Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садоўскі — на Акрэсьціна. Прысуд — 10 сутак


Дзяніс Садоўскі

Дзяніс Садоўскі

20:50 Дзяніса Садоўскага позна ўвечары даставілі ў турму на завулку Акрэсьціна, дзе ён мусіць адбываць 10 сутак адміністрацыйнага зьняволеньня паводле артыкулу аб хуліганстве.

Перад гэтым актывісты БХД і ягоныя сябры не маглі высьветліць месцазнаходжаньня Дзяніса: у судзе Фрунзенскага раёну судзьдзя Дзьмітрый Лукашэвіч, які вынес прысуд, адмовіўся паведаміць якую-небудзь інфармацыю, а таксама ня даў азнаёміцца з пастановай.

У ізалятары на Акрэсьціна сваякам і паплечнікам Зьмітра паведамлялі, што такога зьняволенага ў іх няма. Тое ж заяўлялі ў Фрунзенскім РУУС, у тым ліку жонцы Дзяніса Тацяне Садоўскай, якая прыехала ў райаддзел з двума няпоўнагадовымі дзецьмі. Толькі позна ўвечары актывістам паведамілі, што Дзяніс знаходзіў ў міліцыі і пасьля прысуду, нібыта ў чаканьні нейкіх судовых дакумэнтаў. Аднак актывісты БХД заяўляюць, што ўтрыманьне асуджанага ў будынку Фрунзенскага РУУС было незаконным і палітычна матываваным. Тацяна Садоўская напісала заяву кіраўніцтву Фрунзенскага РУУС, у якой абскардзіла дзеяньні міліцыянтаў.

18:00 Як паведаміў Свабодзе адзін з сустаршыняў БХД Віталь Рымашэўскі, у судзе Фрунзенскага раёну судзьдзя Дзьмітрый Лукашэвіч заявіў, што суд над Дзянісам Садоўскім ужо адбыўся, але адмовіўся паведаміць пра прысуд і месца знаходжаньня асуджанага. У турме на Акрэсьціна партыйцам у грубай форме заявілі, што адміністрацыйна зьняволенага Садоўскага ім не дастаўлялі.

Тым часам на мабільны тэлефон жонцы Дзяніса Садоўскага паступіла СМС-паведамленьне зь ягонага ж мабільнага тэлефона, што Дзяніс, нібыта, атрымаў 10 сутак арышту і знаходзіцца менавіта на Акрэсьціна. Актывісты БХД не даюць веры гэтай інфармацыі, бо тэлефон іх паплечніка цягам дня быў недаступны. Ня выключана, што гэтае СМС маглі адправіць супрацоўнікі сілавых органаў. Цяпер актывісты БХД працягваюць пошукі свайго сябра і, як паведаміў, Віталь Рымашэўскі, калі ня высьветляць месца знаходжаньня актывіста, то будуць зьвяртацца ў міліцыю з заявай пра зьнікненьне Дзяніса Садоўскага.

17:00 28 жніўня ў Менску затрымалі адказнага сакратара аргкамітэту па стварэньні парты «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.

Спачатку актывіста трымалі ў Фрунзенскім райаддзеле міліцыі, а ў другой палове дня павезьлі ў Фрунзенскі суд, дзе будуць судзіць, паведамляе прэсавая служба БХД.

Паводле гэтай крыніцы Дзяніс Садоўскі меўся прывезьці наклад партыйнага бюлетэня «Крыніца», у якім была інфармацыя пра байкот выбараў.

Праваабаронцы кажуць, што актывіста вінавацяць у дробным хуліганстве

БХД выступае за байкот выбараў.
XS
SM
MD
LG