Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіта Ліхавід: Магчыма, гэта не апошняя крымінальная справа Дашкевіча


Мікіта Ліхавід

Мікіта Ліхавід

У Глыбоцкай калёніі адбыўся выязны суд над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Яго зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі і прысудзілі да зьняволеньня на адзін год. Раней Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на два гады турмы і мусіў заставацца за кратамі яшчэ чатыры месяцы. Зараз выйсьці на волю Зьміцер Дашкевіч зможа не раней за 28 жніўня 2013 году. Новы прысуд лідэру «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу камэнтуе былы палітвязень, Мікіта Ліхавід:

«Як мы бачым, усе тыя спробы наладзіць адносіны з Захадам і вось гэтыя дзеяньні адносна палітзьняволеных сьведчаць пра тое, што, на жаль, улады бліжэйшым часам не зьбіраюцца выпускаць палітвязьняў. І таму апошнія кадравыя рашэньні ва ўладных структурах усё ж варта разглядаць у іншых колерах, чым гэта падаецца, што, нібыта, прызначэньне спадара Макея кіраўніком МЗС было выклікана тым, што Лукашэнка хоча наладзіць адносіны з Захадам.

Не было ніякіх праблем перапыніць крымінальную справу супраць Зьмітра Дашкевіча на кожным этапе: пракуратура магла спыніць яе падчас пракурорскай праверкі, таксама на этапе перадачы ў суд, таксама суд мог адхіліць гэтую крымінальную справу, але, на жаль, нічога гэтага не адбылося.

Пазыцыя Зьмітра Дашкевіча сьведчыць пра тое, што, магчыма, гэта не апошняя ягоная крымінальная справа. Зараз яго чакае этапаваньне ў сумнавядомае Віцебскае ШЫЗА № 2. Магчыма, што гэта будзе ня самы цёплы прыём. Далей мы будзем сачыць, у якую дакладна калёнію яго адправяць, і тут могуць быць два варыянты: у калёнію № 13 у Горках ці, магчыма, у калёнію № 20 Мазыра. Гэта калёніі самага строгага рэжыму ў Беларусі.

І нічога добрага ў пэрспэктыве ў становішчы з палітвязьнямі мы не чакаем. Магчымыя, канечне, нейкія форс-мажорныя абставіны, але, на жаль, нічога станоўчага, асабліва ў сьвятле суду над Зьмітром, чакаць не даводзіцца».
XS
SM
MD
LG