Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачынаюць свае перадвыбарчыя выступы на дзяржаўным тэлебачаньні й радыё.

Многія вылучэнцы апазыцыі зьбіраюцца акцэнтаваць увагу на неабходнасьці байкоту выбараў і праблеме палітвязьняў. Аднак выступы трансьлююцца ў запісе, і ці трапяць яны ў эфір без купюр — невядома.

Адзіны ў Бабруйску вылучэнец на дэпутацтва ад апазыцыі Мацьвей Хатары выступае акурат сёньня. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі балятуецца па Бабруйскай Ленінскай акрузе. На чым ён акцэнтуе ўвагу ў сваім выступе?

«Толькі на адным — байкатаваць выбары. На дадзены момант — гэта адзіная магчымасьць выказаць народу патрабаваньне пра правядзеньне сумленных выбараў — справядлівых і празрыстых. Ніякай іншай магчымасьці гэта выказаць у нас няма».

Магілёў

Віталь Макаранка: «Ужо ёсьць сьпіс тых, хто атрымае дэпутацкі мандат»
Сёньня запісаў свой выступ на радыё актывіст партыі БНФ з Магілёва Віталь Макаранка. Ён балятуецца па Цэнтральнай выбарчай акрузе абласнога цэнтру. Актывіст зазначае, што акцэнт у выступе рабіў на альтэрнатыўных цяперашняму шляхах разьвіцьця Беларусі. Згадаў і цяперашнія ўмовы правядзеньня перадвыбарчай кампаніі:

«Я сказаў, што камісіі сфармаваныя без удзелу прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў. Такім камісіям нельга абсалютна давяраць. Выбары чарговым разам пераўтвараюцца ў фарс, і ўжо ёсьць сьпіс тых, хто атрымае дэпутацкі мандат», — заяўляе Віталь Макаранка.


Паплечнік палітвязьня Мікалая Статкевіча Аляксандар Ірхо балятуецца па Ленінскай выбарчай акрузе Магілёва. На яе тэрыторыі знаходзіцца турма, у якой утрымліваецца экс-кандыдат на прэзыдэнцтва Статкевіч. Аляксандар Ірхо заяўляе, што пра Статкевіча кажа ў выступе:

«Я прывязваю гэта да таго, што з Эўропай трэба размаўляць. Нам неабходныя інвэстыцыі. А перашкаджае гэтаму тое, што ў турме знаходзіцца Мікалай Віктаравіч Статкевіч. Вось з-за гэтага Эўропа з намі не размаўляе».

Як заяўляюць вылучэнцы, свае інфармацыйныя пікеты апазыцыянэры плянуюць выставіць да канца гэтага тыдня, калі запішуцца на тэлебачаньні й радыё.


Гомель

Уладзімер Няпомняшчых: «Я адмыслова адзеўся, каб быць пазнавальным»
У Гомелі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36, сябра АГП Уладзімер Няпомняшчых прыйшоў на мясцовае тэлерадыёаб’яднаньне запісаць свой відэазварот да выбарцаў у футболцы з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі».

У гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» Уладзімер Няпомняшчых патлумачыў:

Уладзімер Няпомняшчых

Уладзімер Няпомняшчых

«Я, відаць, крыху шакаваў іх сваёй майкай, таму што да пачатку запісу прыйшла намесьніца дырэктара, як я потым даведаўся, і ветліва прапанавала мне на ўсялякі выпадак пераапрануцца, бо ў гэтай майцы мяне могуць не прапусьціць у эфір. Але я адмовіўся мяняць адзеньне».

Намесьніца дырэктара папярэдзіла кандыдата, што будзе кансультавацца з акруговай камісіяй — пускаць у эфір запісаны відэазварот з такім надпісам на майцы ці не.

Уладзімер мае на гэты конт сваё меркаваньне:

«Я адмыслова адзеўся, каб быць пазнавальным. Калі я звычайна прачытаю, пастаю 5 хвілін, то мяне празь пяць хвілін ніхто ня ўспомніць і не пазнае. А калі я ў гэтай майцы пакажуся, то мяне запомняць і пазнаюць. Тым больш што мяне ў горадзе шмат хто ведае, вітаецца, дзякуе, што я такі ёсьць — ціснуць руку, просяць сфатаграфавацца. Гэта ў цяперашняй выбарчай кампаніі, можна сказаць, мой брэнд, мая фішка, мая пазнавальнасьць».

У сваім телезвароце кандыдат Няпомняшчых нагадаў гараджанам:

«Выбараў у краіне няма, людзей у парлямэнт прызначаюць. Таму Аб’яднаная грамадзянская партыя, канкрэтна — у маёй асобе, і нагадвае: выбараў няма, вас усё адно падмануць! У Палату прадстаўнікоў прызначаныя 110 чалавек, і гэтых людзей ужо зараз можна сьмела назваць пайменна. Апрача таго, ня выкананыя ўладай нашыя ўмовы — вызваленьне і поўная рэабілітацыя ўсіх палітзьняволеных, уключэньне нашых прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі».

Па словах Уладзімера, з улікам згаданага ён і зьбіраецца да пачатку датэрміновага галасаваньня адмовіцца ад кандыдацтва.


Да сёньня на Меншчыне зарэгістраваныя 43 кандыдаты ў дэпутаты, у тым ліку 7 прадстаўнікоў Лібэральна-дэмакратычнай партыі, па трое — ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Камуністычнай партыі Беларусі, па двое — ад Партыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Усе кандыдаты атрымалі права на выступы на тэлеканале СТВ і радыёстанцыі «Сталіца».

Барысаў

Леў Марголін: «Ёсьць апасеньні, што ў нашых тэкстах нешта будуць вырэзваць…»
Вось што на гэты час паведаміў «Свабодзе» Леў Марголін — намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты па Барысаўскай гарадзкой выбарчай акрузе № 62:

«Тэкст нашага выступу практычна падобны ва ўсіх сьпікераў АГП. Усе мы будзем казаць пра тое, што выбараў на сёньня ў Беларусі няма. А калі няма выбараў, то фактычна няма чаго казаць і пра рост заробкаў і паляпшэньне дабрабыту. Таму АГП абвясьціла грамадзянскую кампанію „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Мы будзем заклікаць усіх, хто разумее, што робіцца ў нашай краіне, не хадзіць на выбары — байкатаваць іх. Ну, і ў крайнім выпадку, калі людзі баяцца, што гэта можа нейкім чынам адлюстравацца ў перасьледзе іх саміх і сямейнікаў, — тады прыйсьці на выбары ў апошні дзень і прагаласаваць супраць усіх.

Вось такім прыкладна будзе зьмест нашага выступу. Ён падрыхтаваны і, як гаворыцца, не падлягае аніякім зьменам. Ну, а далей што будзе рабіць з гэтым тэлебачаньне ці Цэнтравыбаркам — гэта ўжо іхная справа…»

Карэспандэнт: «Вы ўсё-ткі мяркуеце, што будзе цэнзура, так?»

Марголін: «Так, ёсьць такія апасеньні…што нешта будуць вырэзваць. Да прыкладу, ужо на сёньня ёсьць спробы нейкім чынам запалохваць нашых сьпікераў — маўляў, вас могуць прыцягнуць да адказнасьці за паклёп і гэтак далей, а могуць увогуле не дапусьціць да выбараў… Але гэта — іхныя справы. Мы ж робім сваё, не зважаючы на тое, якія будуць наступныя крокі ўлады… Мы ўзгаднялі гэтыя тэксты зь юрыстамі. У гэтых тэкстах няма ніякіх заклікаў да сілавых мэтадаў барацьбы з уладай. Там есьць проста нашая асабістая думка наконт выбараў і наконт сёньняшняй улады. І мы на гэта маем права, бо калі й гэтага ня будзе, то тады невядома, навошта трацяцца грошы і што гэта за зьява такая, што ў Беларусі называецца выбары».

Наваполацк

Пракуратуру цікавяць запісы ў «Фэйсбуку»
На Віцебшчыне кандыдат па Наваполацкай выбарчай акрузе № 25 Яраслаў Берніковіч здабыў вядомасьць яшчэ да пачатку агітацыйнай кампаніі. У апазыцыйным асяродзьдзі і незалежных мэдыях яшчэ з канца ліпеня абмяркоўваецца запіс Яраслава Берніковіча ў «Фэйсбуку», дзе актывіст кампаніі «Гавары праўду» прапанаваў дапамогу прыхільнікам байкоту.

У ліпені Яраслаў Берніковіч яшчэ ня быў кандыдатам у дэпутаты і толькі плянаваў узяць удзел у выбарчай кампаніі. А на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» выступіў з прапановай: ці не захочуць прыхільнікі байкоту правесьці паўнавартасную кампанію хаця б у адной асобна ўзятай акрузе, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў? Да прыкладу, у Докшыцкай выбарчай акрузе, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў і дзе ўжо другі раз балятуецца старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Андрэйчанка.

Гэтым допісам зацікавілася раённая пракуратура. Некалькі разоў Яраславу Берніковічу спрабавалі ўручыць позву, і 27 жніўня ён урэшце мусіў наведаць пракуратуру. Там ад яго папрасілі пісьмовага тлумачэньня, кажа актывіст:

«Са мной размаўляў памочнік пракурора Валеры Міхайлавіч Дайлідзёнак. Ён цікавіўся, ці сапраўды гэта мая публікацыя ў „Фэйсбуку“. Я сказаў, што так і што гэта мая асабістая старонка: хто хоча, можа чытаць, а хто не — дык няхай не чытае. Узялі мае пісьмовыя тлумачэньні пра тое, ці заклік гэта да байкоту»…

Яраслаў Берніковіч абвяргае, што заклікаў байкатаваць выбары. Найперш таму, што сам у іх удзельнічае — для яго гэта ўжо трэцяя парлямэнцкая выбарчая кампанія. Аднак ён па-ранейшаму прапануе сваю дапамогу, пра якую пісаў у «Фэйсбуку» — гэта магчымасьць бясплатна карыстацца на час агітацыйнай кампаніі офісам ягонай фірмы, а таксама ўсімі наяўнымі сродкамі сувязі — тэлефонам і інтэрнэтам.

Прапанову глыбоцкага актывіста, каб арганізаваць сумесную кампанію актыўнага байкоту ў адной або ў некалькіх выбарчых акругах, падтрымалі грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і рух «За свабоду». Аднак Яраслаў Берніковіч мае сумневы, што магчыма арганізаваць байкот выбараў у краіне, дзе выбарцаў гоняць на выбарчыя ўчасткі пагрозамі і прымусам.

Так, у Віцебску яшчэ не відаць агітацыйных пікетаў кандыдатаў, але ў грамадзкім транспарце ўжо трансьлююць аўдыёаб’явы пра тое, што будзе арганізавана датэрміновае галасаваньне. І што жыхары абласнога цэнтру мусяць выканаць свой грамадзкі абавязак — прагаласаваць ці датэрмінова, ці ў дзень выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG