Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот у асобна ўзятай акрузе


Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і рух «За свабоду!» заклікалі партнэраў па апазыцыйнай кааліцыі і прадстаўнікоў іншых палітычных сілаў і структураў грамадзянскай супольнасьці арганізаваць сумесную кампанію актыўнага байкоту ў адной або ў некалькіх выбарчых акругах, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў.

У сумеснай заяве рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду» заклікалі выбаршчыкаў падтрымаць дэмакратычных кандыдатаў, дапамагчы ў распаўсюдзе ўлётак, арганізацыі пікетаў і сустрэч, у папаўненьні выбарчага фонду, у арганізацыі кантролю і назіраньня ў дні галасаваньня. Калі ж у акрузе няма дэмакратычнага кандыдата, выбаршчыкам прапануецца выказаць свой пратэст, ня браць удзел у галасаваньні альбо прагаласаваць супраць усіх, а таксама дапамагчы прыхільнікам байкоту распаўсюджваць улёткі і арганізоўваць пікеты. Аўтары заявы прапануюць падтрымаць ідэю актыўнага байкоту ў адной або ў некалькіх выбарчых акругах, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў. Распрацоўваць яго тэхналёгію павінен адзіны штаб. Лідэр руху «За свабоду»

Аляксандар Мілінкевіч, якому адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам, патлумачыў, што гэта прапанова прыхільнікам байкоту зрабіць разам нешта канкрэтнае:

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
«Там, дзе няма незалежных, дэмакратычных кандыдатаў абсалютна магчыма сумеснымі сіламі зрабіць кампанію байкоту. Гэта прапанова. І калі ахвотныя будуць, магчыма, зробім. Гэта больш экспэрымэнт, чым акцыя. Акцыю трэба рабіць па ўсёй краіне і ,відавочна, што ў апазыцыі магчымасьцяў ажыцьцявіць рэальны байкот няма. Але сумесна ў пэўнай акрузе ці ў некалькіх мы цалкам маглі б. Мы многа кажам „давайце байкот рабіць“. Вось ёсьць добры шанец — давайце аб’яднаемся на пэўнай акрузе і зробім. І спрэчкі перавесьці ў дзейнасьць, а не ў папрокі адзін аднаго: хто служыць рэжыму, а хто сапраўдны маральны баец».

Леў Марголін
Леў Марголін
Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін, які зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты, сказаў, што ня бачыць вялікага сэнсу ў прапанаваным падвойным падыходзе. Аднак ён лічыць нядрэннай ідэю зрабіць актыўны байкот у адной акрузе і не выключае, што яна будзе падтрымана.

«Я ня ведаю, як тут наконт аб’яднаньня, бо пазыцыя ў іх застаецца нявызначаная. Тут байкатаваць, а тут не байкатаваць, удзельнічаць. Але каб правесьці актыўны байкот, трэба вельмі шмат сілаў. І таму сканцэнтравацца на адной акрузе — гэта цікавая ідэя. Калі там сканцэнтраваць сілы двух рухаў і калі яны насамрэч гэтым актыўна зоймуцца, то ёсьць шанец хаця б на адной акрузе дамагчыся рэальнага байкоту».

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Палітык Віктар Івашкевіч, які адпачатку заклікаў да байкоту цяперашніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, ня бачыць у гэтай заяве лёгікі паводзінаў:

«Яны ж заяўлялі, што немагчыма байкатаваць тое, чаго няма. А цяпер аказалася, што магчыма. Там, дзе іх няма, байкатаваць? У іх нейкая непасьлядоўная пазыцыя. А там, дзе іх кандыдаты ідуць, то яны спадзяюцца выйграць? І там байкатаваць ня трэба? Наадварот, там дзе іх кандыдаты ёсьць, трэба выкарыстоўваць магчымасьці кандыдатаў для прапаганды сярод людзей фальшывасьці выбараў і там узмоцненымі сіламі арганізоўваць байкот. А так атрымліваецца сам ня гам і другому ня дам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG