Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусаў: «Кабякоў ня будзе канкурэнтам на прэзыдэнцкіх выбарах»


Алег Трусаў, дэпутат ВС 12 скліканьня, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны камэнтуе прызначэньне Андрэя Кабякова старшынём Адміністрацыі прэзыдэнта.

Трусаў: «Гэта ня самая горшая асоба. У сьпісах кандыдатаў былі значна горшыя. Ня самае яскравае прызначэньне, але мае найгоршыя апасеньні ня спраўдзіліся. Андрэй Кабякоў — добры эканаміст. У адносінах да мовы і да культуры я ад яго не чакаю вялікіх зьменаў, але і шкоды ён рабіць ня будзе. Гэты чалавек будзе займацца ў асноўным эканомікай.

За сьпінай Кабякова будуць інтарэсы беларускага бізнэсу, а яны зусім іншыя, як у расейскага. І ў Расеі на пасадзе амбасадара ён лабіяваў нашыя інтарэсы.Тут ужо нацыянальнасьць ягоная (Андрэй Кабякоў — расеец, нарадзіўся ў Маскве — Рэд.) ня мае такога значэньня. І на пасадзе віцэ-прэм’ера ён добра сябе паказаў.

А паходжаньне ягонае вельмі прадуманае з пункту гледжаньня канкурэнцыі. Бо праз тры гады прэзыдэнцкія выбары — і чалавек з расейскім паходжаньнем ня зможа прэтэндаваць на такую пасаду *».

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Андрэя Кабякова на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Андрэй Кабякоў нарадзіўся ў 1960 годзе ў Маскве.

У 1983 годзе скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, у 1991 годзе — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, у 1991 годзе — Інстытут паліталёгіі і сацыяльнага кіраваньня КПБ.

У 1995–1996 гадах быў намесьнікам начальніка Службы кантролю прэзыдэнта Беларусі, у 1996–1998 гадах — намесьнікам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю.

З 1998 па 2000 гады быў старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю, з 2000 году — намесьнікам прэм’ер-міністра, у 2010–2011 гадах — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Апошняя пасада — амбасадар Беларусі ў Маскве.





* Артыкул 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначае, што прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь можа быць асоба, якая, сярод іншага, ёсьць «грамадзянінам Рэспублікі Беларусь паводле нараджэньня».

Артыкул 8 Закона аб грамадзянстве у рэдакцыі 2002 г. Вызначае, што «Грамадзянамі Рэспублікі Беларусь па нараджэньні прызнаюцца асобы, якія нарадзіліся ў межах сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якія зьяўляліся грамадзянамі былога СССР па нараджэньні і атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь да ўступленьня ў сілу гэтага Закона».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG