Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчак: Інтэрпол мусіў дыстанцыявацца ад высноў беларускіх сьледчых


Некаторыя беларускія праваабаронцы падзяляюць крытыку на адрас Інтэрполу, зь якой выступіла дэпутат Бундэстагу Марылюіза Бэк.

«Непрымальным» назвала Марылюіза Бэк удзел Інтэрполу ў расьсьледаваньні справы аб тэракце ў менскім мэтро.

«У той час як на міжнародным узроўні ўжо існаваў кансэнсус адносна сумнеўнасьці віны асуджаных (прызнаньні з дапамогай катаваньняў, даўгі судовы працэс без надзейных доказаў), шэф Інтэрполу не знайшоў нічога лепшага, як ухваліць гэтыя скандальныя дзеяньні. Таксама ён адзначыў „высокі прафэсіяналізм“ беларускіх сьледчых. Пакараньне Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава сьмерцю востра крытыкавалася самымі рознымі арганізацыямі, у тым ліку Радай Эўропы, а Лукашэнка хваліўся, што Інтэрпол мае дачыненьне да менскага расьсьледаваньня», — заявіла Марылюіза Бэк.

Дэпутат Бундэстагу Марылюіза Бэк падняла тэму супрацоўніцтва Інтэрполу зь беларускім рэжымам у сувязі са скандалам вакол дапамогі, якую аказала паліцыя Нямеччыны беларускім сілавікам з трэніроўкамі па разгоне вулічных акцыяў і з тэхнічным аснашчэньнем беларускай міліцыі. Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) не ўпершыню апынаецца пад крытыкай за дапамогу беларускай міліцыі. Назіральнікі згадваюць таксама сёлетні візыт у Францыю, у штаб-кватэру гэтай арганізацыі міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова, неўязнога ў краіны Эўразьвязу пасьля брутальнага разгону акцыяў пратэсту 2010 году.

Людміла Гразнова

Людміла Гразнова

Беларуская праваабаронца Людміла Гразнова, якая назірала за працэсам аб тэракце, згодная з пэўнымі прэтэнзіямі наконт удзелу ў гэтай справе Інтэрполу:

«Магу пацьвердзіць, што інфармацыя, якая паходзіла ад Інтэрполу, была фрагмэнтарная, ня тычылася іншых экспэртыз, гэтаксама і самога суду. І яна ня тычылася таго гвалту, які быў ужыты адносна абвінавачаных, якіх зараз ужо забілі».

Людміла Гразнова згодная з Марылюізай Бэк, што беларускія сілавікі і Інтэрпол маюць пэўную ўзаемную зацікаўленасьць у выніках справы аб тэракце.

Неўзабаве пасьля пачатку расьсьледаваньня ў Інтэрпол былі накіраваныя адбіткі пальцаў затрыманага Канавалава. Экспэрты Інтэрполу пацьвердзілі, што яны супадаюць з адбіткамі, знойдзенымі на бомбе 2008 году, якая не ўзарвалася на сьвяце Незалежнасьці ў Менску. Суд пазьней вызначыў, што тую бомбу таксама зрабіў Дзьмітрый Канавалаў. Таксама, паводле начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу ў Беларусі Аляксандра Петрана, Інтэрпол дапамог беларускім сьледчым хутка падрыхтаваць «палепшаныя здымкі злачынцы», узятыя з камэр вонкавага назіраньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Алег Воўчак

Алег Воўчак

Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак згадаў, што да паслугаў міжнародных экспэртаў беларускія сілавікі зьвярталіся і ў справе Мікалая Аўтуховіча, суд над якім праходзіў у 2010 годзе. Алег Воўчак згадаў, што ў Менск адмыслова быў запрошаны экспэрт Марцін Фінке, якому насуперак беларускаму заканадаўству паказалі частку матэрыялаў справы і потым спасылаліся на высновы экспэрта, які пагадзіўся зь меркаваньнем сьледчых пра падрыхтоўку Аўтуховічам тэракту супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму. Аднак у судзе гэтыя высновы не пацьвердзіліся, нагадвае Алег Воўчак. Гэтаксама і ў справе аб тэракце, на думку Алега Воўчака, Інтэрпол мусіў дыстанцыявацца ад высноваў беларускіх сьледчых:

«Ім чыста тэхнічна перадалі нейкія дадзеныя, а яны мусілі адказаць, але вельмі вузка, толькі ў межах пытаньняў. Але рабіць заявы пра даказанасьць віны гэтых людзей было ня варта. Гэта непрафэсійна, бо ўвогуле ставіць пад удар імідж Інтэрполу як сур’ёзнай арганізацыі, якая шмат робіць у справе барацьбы зь міжнароднай злачыннасьцю».

У беларускім бюро Інтэрполу адмовіліся камэнтаваць заяву дэпутата Бундэстагу Марылюізы Бэк адносна супрацоўніцтва Інтэрполу зь беларускім рэжымам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG