Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 жніўня разьвітаньне зь Якавам Навуменкам


Разьвітаньне з народным артыстам Беларусі, сьпеваком Якавам Навуменкам пройдзе з 11.00 да 14.00 у Белдзяржфілярмоніі.

Грамадзянская паніхіда пачнецца ў 13.00.

«Цела Навуменкі будзе крэміравана і пахавана пазьней, хутчэй за ўсё, на Маскоўскіх могілках Менску», — цытуе БелаПАН дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь Барыса Ліўшыца.

Цела прывязуць у Менск сёньня.

Навуменка загінуў у Севастопалі, дзе адпачываў з сынам у сваякоў. Паводле афіцыйных зьвестак, сьпевака зьбіў невядомы ў цэнтры гораду 19 жніўня, а 26-га Навуменка памёр у мясцовым шпіталі.

Якаў Навуменка нарадзіўся 28 сакавіка 1959 году ў Воршы Віцебскай вобласьці. Працаваў артыстам-вакалістам у ансамблі народнай музыкі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Потым была вучоба ў Расейскай акадэміі музыкі па спэцыяльнасьці «Сольныя народныя сьпевы» і праца ў якасьці саліста ў вядомых музычных калектывах краіны. Апошнія восем гадоў Якаў Навуменка працаваў у Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча. У 2011 годзе Навуменку было прысвоена ганаровае званьне «Народны артыст Беларусі».
XS
SM
MD
LG