Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набліжаны да беларускіх уладаў бізнэсовец Уладзімер Пефціеў выйграў адзін з судоў у Літве, рашэньне якога, тым ня меней, ніяк не ўплывае на санкцыі Эўразьвязу. Паведамляецца, што 27 жніўня віленскі акруговы адміністрацыйны суд задаволіў скаргу Пефціева, аднак вырак на яго карысьць прыняты толькі ў адной справе і датычыцца кампаніі, якая абараняе інтарэсы беларускага алігарха. Іншымі словамі, цяпер літоўская кампанія «Лоін», якая займаецца юрыдычнай абаронай інтарэсаў Пефціева, зможа карыстацца сродкамі, пералічанымі бізнэсоўцам на яе рахунак.

Увогуле ж Пефціеў, чыё багацьце пераваліла за 1 мільярд даляраў, патрабуе скасаваць рашэньне зьнешнепалітычнага ведамства гэтай краіны, якое дазваляла замарожваць ягоныя асабістыя рахункі ў літоўскіх банках. Ці азначае гэта, што «кашалёк Лукашэнкі», як часта называюць Пефціева ў апазыцыйных колах, вярнуў сабе ранейшы статус?

Уладзімер Пефціеў першым сярод беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад эўрапейскія санкцыі. За фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў ліпені мінулага году Рада Эўразьвязу забараніла яму наведваць тэрыторыю ЭЗ, а ягоным прадпрыемствам — весьці там бізнэс. Тамтэйшыя рахункі алігарха былі замарожаныя.

Сёлета 23 сакавіка да трох ранейшых кампаній Пефціева — «Белтэхэкспарт», «БТ Тэлекамунікацыі» і «Спорт-пары» — дадаліся яшчэ восем, для якіх эўразьвязаўскі рынак таксама зачыніўся. Аднак, згодна з вэрдыктам віленскага суду, прынамсі літоўскія рахункі партнэрскіх фірмаў Пефціева разблякаваныя. Што стаіць за рашэньнем — камэнтуе кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч:

«Тое, што літоўцы не знайшлі ніякага крыміналу ў рахунках Пефціева, якія адкрытыя ў Літве, найперш сьведчыць, што ў Літве незалежны, незаангажаваны суд. І ён ня будзе асуджаць чалавека толькі за тое, што той палітычна прызнаны пэрсонай нон-грата ў Эўропе, прызнаны чалавекам, які падтрымлівае беларускі рэжым. Думаю, што ня дзіўна, калі нейкія літоўскія рахункі аднаго са слупоў падтрымкі рэжыму ня ўтрымліваюць у сабе ніякага крыміналу, нейкай шкоднай дзейнасьці і г.д. Кожны бізнэсовец свае справы ў замежных краінах вядзе паводле законаў гэтых краінаў. А вось якраз падтрымка рэжыму, захоўваньне грошай для рэжыму, выкарыстаньне гэтых грошай на карысьць рэжыму магчымае не ў краінах, дзе існуе нармальнае бізнэс-заканадаўства, а, як мінімум, у афшорах. А ўжо далейшае перапампоўваньне гэтых сродкаў адбываецца ў самой Беларусі. Бо толькі ў Беларусі існуе непадкантрольны беларускаму ўраду рахунак ці фонд прэзыдэнта краіны. І менавіта супраца з гэтым фондам можа быць пастаўленая ў віну тым бізнэсоўцам, якія трапілі пад гэтыя санкцыі».

Ад жніўня 2011 году ў люксэмбурскім судзе на разглядзе знаходзіцца яшчэ адзін пазоў Пефціева — супраць Рады Эўразьвязу, у дакумэнтах якой ён пазначаны як «ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі, старшыня рады акцыянэраў кампаніі „Белтэхэкспарт“ — буйнога экспартэра ўзбраеньняў». Дзьве іншыя фірмы — «БТ Тэлекамунікацыі» і «Спорт-Пары» — падаюцца як фундатары Прэзыдэнцкага спартовага клюбу, які ўзначальвае адзін з сыноў Лукашэнкі Дзьмітрый. Вядома, што лятарэйны бізнэс у Беларусі знаходзіцца пад наглядам Дзьмітрыя Лукашэнкі, а «Спорт-Пары» — апэратар інтэрактыўных электронных гульняў, які рэалізуе лятарэі «Спортлато 5 з 36», «Спортпрагноз», «КЕНО». «БТ Тэлекамунікацыі» далучаныя да рэалізацыі буйных праектаў, зьвязаных з фармаваньнем інфраструктуры для хакейнага чэмпіянату сьвету-2014, правядзеньне якога ў Беларусі міжнародная супольнасьць ставіць пад сумнеў.

Ня так даўно Ўладзімер Пефціеў паспрабаваў пазбыцца некаторых актываў. Сёлета ў чэрвені ён прадаў расейскаму бізнэсоўцу Дзьмітрыю Гурыновічу сваю кампанію «Белтэхэкспарт». Між тым многія экспэрты лічаць, што наўрад ці Пефціеў адмовіцца ад такой прыбытковай справы і гаворка ідзе толькі пра вывад бізнэсу з-пад санкцыяў Эўразьвязу пад іншы дах. На думку некалі пасьпяховага прадпрымальніка Андрэя Клімава, пазбаўленага бізнэсу за палітычную актыўнасьць, рэжым не зацікаўлены губляць такія «ласыя валютныя кавалкі»:

«Мне цяжка гаварыць, якія ў іх насамрэч фінансавыя схемы, хоць яны дастаткова вядомыя, таму што шыла ў мяху не схаваеш. Рэжым спрабуе зарабляць рознымі сродкамі. Яны назапасілі грошай у час, калі тут быў нафтавы афшор, і цяпер, у пэрыяд непазьбежнага супрацьстаяньня з Расеяй (а Масква паставіла за мэту да 2015 году зьмяніць тут кіраўніцтва), рэжыму запатрабуюцца грошы. І ў гэтым кантэксьце, вядома, тыя абмежаваньні, якія ўводзяцца Эўразьвязам, для іх сьмерці падобныя, паколькі невядома, хто тут хутчэй атрымае перамогу — Эўразьвяз ці Расея.»

Іншы бізнэсовец, банкір Валеры Кругавы, які ад перасьледу з боку беларускіх уладаў зьехаў у Польшчу, лічыць, што фармальная перамога Ўладзімера Пефціева ў літоўскім судзе не пазбаўляе яго статусу ізгоя і разьлічваць на нейкія буйныя кантракты ў Эўропе яму наўрад ці выпадае:

«Калі быць канкрэтнымі, то ніхто зь іх не ламае галовы, каб абыйсьці тыя санкцыі. Няма неабходнасьці, таму што, як такіх, яскрава акрэсьленых санкцыяў няма. Яны ж не канкрэтызаваныя. Нідзе не напісана, што гэтым фірмам нешта кудысьці забаронена пастаўляць, няма такога. Проста не рэкамэндуецца, як ЗША не рэкамэндуюць сваім кампаніям працаваць зь нейкай фірмай. І ніводная буйная кампанія ні за што ня будзе супрацоўнічаць, хоць урад толькі не рэкамэндуе. А маленькія фірмы, зразумейце, ні Пефціеву, ні Чыжу не цікавыя. Ім не патрэбная якая-небудзь дробная фірма зь Беластоку, якая з задавальненьнем зь імі гандлявала б. Але гэтым бізнэсоўцам такая фірма не патрэбная, таму што яна ня купіць тысячу тон таго ж дызпаліва і не паставіць ім тысячу тон цэмэнту. А буйныя фірмы, якія гэтым займаюцца, ня будуць зь імі працаваць, нават калі ніхто з ураду не дашле спэцыяльнага ўказу. Проста ня будуць, бо такія, прабачце, правілы працы на Захадзе».

Уладзімер Пефціеў — не адзіны беларускі бізнэсовец, які фігуруе ў «чорным сьпісе» Эўразьвязу. Таксама там значацца заснавальнік холдынгу «Трайпл» Юрый Чыж і генэральны дырэктар групы кампаній «Юнівест-М» Анатоль Тарнаўскі. І хоць пра намер патрабаваць справядлівасьці ў судзе Эўразьвязу яны пакуль не заяўлялі, спробы скарэктаваць бізнэс робяцца. Так, у офісе «Юнівест-М» заяўляюць, што цяпер цалкам сканцэнтраваныя на будаўнічым бізнэсе, а нафтаперапрацоўка, ад якой кампанія атрымлівала найбольшыя дывідэнды, практычна згорнутая. Пры гэтым лёс нафтавых актываў не ўдакладняецца. «Трайпл» ва ўмовах закрытасьці эўрапейскага нафтавага рынку амаль цалкам пераарыентаваўся на Расею, стаўшы там адным з найбуйнейшых нафтатрэйдэраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG