Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта хлусьня, што кампанія 2012 году праходзіць у такой жа атмасфэры і з такімі ж магчымасьцямі, як папярэднія прэзыдэнцкія і палатавыя «выбары». Насамрэч, умовы правядзеньня «выбараў» значна пагоршыліся. Варта заўважыць, што «адсеў» няўгодных кандыдатаў, у адрозьненьне ад папярэдніх часоў, пачаўся задоўга да правядзеньня кампаніі.

Некаторыя апазыцыянэры толькі пасьля іх асабістай нярэгістрацыі пачалі заўважаць, што «ўлада не ідзе на гульню ў дэмакратыю». Бачыце, якая нечаканасьць! Зьдзіўляе «курыная сьлепата» апазыцыянэраў-удзельнікаў і апазыцыйных СМІ, якія нібыта «не заўважылі», што адсеў найбольш небясьпечных кандыдатаў пачаўся задоўга да рэгістрацыі кандыдатаў на палатавыя крэслы. Севярынец і Дашкевіч, Статкевіч ды іншыя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, многія сябры іх каманд пазбаўленыя нават магчымасьці вылучацца. Ці пры «гульнях у дэмакратыю» гэтая акалічнасьць не бралася ў разьлік?

З боку апазыцыі за апошнія месяцы шмат сказана пра фальсыфікацыі, пра адсутнасьць у Беларусі выбараў, прагучала шмат аргумэнтаў супраць удзелу ў галасаваньні.

Але 20 гадоў існаваньня рэжыму пераканаўча пацьвярджаюць яшчэ адзін тэзіс: ніхто ня можа так скампрамэтаваць дзейную ўладу, як самі ж прадстаўнікі гэтага рэжыму.

Для прыкладу, прывяду прамую выпіску з рашэньня акруговай выбарчай камісіі Шабаноўскай выбарчай акругі № 91.

«Праверыўшы адпаведнасьць парадку вылучэньня Казлоўскага Паўла Паўлавіча кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ... кіруючыся часткай сёмай артыкула 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, акруговая выбарчая камісія вырашыла: адмовіць Кавальковай Вользе Аляксандраўне ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў па Шабаноўскай выбарчай акрузе № 91».

У дадзеным выпадку, стары савецкі тэзіс «улада добрая, але асобныя недахопы на месцах маюцца» мог бы спрацаваць, калі б не другі дакумэнт, «створаны» гэтай жа камісіяй.

Другі «твор» беларускай выбарчай кампаніі — надрукаваныя бюлетэні для галасаваньня з прозьвішчамі кандыдатаў.

Да афіцыйнай адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам ад апазыцыі стосы надрукаваных бюлетэняў ужо знаходзіліся ў памяшканьні выбарчай камісіі. (Пры тым, што па законе, ёсьць 3 дні для абскарджаньня рашэньняў акруговых камісій!)

Якія б заявы цяпер не рабілі з гэтай нагоды Лазавік і Ярмошына, лічыць, што выбарчая камісія ў гэтай справе дзейнічала самастойна, было б проста сьмешным.

Ня трэба быць празорцам, каб вызначыць, што ў палату прадстаўнікоў ад 91-й акругі патрапіць Нехайчык Аксана Ўладзіміраўна, старшыня Завадзкой раённай арганізацыі аб'яднаньня «Белая Русь». Патрапіць гэтак жа непазьбежна і так жа «законна», як трапіла яе прозьвішча ў бюлетэнь для галасаваньня.

Дык зь якой нагоды «засмучаюцца» вылучэнцы ад апазыцыі, што меліся ісьці «да канца»? З той, што замест іх прозьвішча ў бюлетэнях засталіся прозьвішчы такіх, як Нехайчык? З той, што іх падманулі, ці з той, што яны дарэмна пераконвалі людзей, што ў Беларусі магчыма быць абраным, а не прызначаным?

Да 23 жніўня ўдзельнікі лямантавалі: «Толькі не крытыкуйце нас! Мы ж таксама апазыцыя. Мы ўсе за адно змагаемся!»

Зьвяртаюся зараз да ўсіх вылучэнцаў, што называюць сябе апазыцыянэрамі: хопіць рабіць мабілізацыю беларусаў на выбары! Перастаньце быць саўдзельнікамі ў спэктаклі рэжыму!

Далучайцеся да кампаніі байкоту!

А калі не, то не лямантуйце пасьля 23 верасьня аб тым, што з вамі не жадаюць супольна працаваць іншыя палітычныя арганізацыі, што актыўныя карыстальнікі інтэрнэту вас ня любяць, а беларускі народ не падтрымлівае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG