Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас цяперашняй кампаніі могуць выкарыстаць зь бюджэту на выраб агітацыйнай друкаванай прадукцыі па 50 базавых велічыняў — 5 000 000 рублёў.

Аднак калі кандыдат здымецца з выбарчай гонкі дзеля непаважнай прычыны, то згодна з артыкулам 69 Выбарчага кодэксу ён мусіць кампэнсаваць гэтыя сродкі.

Апазыцыйныя кандыдаты ад БНФ і АГП, якія зьбіраюцца сыходзіць з дыстанцыі перад пачаткам галасаваньня, лічаць за лепшае не карыстацца гэтымі грашыма. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што яшчэ да пачатку кампаніі было вырашана:

«Мы не бяром ні капейкі ад уладаў на вядзеньне сваёй кампаніі, каб ня мець эканамічнай залежнасьці. Ніводзін са „сьпікераў“ АГП браць грошы ў Ярмошынай і ў Лукашэнкі ня будзе. Мы будзем разьлічваць толькі на тое, што могуць пералічыць выбарцы, тыя, хто падтрымлівае ідэю актыўнага байкоту».

Такой жа пазыцыі прытрымліваюцца і ў БНФ, кажа лідэр партыі Аляксей Янукевіч:

«Калі мы будзем вымушаныя прыняць рашэньне пра зьняцьцё, гэта будзе вельмі паважная прычына, бо нашых прадстаўнікоў не ўключылі ў склад выбарчых камісіяў і пазбавілі магчымасьці кантраляваць падлік галасоў. Я лічу, што гэта вельмі паважная прычына. Але, разумеючы, што выбарчыя камісіі па-рознаму могуць трактаваць закон, мы рэкамэндуем нашым вылучэнцам не выкарыстоўваць на агітацыю сродкі зь бюджэту, а друкаваць матэрыялы за кошт выбарчых фондаў кандыдатаў».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік патлумачыў «Свабодзе», што ад кандыдатаў пасьля магчымага зьняцьця з выбараў сапраўды могуць запатрабаваць вяртаньня грошай толькі за друк іх агітацыйнай прадукцыі. Эфір на тэлебачаньні і радыё ім даюць бясплатна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG