Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці адцэнзуравалі выступ кандыдаткі Дыяны Касьцюковіч


Падчас запісу выступу кандыдаткі ад АГП па Берасьцейскай-Усходняй акрузе № 3 Дыяны Касьцюковіч на мясцовым тэлебачаньні ёй забаранілі выкарыстоўваць словы «Лукашэнка», «байкот» і «пікет».

Як распавяла Дыяна Касьцюковіч «Свабодзе», ёй забаранілі выкарыстоўваць у сваім выступе некаторыя словы:

«Падчас запісу я прачытала свой падрыхтаваны тэкст. Прыйшла супрацоўніца тэлеканалу, якая сказала, што гэта ўсё ня пойдзе ў эфір, таму што тут шмат забароненых словаў, як, напрыклад, „Лукашэнка“, „байкот“, „пікет“. Карацей, мы пачалі карэктаваць тэкст. Потым прыйшла яшчэ і юрыст, і пачалі прапаноўваць прыбраць з выступу то адно, то другое».

Спадарыня Касьцюковіч кажа, што пасьля рэдагаваньня выступ атрымаўся зусім не такі, якім яна хацела данесьці яго да выбарцаў.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП па Берасьцейшчыне Ўладзімер Вуек распавёў, што Дыяна Касьцюковіч ужо падрыхтавала скаргі на цэнзуру падчас запісу выступу ў акруговую камісію, у Берасьцейскую тэлерадыёкампанію і ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Падчас плянаванага выступу Дыяна Касьцюковіч мела на мэце данесьці да выбарцаў пазыцыю партыі і ў дачыненьні да саміх выбараў. У падрыхтаваным тэксьце спадарыня заклікала выбарцаў байкатаваць парлямэнцкія выбары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG