гэтых манэўрах, не пацьвердзіў свой прыезд у Армэнію. Больш чым упэўнены, што Аліеў падчас размовы сам на сам ў Заслаўі выказаў Лукашэнку сваё стаўленьне да гэтага мерапрыемства. Пайшоў Лукашэнка яму насустрач ці не, невядома. Хаця мы ведаем пра актыўную пазыцыю Менску менавіта ў АДКБ, але вось тут як?

Азэрбайджан і Беларусь ёсьць паўнавартаснымі сябрамі руху недалучэньня, саміт якога адбудзецца з дня на дзень у Тэгеране. На яго таксама былі запрошаныя і Лукашэнка і Аліеў. На сёньня мы ведаем, што Лукашэнкі ў Тэгеране ня будзе, замест яго там прэзэнтаваць Беларусь будзе Макей. Дарэчы, гэта ягоная замежная прэм’ера ў якасьці міністра. Што да таго, на якім ўзроўні там будзе прадстаўлены Азэрбайджан, гэта пакуль невядома. Паедзе туды Аліеў з Менску ці не?

Яшчэ адна загадка. На сёньняшні дзень ў Азэрбайджана ускладніліся адносіны з Масквой, якой не ўдалося дамовіцца з Баку наконт Габалінскай РЛС. Наконт яе нават ўжо ствараецца ліквідацыйная камісія. Такім чынам, расейская вайсковая база з Азэрбайджану сыходзіць. Таму заявы з Заслаўя, што паміж Менскам і Баку адносіны набылі характар стратэгічнага партнэрства, на такім фоне выглядаюць з боку Менска двухсэнсоўна. Мяркую, як звычайна ў нас бывае, праз нейкі час Лукашэнка ўсё сам распавядзе, як ён кажа «па сакрэце».

Так, Ільхам Аліеў у Менску выглядаў вельмі задаволеным. Але гэта ягоны звычайны стыль, ён заўсёды «keeps smiling», як выхаваны і дыпляматычны чалавек. Мяркую, ягоная задаволенасьць выкліканая ня толькі пытаньнямі, абмеркаванымі ў вайсковай сфэры. Верагодна, варта чакаць у бліжэйшы час і зьяўленьня азэрбайджанскіх інвэстыцыяў у беларускай нафтаперапрацоўцы. І ня думаю, што гэтым Масква будзе задаволеная».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG