Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы. Рыгор Грык адсудзіў 500 тысяч рублёў у былога працадаўцы


Рыгор Грык

Рыгор Грык

Баранавіцкі грамадзкі актывіст адсудзіў 500 тысяч рублёў у аўтаагрэгатнага заводу, зь якога быў звольнены 30 чэрвеня. Сваё звальненьне ён лічыць палітычна матываваным.

Баранавіцкі суд пастанавіў спагнаць з аўтаагрэгатнага заводу на карысьць Рыгора Грыка 500 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды. Таксама прадпрыемства павінна сплаціць 300 тысяч рублёў судовых выдаткаў.

Тым ня меней суд не аднавіў актывіста на працы.

Рыгор Грык: «Я патрабаваў, каб мяне аднавілі на працы. А сёньня я яшчэ дадаў да свайго пазову патрабаваньне, каб мне кампэнсавалі 5 мільёнаў маральнай шкоды. Прадстаўнікі заводу тлумачылі ў судзе, што нікому нічога ня вінныя. Аднак судзьдзя сказаў ім, што яны парушылі закон, бо своечасова не папярэдзілі мяне пра звальненьне, як патрабуе закон. У выніку паседжаньне скончылася, і судзьдзя прыняў рашэньне аб кампэнсацыі мне ў памеры 500 тысяч рублёў. А на працы не аднавілі».

Рыгор Грык зараз шукае працы. Стаіць на ўліку ў мясцовым цэнтры занятасьці. Кажа, што за апошні месяц атрымаў 214 тысяч рублёў дапамогі па беспрацоўі.

Рыгора Грыка звольнілі 30 чэрвеня з Баранавіцкага аўтаагрэгатнага заводу, дзе ён працаваў тэрмістам на абсталяваньні токаў высокай частаты.

Раней з Рыгорам Грыкам не працягнулі кантракт на Баранавіцкім баваўняным камбінаце ў 2009 годзе пасьля парлямэнцкіх выбараў 2008 году, калі ён быў кандыдатам у дэпутаты. У 2010 годзе зь ім таксама не працягнулі кантракт у Баранавіцкім вагонным дэпо, калі ён балятаваўся ў мясцовы савет.

Рыгор Грык вылучаўся ў кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту. Аднак 22 жніўня акруговая камісія не зарэгістравала яго кандыдатам. Сёньня Цэнтравыбаркам пацьвердзіў яго нерэгістрацыю.
XS
SM
MD
LG