Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэньне правоў баранавіцкіх актывістаў


Віктар Сырыца

Віктар Сырыца

Пра гэта гаворыцца ў Меркаваньнях, прынятых Камітэтам ААН па правах чалавека 27 ліпеня 2012 года ў адказ на скаргу дэмакратычных актывістаў з Баранавічаў Сяргея Гоўшы, Віктара Сырыцы і Віктара Мезяка.

«Камітэт па правах чалавека, дзейнічаючы ў адпаведнасьці з пунктам 4 артыкула 5 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, лічыць, што прадстаўленыя яму факты сьведчаць аб парушэньні Беларусьсю артыкула 19 і артыкула 21 Пакта», — адзначаецца ў дакумэнце, паведамляе праваабарончы цэнтар Вясна.

Скарга актывістаў датычыла забароны правесьці мітынг «За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь» 10 верасьня 2006 года.

4 верасьня 2006 года баранавіцкі гарвыканкам адмовіў актывістам у правядзеньні мітынгу на той падставе, што сустрэча на аналягічную тэму ўжо адбылася ў памяшканьні гарадзкога выканаўчага камітэта 15 сакавіка 2006 года.

Гэтая забарона была абскарджаная ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, а потым у судовай калегіі па грамадзянскіх справах Берасьцейскага абласнога суда. Аднак скаргі актывістаў былі адхіленыя.

Камітэт па правах чалавека ААН таксама адзначае, што «дзяржава-ўдзельніца абавязана прадставіць аўтарам эфэктыўны сродак прававой абароны, уключаючы пакрыцьцё панесеных імі судовых выдаткаў і кампэнсацыю. Дзяржава-ўдзельніца таксама абавязана прыняць захады па недапушчэньні аналягічных парушэньняў у будучыні. У сувязі з гэтым дзяржаве-ўдзельніцы варта перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасьці закон «Аб масавых мерапрыемствах».
XS
SM
MD
LG