Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнку выслухаюць у Эўрапейскім судзе


28 жніўня ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбуры пачнецца разгляд скаргі былога прэм’ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі аб парушэньні яе правоў.

Суд у Страсбуры разгледзіць абставіны леташняга працэсу над Юліяй Цімашэнка ў Пячэрскім судзе Кіева, які прысудзіў яе да сямі гадоў турмы за перавышэньне службовых паўнамоцтваў падчас падпісаньня газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе.

Адвакат Цімашэнкі Сяргей Уласенка перакананы, што суд у Страсбуры задаволіць скаргу аб парушэньні чатырох артыкулаў Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, у прыватнасьці — прызнае палітычны характар перасьледу апазыцыйнага лідэра.

«Адбудзецца толькі першая частка разбору — так званыя вусныя слуханьні. Не будзе ніякага рашэньня. Нагадаю, што ў Юрыя Луцэнка рашэньне было праз два з паловай месяцы пасьля слуханьняў. Мы спадзяемся, што ў нас гэта адбудзецца значна хутчэй. Але ўсё роўна гэта будзе пазьней» — заявіў Сяргей Уласенка.

Затое дэпутат кіроўнай Партыі рэгіёнаў Уладзімір Алійнік адзначае, што ў справе Цімашэнкі Эўрапейскі суд дэманструе падвойныя стандарты.

«Гэта нешта не зусім зразумелае ў працэдуры. Бо не было канчатковага рашэньня — касацыйнай інстанцыі. Там правіла такое: ўсе інстанцыі павінны разгледзець — і толькі потым разглядае Эўрапейскі суд» — сказаў Уладзімір Алійнік.

Юлія Цімашэнка, якая правяла за кратамі ўжо больш за год, цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў Харкаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG