Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычны ўрад Малдовы ня хоча псаваць адносіны зь Менскам


Кішэнэў
Кішэнэў

27 жніўня Дзень незалежнасьці адзначае Рэспубліка Малдова. Новыя ўлады Малдовы праводзяць актыўную палітыку інтэграцыі з Эўрапейскім Зьвязам, пры гэтым не пагаршаючы адносіны з краінамі СНД.

У прыватнасьці, дэмакратычная кааліцыя Малдовы імкнецца не псаваць адносін і з афіцыйным Менскам, зазначыў дырэктар кішынёўскага бюро нашага радыё Васіліў Батнару:

«Пазыцыя ў адносінах да Беларусі ніяк не мяняецца, бо малдаўскія ўлады цудоўна разумеюць, што трэба паводзіць сябе дыпляматычна, хоць яны лідэры ў партнэрстве з Эўразьвязам, а Менск застаецца ў ар’ергардзе. Але яны не спрабуюць даваць палітычныя ацэнкі ўладам Беларусі. У гэтым перавага дэмакратычнай улады, якая ўмее трымаць дыстанцыю і ў адносінах да Захаду, і ў адносінах да Ўсходу — у адрозьненьне ад папярэдніх уладаў, якія не хавалі сваіх палітычных сымпатый. Дэмакраты якраз умеюць на справе будаваць дыпляматычную палітыку і стратэгічныя пляны, каб гэта не было на шкоду міжнародным дачыненьням маленькай Малдовы».

Апошнім часам адбыўся толькі адзін афіцыйны візыт з Кішынёва ў Менск — 25 чэрвеня 2012 году ў Беларусі знаходзілася дэлегацыя парлямэнту Малдовы на чале са сьпікерам, кіраўніком Дэмакратычнай партыі Малдовы Мар’янам Лупу, які сустракаўся з кіраўнікамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі. Па выніках візыту было падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж парлямэнтамі дзьвюх краін.

«Былі папрокі на адрас Мар’яна Лупу за тое, што ён паехаў у Менск, які ня ёсьць самым сымпатычным для нашых эўрапейскіх партнэраў. Пісалі пра гэта ў прэсе, былі выказваньні палітыкаў, што ён як бы здрадзіў эўрапейскім партнэрам. Аднак афіцыйна яму ніхто ў кіроўным альянсе заўваг не выказваў. Мне падаецца, што тут была каардынацыя ў кааліцыі. І гэта пацьвярджае тое, што Кішынёў спрабуе рознымі сваімі сэгмэнтамі кіроўнай кааліцыі выбудоўваць добрыя адносіны па розных кірунках», — кажа спадар Батнару.

Васіліў Батнару адзначае, што ў адносінах зь Менскам новыя ўлады Малдовы найперш зацікаўленыя эканомікай:

«Гэта вырашальны пасыл у міжнародных справах. Калі ёсьць эканамічныя адносіны і можна туды прадаваць віно, гародніну, садавіну, то, напэўна, даводзіцца заплюшчваць вочы на парушэньні правоў чалавека, пра якія кажуць палітычныя партнэры Кішынёва».

Што да прысутнасьці малдоўскіх назіральнікаў на выбарчых кампаніях у Беларусі, то тут адзінай думкі ў іх няма, у кожнага свая, перакананы Васіліў Батнару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG