Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Нямеччыны апраўдваецца за супрацоўніцтва зь Беларусьсю


Нямецкія сілавыя ведамствы займаліся падрыхтоўкай беларускіх кадраў у 2008 — 2010 гадах — у часе, калі былі спадзяваньні на тое, што Менск мае намер праводзіць дэмакратычныя рэформы. Пра гэта заявіў сёньня журналістам Філіп Спаўшус — прэсавы сакратар МУС Нямеччыны.

Заява прагучала ў адказ на крытычныя публікацыі ў нямецкай прэсе, якая абнародавала нядаўна дэталі супрацоўніцтва сілавых ведамстваў Беларусі і Нямеччыны ў пэрыяд паміж 2008 і 2011 гадамі. У прыватнасьці, паведамляецца, што трэнінгі на тэрыторыі Нямеччыны праходзілі каля ста супрацоўнікаў дзяржаўных структур Беларусі. Паводле нямецкай газэты Tagesspiegel, беларусы прысутнічалі ў якасьці назіральнікаў на разгоне нямецкіх антыядзерных дэманстрацыяў, дзе тамтэйшыя паліцыянты ўжывалі дубінкі, вадамёты і сьлезацечны газ.

Паўночнанямецкае выданьне Lübecker Nachrichten піша, што інтэнсіўная падрыхтоўка беларускіх сілавікоў вялася ў фэдэральнай зямлі Шлезьвіг-Гальштайн ад сьнежня 2008 цягам амаль двух гадоў. Таксама, паведамляюць пямецкія СМІ, пяць навучалых семінараў для беларусаў у 2009 — 2010 гадах былі праведзеныя ў фэдэральных землях Ніжняя Саксонія, Бадэн-Вюртэмбэрг і Саксонія. Навучаньне ў нямецкіх паліцыянтаў ўжо на тэрыторыі Беларусі атрымалі каля 400 беларускіх памежнікаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва міліцыі і крыміналістаў.

Нямецкі бок, аднак, сьцьвярджае, што трэнінгі беларускіх спэцыялістаў былі выключна тэарытычнымі, а пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году — спыненыя наогул.

Паводле інфармацыі самага чытальнага нямецкага выданьня Bild, адказныя прадстаўнікі фэдэральнай паліцыі і фэдэральнага ведамства па крымінальных справах пацьвердзілі ў размове з газэтай, што навучаньне беларускіх сілавікоў было санкцыяванае ўрадам канцлера Ангелы Мэркель. МЗС Нямеччыны было праінфармаванае пра гэтае супрацоўніцтва яшчэ ў красавіку 2008 і ўхваліла яго. Пра гэта сьведчыць электроннае ліставаньне паміж фэдэральным замежнапалітычным ведамствам і нямецкай амбасадай у Беларусі, урыўкі зь якога цытуе Bild. Так адказны чыноўнік з МЗС прасыгналізаваў у Менск тагачаснаму амбасадару, што супраць гэтага «няма нейкіх істотных пярэчаньняў», аднак, тым ня менш, парэкамэндаваў ня надта агучваць гэтую інфармацыю з тым, каб гэта ня трапіла ў непатрэбным выглядзе ў СМІ.

Аднак ужо новы нямецкі амбасадар у Беларусі, які прыступіў да працы ў сярэдзіне 2010, паставіў пад сумнеў гэты рэкамэндацыйны ліст. У сваім ліставаньні з Бэрлінам ён зрабіў наступны запыт: «На якой прававой аснове базуецца гэты праект?» Толькі больш як праз год супрацоўніцтва было спыненае.

Як паведамляе выданьне Märkische Allgemeine, з нагоды скандалу вакол падрыхтоўкі беларускіх сілавікоў у Нямеччыне найбуйнейшая апазыцыйная фракцыя ў Бундэстагу — сацыял-дэмакратычная правяла нараду, на якой было прынятае рашэньне ініцыяваць адмысловыя слуханьні ў парлямэнцкім камітэце ўнутраных справаў.

Паводле экспэрта па пытаньнях унутранай палітыкі парлямэнцкай фракцыі Міхаэля Гартмана, «той, хто паціскае руку дыктатару, дакладна ідзе на чырвонае сьвятло». Гартман лічыць неабходным, каб былі названыя імёны ўсіх паліцыянтаў, якія мелі дачыненьне да падрыхтоўкі беларускіх сілавікоў, а сам кіраўнік МУС Ганс-Пэтэр Фрыдрых (ХСС) мусіць патлумачыць, чаму ён сьвядома недакладна інфармаваў парлямэнт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG