Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньняў няма. У рэгістрацыі — адмовіць!


29 жніўня ЦВК разглядае скаргі з усіх абласьцей, акрамя Менскай.

Цэнтравыбаркам пачаў разгляд скаргаў грамадзян, якіх акруговыя выбарчыя камісіі не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты. Першымі разглядаліся скаргі з абласьцей. Скаргі зь Менску заплянавана разглядаць у чацьвер.

Усяго ў ЦВК паступіла 55 скаргаў на нерэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты. Некаторыя зь іх не былі прынятыя камісіяй да разгляду — з той прычыны, што заяўнікі не пасьпелі даслаць скаргі ў адведзены для гэтага трохдзённы тэрмін. Гэта тычыцца скаргаў экс-міністра абароны Паўла Казлоўскага, маці вязьня Плошчы Людмілы Мірзаянавай, актывіста партыі левых «Справядлівы сьвет» Віктара Новікава.

За першую палову дня ЦВК задаволіла скаргу толькі аднаго прэтэндэнта на ўдзел у выбарах — актывісткі «Справядлівага сьвету» зь Берасьця Людмілы Дзенісенкі. Акруговая камісія выявіла ў яе нібыта незадэкляраваны садовы домік і на гэтай падставе адмовіла ў рэгістрацыі. Але той домік прэтэндэнтка прадала яшчэ ў 2003 годзе. ЦВК скасавала пастанову акруговай камісіі і зарэгістравала спадарыню Дзенісенку кандыдатам. Усе астатнія скаргі, разгледжаныя да абеду, засталіся без задавальненьня.

Асноўная прычына адмовы ў рэгістрацыі — тое, што нібыта дату пад подпісам за патэнцыйнага кандыдата ставілі ня самі выбарцы. Пры гэтым ніякіх экспэртыз не праводзілася, сябры камісій проста прыходзілі да выбарцаў і складалі акты, што дату на падпісным лісьце ставілі не яны.

Удзельнікі выбарчай кампаніі, якім адмовілі ў рэгістрацыі, настойвалі, што выбаркамы паставіліся да іх перадузята. У прыватнасьці, такой думкі трымаецца жыхар Баранавічаў Дзьмітры Аўгуст:

«Я лічу, што Баранавіцкая камісія некампэтэнтна падышла да праверкі подпісаў. Прашу скасаваць яе рашэньне і даць мне магчымасьць быць кандыдатам».

Спадара Аўгуста, які адмыслова заявіў, што ён не прыхільнік апазыцыі, падтрымалі сябры ЦВК з дарадчым голасам ад апазыцыйных партыяў. У прыватнасьці, Сяргей Калякін настойваў, што ў такіх выпадках патрэбная почырказнаўчая экспэртыза:

«Людзі альбо ня памятаюць, альбо даюць адказы ў адпаведнасьці з абставінамі. Калі да чалавека прыходзяць прадстаўнікі ўлады і пачынаюць задаваць пытаньні адпаведным чынам, яны адпаведна і адказваюць. Такім чынам, тут не даказаны факт парушэньня працэдуры».

Але сябры ЦВК, якія працуюць на сталай аснове, не прыслухаліся ні да Сяргея Калякіна, ні да іншых сябраў камісіі з дарадчым голасам, а аднастайна галасавалі супраць рэгістрацыі Аўгуста і іншых прэтэндэнтаў на ўдзел у кампаніі, не задаючы пры гэтым ніякіх пытаньняў і не выказваючы свайго меркаваньня. За іх выступала толькі Лідзія Ярмошына:

«Акруговая выбарчая камісія правяла праверку ў адпаведнасьці з мэтадычнымі тлумачэньнямі ЦВК. Таму я мяркую, што акруговая камісія, выносячы рашэньне, мела юрыдычныя падставы для таго, каб адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Грыка Рыгора Яраслававіча».

Сябра камісіі з дарадчым голасам Віктар Карняенка кажа, што ў цяперашніх умовах патэнцыйным кандыдатам няма як абараніцца ад сваволі камісіяў, яны нават ня маюць доступу да поўнай інфармацыі пра тое, хто і як адмаўляецца ад подпісаў:

«І думаю, што гэта наўмысна. Па сутнасьці, гэтае паседжаньне ЦВК рытуальнае, будуць адноўленыя чалавек 10. Гэта таксама частка рытуалу. Але тут не прымаюць рашэньняў. Сядзяць сябры камісіі, якія могуць і задаваць пытаньні, і галасаваць, але ім гэта нецікава. ЦВК трэба мяняць як мінімум пад кожныя выбары, і гэта павінен быць плюралістычны орган, дзе разьбіраюцца ў пытаньнях, а ня проста махаюць рукамі».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік пасіўнасьць сталых сябраў камісіі і актыўнасьць сябраў камісіі з дарадчым голасам патлумачыў так:

«Я б сказаў, што сябры камісіі з правам дарадчага голасу, напэўна, засумавалі па такім цесным дыялёгу. Мы зь імі будзем працаваць яшчэ цягам трох дзён толькі па скаргах, і потым у нас яшчэ будзе шмат часу».

Жывы рэпартаж «Свабоды»



12.21 У ЦВК абвешчаны перапынак да 14.00.

12.20 Праз тое, што спазьніліся падаць дакуэмнты, ЦВК адмовіўся разглядаць скаргі Людмілы Мірзаянавай, маци палітвязьня Фёдара Мірзаянеава, і Віктара Новікава з партыі «Справядлівы сьвет».

12.16 Скаргу прафэсара Георгія Лепіна адмовіліся разглядаць з той самай прычыны, што і скаргу Казлоўскпага.

12.15 Скаргу былога міністра абароны Паўла Казлоўскага ЦВК адмовіўся разглядаць, бо ён спазьніўся падаць скаргу у трохдзённых тэрмін.

12.12 Сяргею Рабцаву з Полацку адмовілі ў рэгістрацыі.

12.10 Грамадзкі актывіст з Баранавічаў Рыгор Грык таксама абскардзіў адмову ў рэгістрацыі. У яго нібыта знайшлі несапраўдныя подпісы. Сам Грык у ЦВК не прыехаў. Сёньня ў яго суд за аднаўленьне на працы.

Грыку адмовілі, нягледзячы на заклікі сябраў ЦВК з дарадчым голасам. Пытаньні задаюць і выступаюць толькі сябры ЦВК ад палітычных партый. Сябры ЦВК з правам голасу толькі галасуюць.

11.50 Дзьмітры Аўгуст, які абскардзіў рашэньне Баранавіцкай камісіі, заявіў на паседжаньні ЦВК: «Я не апазыцыянэр, я чалавек з актыўнай грамадзянскай
Я не апазыцыянэр, я чалавек з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Я хачу нешта зрабіць для гораду, бо нашыя ўлады не зьвяртаюць увагі на новыя мікрараёны

пазыцыяй. Я хачу нешта зрабіць для гораду, бо нашыя ўлады не зьвяртаюць увагі на новыя мікрараёны». Акруговая камісія выявіла, што 66 падпісантаў за Аўгуста не сваёй рукой паставілі дату ў падпісных аркушах. Сябры камісіі з дарадчым голасам Сяргей Калякін і Ігар Лялькоў заявілі, што экспэртызы не было, таму варта зарэгістраваць Аўгуста. Але ЦВК адмовіў.

11.19 Людміла Дзенісенка зь Берасьця была вылучаная Партыяй левых «Справядлівы сьвет». Паводле акруговай камісіі, яна ня ўнесла ў дэклярацыю садовы домік. Таму яе не зарэгістравалі. Але Дзенісенка заявіла, што прадала домік яшчэ ў 2003 годзе, і прадставіла ЦВК дакумэнты. Яе зарэгістравалі.

11.15 ЦВК першай разгледзеў скаргу Дзьмітрыя Жоліка са Шчучына, у падпісных аркушах якога знайшлі несапраўдныя подпісы. ЦВК пастанавіў не задавальняць скаргу.

Скаргі незарэгістраваных прэтэндэнтаў зь Менскай вобласьці разгледзяць 29-га. А 30-га жніўня — скаргі зь Менску.

«124 прэтэндэнтам, якія вылучаліся ў кандыдаты, адмоўлена ў рэгістрацыі, 362 зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты», — паведаміла на мінулым тыдні старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
XS
SM
MD
LG