Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голуб на службе ў ястраба


Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком сваёй адміністрацыі былога амбасадара Беларусі ў Маскве, ураджэнца Масквы Андрэя Кабякова. Ці варта чакаць ад яго пераменаў у дзейнасьці структуры, якая вызначае палітыку і кантралюе ўсе дзяржаўныя органы?

Дыпляматычная кар’ера ў роднай для яго Маскве ў Андрэя Кабякова атрымалася нядоўгай. Менш за год таму ён быў прызначаны амбасадарам Беларусі ў Расеі, заняўшы крэсла, якое вызваліў ягоны даўні знаёмец і колішні патрон Васіль Даўгалёў.

Менавіта Даўгалёў прывёў у свой час Кабякова з Рагачова ў Менск, разам яны працавалі ў Службе кантролю і Камітэце дзяржкантролю, адзначае даўні знаёмы Кабякова па дзяржслужбе Аляксандар Пласкавіцкі:

«Пасьля яго самога прызначылі кіраўніком Камітэту дзяржкантролю, таму што ён быў актыўным, ініцыятывы розныя прапаноўваў прэзыдэнту, і той вырашыў, што шкада такога актыўнага хлопца выкарыстоўваць дзесьці ў легпраме. Пасьля гэтага ён пайшоў па сьлядах Даўгалёва, зрабіўся першым віцэ-прэм’ерам, а пасьля гэтага амбасадарам».

Аляксандар Пласкавіцкі перакананы, што Андрэй Кабякоў асаблівых посьпехаў на папярэдніх пасадах ня меў і таму наўрад ці будзе мець далей:

«Зорак зь неба ён не хапае. І нейкімі выдатнымі якасьцямі, акрамя добразычлівасьці і стараннасьці, якую дэманструе перад начальствам, не валодае. Такі прыемны хлопец. Яшчэ даволі малады».

Пласкавіцкі называе Кабякова добрым выканаўцам, паслухмяным чыноўнікам, якому не ўласьцівыя жорсткія мэтады кіраваньня.

Эканаміст Леанід Злотнікаў таксама мяркуе, што Кабякоў ніяк сябе не праявіў на пасадах, зьвязаных з кіраваньнем эканомікай, як і мала хто сябе праявіў ва ўрадзе ў прынцыпе, бо ўсе прапановы, якія там гучалі насуперак пазыцыі адміністрацыі прэзыдэнта, спыняліся. Так сталася з рыначнікам Сяргеем Румасам, нядаўна адстаўленым з пасады віцэ-прэм’ера.

Цяпер «лінію адміністрацыі» фармальна будзе вызначаць Кабякоў. Ці будзе яна адрозная ад ранейшай? Меркаваньне Леаніда Злотнікава:

«Ён увогуле ня выявіў сябе спэцыялістам у макраэканоміцы, для таго каб больш пісьменна даваць каманды, што рабіць у эканоміцы. Па ідэі, адміністрацыя не павінна кіраваць. Яна мае як бы задаваць агульны кірунак, кантраляваць гэты ход... Я думаю, што нічога не памяняецца пры ім. Кабякоў не адносіцца да тых, хто гатовы праводзіць рэформы. Ён добры выканаўца таго, што будзе задаваць прэзыдэнт. І ня болей за тое».

Палітоляг Аляксей Кароль зьвяртае ўвагу, што Лукашэнка зноў прызначыў на высокую пасаду чалавека, які нарадзіўся не ў Беларусі — гэта значыць, нават фармальна ён ня можа стаць кандыдатам у прэзыдэнты, супернікам дзейнаму кіраўніку. Гэта такі пункцік Лукашэнкі, якога той увесь час трымаецца. А ўвогуле ўсе кадравыя ракіроўкі апошняга часу прынцыповых пераменаў у палітыцы не прынясуць, ніякага рэфармаваньня сыстэмы ня будзе, перакананы спадар Кароль:

«Гэта перамены ў дазволеных, вызначаных рамках, ужо добра вядомых: дастаткова жорсткі аўтарытарны рэжым з усплёскамі рэпрэсіяў, з адкатамі да пэўнай лібэралізацыі і зноў да рэпрэсіяў, арыентаваны на падтрыманьне і ўтрыманьне пэрсанальнай улады, я б сказаў, нават таталітарнага тыпу».

Аляксей Кароль не выключае, што зараз настаў этап чарговага памякчэньня і дэманстрацыі гатоўнасьці да нейкіх перамен перад Захадам. Таму і прызначылі на пасаду кіраўніка адміністрацыі ня ястраба, а хутчэй голуба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG