Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад Макея і Кабякова?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

У чым сэнс апошних кадравых прызначэньняў у кіраўніцтве Беларусі? Ці будзе Кабякоў дагаджаць Расеі, а Макей — Захаду? Як і калі вырашацца дыпляматычныя канфлікты Менску са Стакгольмам і Бішкекам?

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць палітычны аглядальнік газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец і заснавальнік інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан» Павал Шарамет.

Навошта спатрэбіліся кадравыя перастаноўкі?

Дракахруст: Што азначаюць апошнія кадравыя зьмены ў Беларусі: прызначэньне Ўладзімера Макея міністрам замежных справаў, а Андрэя Кабякова — кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі? Чым былі кепскія той жа Макей на цяперашняй пасадзе Кабякова і Кабякоў у пасольстве ў Маскве? Зьміцер

Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец
Панкавец: Нічым не былі кепскія, на мой погляд — ні Макей, ні Кабякоў. Што тычыцца Макея, то здаецца, што чалавек проста адпрацаваў свой патэнцыял на пасадзе кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Выглядала, што ён прызначаўся пад канкрэтную мэту, пад канкрэтную задачу — паляпшэньне стасункаў з Захадам. На пэўны час гэта было рэалізавана ў тым ліку і дзякуючы высілкам Макея — была арганізаваная кансультацыйная рада пры кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта, куды ўваходзілі прадстаўнікі незалежнага грамадзтва, ішоў нейкі дыялёг, у Беларусь паляцелі замежныя госьці. Але ўсё гэта раптам скончылася пасьля Плошчы. Пасьля 19 сьнежня 2010 году мы пабачылі, што Макей зусім ня голуб, праявіліся яго драпежныя рысы, варта прыгадаць яго заявы пра палітвязьняў ці жорсткія меры ў адказ на санкцыі Эўразьвязу. Гэта зусім не дадавала яму іміджу празаходняга палітыка. Стварылася такая сытуацыя, што трэба было ці прыдумляць новую задачу для Макея, ці шукаць новую пасаду. Знайшлі новую пасаду.

А што тычыцца Кабякова, то ягоная пасада ў Маскве, пры ўсёй яе важнасьці, напэўна не задавальняла яго амбіцыі. Прызначэньне Кабякова, гаспадарніка, чалавека ў мінулым з эканамічнага блёку ўраду, азначае, што на сёньняшні момант прыярытэтнае пытаньне — эканоміка, а не палітыка, скіраваная на ўсход ці на захад.

Дракахруст: Павал, прозьвішча Кабякова не называлася ў шматлікіх сьпісах кандыдатаў на пасаду кіраўніка адміністрацыі, якія цыркулявалі пасьля сыходу з гэтай пасады Макея ў беларускім і расейскім друку. Дык усё ж такі азначае гэтае прызначэньне, у прыватнасьці, у сьвятле суадносінаў беларускіх уладных кланаў?

Павал Шарамет
Павал Шарамет
Шарамет: У гэтай камбінацыі: Макея — у МЗС, Кабякова — на адміністрацыю, галоўным усё ж зьяўляецца пераезд Макея ў будынак міністэрства замежных справаў. Беларускія ўлады прызнаюць, што апынуліся ў зьнешнепалітычным тупіку. Макей — адзін з апошніх «магіканаў» у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі, гэта чыноўнік, якому Лукашэнка бязьмежна давярае, калі ён некаму можа бязьмежна давяраць.

А прызначэньне Кабякова — гэта больш апаратная гульня, бо для такога буйнога чыноўніка, як Кабякоў, пасада пасла ў Маскве — нікчэмная. Беларускі пасол у Расеі нічога сур’ёзнага не вырашае, ўсе адносіны з Масквой асабіста ўладкоўвае Лукашэнка і паслы ў Маскве займаліся адно асабістым узбагачэньнем і траплялі ў розныя скандальныя гісторыі.

Паколькі Кабякоў у свой час праявіў сябе як вельмі жорсткі перамоўшчык з Масквой, калі працаваў ва ўрадзе, Лукашэнка перасунуў яго бліжэй да сябе.
Пасада кіраўніка адміністрацыі ў Беларусі не зьяўляецца ключавой, там былі розныя чыноўнікі, былі моцныя, былі слабыя, быў Мясьніковіч — каго там толькі не было. Гэта больш функцыянальная, чым рэальная, пазыцыя.

Ці падыходзіць Макей для нармалізацыі стасункаў з Эўропай?

Дракахруст: Якіх крокаў можна чакаць ад гэтага тандэму? У якасьці кандыдатаў на кіраўніка адміністрацыі называліся розныя фігуры, у тым ліку, напрыклад, старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, з гэтым прызначэньнем зьвязваўся прыход ледзь ня новага 37-га году. Ну а вось прызначылі Кабякова, на МЗС — Макея. Апошні, пры ўсім тым, пра што прыгадваў Зьміцер, усё ж мае на Захадзе рэпутацыю архітэктара папярэдняга пэрыяду нармалізацыі стасункаў з Эўразьвязам у 2008-2010 гадах.

Апошнія кадравыя перастаноўкі паказалі, што тата-Лукашэнка працягвае кантраляваць сытуацыю ў краіне і старэйшы сын Віктар усё ж не дапушчаны да ключавых пазыцый.

Шарамет: Апошнія кадравыя перастаноўкі паказалі, што тата-Лукашэнка працягвае кантраляваць сытуацыю ў краіне і старэйшы сын Віктар усё ж не дапушчаны да ключавых пазыцый. Калі б кіраўніком адміністрацыі прызначалі каго-небудзь з групы «маладых ваўкоў», у прыватнасьці, таго ж Зайцава, то можна было б казаць, што кадры Віктара Лукашэнкі выціскаюць «старых» з уладных кабінэтаў. Але гэтага не адбылося. Віктар Лукашэнка атрымаў у апошні час страты, калі быў звольнены з пасады старшыні памежнага камітэту Рачкоўскі, а гэта яго бліжэйшы сябра. Віктар Лукашэнка яшчэ працягвае кантраляваць спэцслужбы, але ён не дапушчаны да сур’ёзных зьнешнепалітычных пытаньняў, а галоўнае — да фінансавых патокаў. Бацька захоўвае кантроль над імі.

Што тычыцца Макея, то ўяўленьні пра тое, што гэта чалавек сучасны і адэкватны, што зь ім можна дамовіцца і правесьці хаця б касмэтычныя палітычныя рэформы ў Беларусі — гэта ілюзія. Яна сапраўды была на Захадзе некалькі гадоў таму, але даўно ўжо выпетраная. Усе выдатна разумеюць, хто такі Макей. Гэта былы вайсковы разьведчык, які прайшоў спэцыяльную школу хлусьні і барацьбы з ворагамі, гэта вельмі жорсткі чалавек, чалавек ўтойлівы і падступны, ніводнаму слову якога верыць нельга. Ён малады і разумее, што раней ці пазьней можа патрапіць у складаную сытуацыю, таму ён як разьведчык гаворыць адно, думае іншае, а робіць трэцяе.

Але толькі Лукашэнка спадзяецца на нейкі зьнешнепалітычны прарыў разам з Макеем. На Захадзе прызначэньне Макея выклікала даволі халодную рэакцыю. Мартынаў задавальняў заходніх палітыкаў больш. Усе разумелі, што яго ўплыў мізэрны, але ён кар’ерны дыплямат і культурны чалавек. А з гэтымі вайскоўцамі і чэкістамі на Захадзе ня вельмі любяць размаўляць.

Панкавец: Я ня думаю, што прызначэньне Макея на МЗС — гэта кепскі сыгнал для Захаду. Але тое, што ён — шырма, гэта абсалютна відавочна. У асяродзьдзі Лукашэнкі, відаць, проста няма буйных чыноўнікаў, якія маглі б сымбалізаваць сабой паляпшэньне стасункаў з Захадам і таму даводзіцца прызначаць Макея. У Беларусі МЗС — гэта такая структура, якая займаецца фактычна стасункамі толькі з Захадам, Расеяй, Кітаем, іншымі рэгіёнамі займаюцца іншыя ведамствы.

Я ня думаю, што з адміністрацыі прэзыдэнта пры Кабякове будуць сыходзіць нейкія паскудзтвы супраць апазыцыі, супраць незалежнага грамадзтва, як гэта было пры Латыпаве ці Шэймане.

Макею давядзецца кантактаваць пераважна з эўрапейскімі чыноўнікамі. І для яго гэта крыху зручней і больш даспадобы, чым езьдзіць у Кітай ці Туркмэністан.

У Брусэлі ці Страсбургу Макей пачувае сябе больш упэўнена, як падаецца. Але нейкага прарыву чакаць ад яго сапраўды не выпадае.

Што тычыцца Кабякова, то браць пад увагу яго расейскія карані, тое, што ён нарадзіўся ў Маскве — гэта, на мой погляд, абсалютнае глупства. Кабякоў паказаў сябе, як жорсткі перамоўшчык, сам Пуцін казаў, што Кабякоў папіў яму крыві на перамовах па нафце і газу.

Я ня думаю, што з адміністрацыі прэзыдэнта пры Кабякове будуць сыходзіць нейкія паскудзтвы супраць апазыцыі, супраць незалежнага грамадзтва, як гэта было пры Латыпаве ці Шэймане.

Да нацыянальнага пытаньня Кабякоў, падаецца, ставіцца індыфэрэнтна, так што тут прарываў чакаць ня варта.

Выпрабаваньне для Макея: Стакгольм і Бішкек

Дракахруст: Наконт прызначэньня Макея — ці можна чакаць у бліжэйшай будучыні нейкага вырашэньня дыпляматычных крызісаў, якія ўзьніклі ў Менску з такімі рознымі сталіцамі, як Стакгольм і Бішкек? І як яны будуць вырашаныя, калі будуць?

Панкавец: Што тычыцца канфлікту са Стакгольмам, то я б разглядаў яго ў больш шырокім кантэксьце, як канфлікт ня толькі са Швэцыяй, але і як канфлікт з ЭЗ, які не спыняецца з часоў Плошчы-2010. Хаця зараз ён трошкі суцішыўся, але ён застаецца. Хуткія парлямэнцкія выбары могуць стаць лякмусавай паперкай у пытаньні, ці здольная Беларусі нармалізаваць стасункі з ЭЗ і Швэцыяй, наколькі Менск гатовы да новай лібэралізацыі. Ніякі дыпляматычны талент Макея тут сам па сабе не дапаможа, ўсё будзем вырашацца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.

Што тычыцца кіргіскага пытаньня, то наўрад ці беларускі бок пойдзе на экстрадыцыю Джаныша Бакіева. Гэты канфлікт можа працягвацца далей, але я ня думаю, што для афіцыйнага Менску гэты канфлікт настолькі важны і істотны, каб быць галоўным у парадку дня Макея.

Шарамет: Я мяркую, што швэдзкая і кіргіская гісторыя скончацца нічым. Беларускі бок будзе максымальна зацягваць і адну і другую гісторыю, рэзкія крокі зробленыя і зараз у стылі беларускай дыпляматыі будуць спрабаваць спусьціць на тармазах.

Бакіевых выдаць немагчыма, іх можна толькі перасяліць у іншую краіну. Я мяркую, што лёс Бакіевых знаходзіцца ў руках Масквы. І невыпадкова, што гэтая сям’я апынулася ў Менску, я мяркую, што гэта адбылося на просьбу расейскага кіраўніцтва. Я мяркую, што гэтак жа расейскае кіраўніцтва будзе вырашаць, што рабіць з гэтымі братамі.

Швэдзкі дэсант падобны на анэкдот. У прынцыпе беларускія ўлады разумеюць, што гэта анэкдот. Проста там ідзе барацьба двух кланаў. Клан сілавікоў спрабуе з гэтага анэкдоту зрабіць нейкую трагедыю, але атрымліваецца камэдыя.
А больш разумны клан, які сымбалізуе Макей, спрабуюць адгуляць назад і залагодзіць сытуацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG