Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Чавусаў: Прысуд Дашкевічу — палітычна матываванае рашэньне


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

У Глыбоцкай калёніі адбыўся выязны суд над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Яга зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі і прысудзілі да зьняволеньня на адзін год. Раней Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на два гады турмы і мусіў заставацца за кратамі яшчэ чатыры месяцы. Цяпер выйсьці на волю Зьміцер Дашкевіч зможа не раней за 28 жніўня 2013 году. Новы прысуд лідэру «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

«Спадар Дашкевіч сярод палітычных вязьняў вылучаўся ня толькі сваёй прынцыповай грамадзянскай пазыцыяй, але і тым, што быў асуджаны яшчэ да так званай „Плошчы“. Спадар Дашкевіч і спадар Лобаў нават не пасьпелі прыняць удзелу ў тых акцыях пратэсту, якія адбываліся 19 сьнежня 2010 году. Магчыма, гэта паўплывала на папярэдняе рашэньне суду, магчыма, нейкія іншыя фактары мелі сваю ролю, але прысуд, у параўнаньні зь пяцігадовымі і большымі прысудамі іншых палітычных вязьняў, быў на меншы тэрмін і зараз ужо падыходзіў час вызваленьня спадара Дашкевіча.

На жаль, палітычны рэжым у Беларусі не зьмяніўся за гэтыя два гады. На жаль, нават пэрспэктываў аднаўленьня працэсу вызваленьня палітычных вязьняў ня бачна. І беларуская рэпрэсіўная машына была настроеная на тое, каб Дашкевіча з-за кратаў не выпускаць. Дзеля гэтага была ўчыненая вось гэтая акцыя крымінальнага перасьледу чалавека, які знаходзіцца за кратамі і натуральным чынам пазбаўлены любых прававых гарантыяў у дапамозе ня тое, што даказаць сваю невінаватасьць, але ў прынцыпе скарыстацца мінімальнымі юрыдычнымі гарантыямі для сваёй абароны. Гэткім чынам Дашкевічу дадалі вось гэты тэрмін, і гэта, безумоўна, палітычна матываванае рашэньне».
XS
SM
MD
LG