Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новапрызначаны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Кабякоў нарадзіўся ў 1960 годзе ў Маскве (кім былі ягоныя бацькі і што яны рабілі ў сталіцы СССР — невядома).

Сёньня прыгадваюць словы Кабякова, сказаныя ім пры прызначэньні амбасадарам у Расею пра тое, што ён «вярнуўся на радзіму». Паводле самога Кабякова, з трохгадовага ўзросту ён жыў ў Беларусі. Аднак атрымліваць вышэйшую адукацыю вярнуўся ў Маскву: у 1983 годзе скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Потым працаваў на розных пасадах на заводзе «Дыяпраектар» у Рагачове.

У 1988 годзе, калі ў выніку працэсу галоснасьці і перабудовы сталі вядомыя факты злачынстваў камуністычнай сыстэмы, якія раней хаваліся, калі адкрылася праўда пра Курапаты, калі члены КПСС пачалі ў пакідаць партыю ў масавым парадку — Кабякоў пайшоў на працу ў Рагачоўскі райкам КПБ.

Увогуле, у тыя гады кіраўніцтва кампартыі імкнулася прыцягнуць ў цэнтральныя партыйныя органы маладых адмыслоўцаў, прызначаючы іх на пасады, для якіх раней патрэбна было прайсьці доўгі «кар’ерны» шлях (клясычны прыклад — стваральнік маскоўскай тэлекампаніі НТВ Ігар Малашэнка, які некалькі гадоў папрацаваў у ЦК КПСС; спробы рэкрутаваць "маладых інтэлектуалаў" рабіліся і ў ЦК КПБ).

Аднак Кабякоў пайшоў у «нізавы», як тады казалі, партыйны камітэт і на самую нізкую пасаду — інструктарам. І быў ён інструктарам арганізацыйнага аддзелу — менавіта гэтыя аддзелы займаліся, сярод іншага, арганізацыяй прыёму новых членаў партыі, палітычнае банкруцтва якой бачылася ўсё больш відавочным нават для "рамантыкаў вяртаньня да ленінскіх нормаў".

У гэтыя ж гады Кабякоў працягвае сваю адукацыю. У сярэдзіне 1980-х ён паступае ў наргас (скончыў у 1991), а ў 1989 годзе ідзе на вучобу ў гэтак званую ВПШ — Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ, якая ў апошнія гады існаваньня кампартыі трансфармуецца ў інстытут паліталёгіі і сацыяльнага кіраваньня КПБ. Дыплём ВПШ лічыўся вельмі пажаданым для кар’ернага росту партыйных функцыянэраў — нават пры наяўнасьці вышэйшай адукацыі.

25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет Беларусі прыпыняе дзейнасьць КПБ-КПСС, і Кабякоў вяртаецца ў Рагачоў, на той самы «Дыяпраектар» — начальнікам плянавага аддзелу.

У адрозьненьне ад некаторых краінаў Усходняй Эўропы, у Беларусі не была праведзеная люстрацыя, і былыя партыйныя функцыянэры даволі хутка ішлі ўгару. У хуткім часе Кабякоў робіцца намесьнікам дырэктара «Дыяпраектару».

І ўсё ж паміж пасадай аднаго з кіраўнікоў правінцыйнага і далёка ня самага значнага прадпрыемства і намесьніка начальніка службы кантролю прэзыдэнта, якую Кабякоў зойме ў 1995 годзе — вялізная дыстанцыя, пераадолець якую нават у тыя часы хуткіх кар’ерных узьлётаў можна было толькі пры наяўнасьці ўплывовага апекуна.

Паводле вартай даверу інфармацыі, такім апекуном у Кабякова быў Васіль Даўгалёў, які да 1990 году працаваў намесьнікам дырэктара таго самага рагачоўскага «Дыяпраектару», а вясной 90-га быў абраны народным дэпутатам БССР і потым стаў сакратаром камісіі па дзяржаўным будаўніцтве.

Былыя калегі Даўгалёва па Вярхоўным Савеце прыгадваюць яго як фігуру надзвычай супярэчлівую і палітычна стракатую: так, ён мог падпісваць некаторыя заявы Апазыцыі БНФ і адначасна падтрымліваць камуністаў. Мог пайсьці сьвяткаваць гадавіну Дэклярацыі аб сувэрэнітэце на кватэру аднаго з дэпутатаў апазыцыі БНФ — і там жа распачаць спрэчку аб мэтазгоднасьці палітычнага саюзу з Расеяй і наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай. Ён мог быць адным з кіраўнікоў Партыі народнай згоды, якую ўзначальваў Генадзь Карпенка — і падтрымаць на выбарах 1994 г. Аляксандра Лукашэнку. Менавіта пазыцыя ў часе выбарчай кампаніі 1994 г. паўплывала на прызначэньне Даўгалёва намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і адначасна — начальнікам службы кантролю прэзыдэнцкай адміністрацыі. Адным са сваіх намесьнікаў галоўны «кантралёр» і зрабіў Андрэя Кабякова.

У наступныя гады Кабякову даводзілася ісьці «крок у крок» за Даўгалёвым на розных пасадах. Так, у 2000 годзе ён зьмяніў яго на пасадзе першага віцэ-прэм’ера, быў ён і намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, а ў сьнежні 2011-га Кабякова прызначылі амбасадарам Беларусі ў Расеі — замест Даўгалёва, які адправіўся памочнікам ўпраўляючага «Белгазпрамбанку».

У якасьці амбасадара Кабякоў удзельнічаў у шэрагу важных для эканомікі Беларусі перамоў (у прыватнасьці, наконт пошлінаў на нафту) і, як адзначалі аглядальнікі, Лукашэнка быў задаволены вынікамі ягонай дзейнасьці.

Выглядае, што палітычную кар’еру 61-гадовага Васіля Даўгалёва можна лічыць завершанай — у той час як ягоны пратэжэ заняў ключавую пасаду ў цяперашняй дзяржаўнай герархіі, зрабіўшыся найбольш блізкай фігурай да Аляксандра Лукашэнкі (вядома, калі не лічыць ягоных сыноў).
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG