Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, што адбылася на гэтым тыдні, некаторых зьдзівілі, некаторых расчаравалі, некаторым далі чарговую нагоду пакпіць са сваіх калегаў. Але ніякай радасьці нават у тых, што атрымаў статус кандыдата, назіраць не давялося. Званкі-віншаваньні з рэгістрацыяй я сустракаў са зьдзіўленьнем. Рэгістрацыя, вядома — лепшая опцыя, чым адмова. Але ў цяперашняй сытуацыі яе нельга лічыць ані дасягненьнем, ані каштоўным шанцам на будучыню. Проста вызначэньне фармату працы па бліжэйшы месяц.

Тых, хто мог бы атрымаць пазытыўныя эмоцыі і дадатковую матывацыю ў выніку рэгістрацыі, выбарчыя камісіі якраз і пакінулі па-за бортам кампаніі. Не зарэгістравалі вялікую колькасьць з тых, хто ад самага пачатку ставіў сабе на мэце змагацца за галасы выбаршчыкаў, хто імкнуўся да электаральнай перамогі на выбарчых участках. Насуперак самым падставовым пастулятам тэорыі байкоту-2012 аб тым, што уладам вельмі патрэбныя прадстаўнікі апазыцыі ў бюлетэнях, якія б у дадатак заклікалі сваіх прыхільнікаў прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, улады пазбавіліся менавіта тых лідэраў і актывістаў дэмакратычнага руху, што плянавалі заставацца ў кампаніі да этапу галасаваньня і, адпаведна, актыўна заклікалі б людзей прыходзіць і галасаваць за іх. І, наадварот, у пераважнай большасьці былі зарэгістраваныя кандыдаты ад Партыі БНФ і ад АГП, якія з высокай верагоднасьцю будуць зьнятыя партыйным рашэньнем.

Аб чым могуць сьведчыць такія дзеяньні ўладаў? Па-першае, яны імкнуцца захаваць людзей пасіўнымі і абыякавымі. Напэўна, гэта самая галоўная мэта. Па-другое, яны хочуць зьняць напругу з кіраўніцтва ўчастковых камісіяў, а таксама з усёй выбарчай вэртыкалі. Відавочна, што на некаторых акругах, дзе дэмакратычныя палітыкі плянавалі ісьці да канца, асабліва ў Менску, улады хоць і забясьпечылі б патрэбны сабе вынік, але зрабіць гэта «элегантна», ціха і прыгожа было б немагчыма. Па-трэцяе, менавіта цяпер ва ўладаў пачынае намалёўвацца, як адзін з магчымых, варыянт допуску міжнародных назіральнікаў на асобных акругах да падліку галасоў. Таму што ў бюлетэнях сапраўды ня будзе канкурэнтаў праўладным кандыдатам — адных не зарэгістравалі, іншыя зьняліся самыя. Я асабіста лічу такі варыянт кантраляванай свабоды для міжнародных назіральнікаў вельмі малаверагодным, бо ўладныя паліттэхнолягі аддаюць перавагу простым і правераным крокам у 99% выпадкаў. Але дадатковую прастору для палітычнага манэўру яны сабе зарэзэрвавалі.

Ёсьць яшчэ адна мэта ўладаў менавіта ў такім падыходзе да рэгістрацыі кандыдатаў. На маю думку, яны імкнуцца або рэальна пашырыць разрыў паміж дэмакратычнымі актывістамі і народам, або хаця б атрымаць дадатковыя аргумэнты на карысьць стварэньня ўражаньня такой адарванасьці. Мне невядомы ніводзін праўладны кандыдат, за вылучэньне якога не былі б сабраныя подпісы людзей. У сытуацыі, калі зарэгістраваныя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у пераважнай большасьці вылучаныя сваімі партыямі, агітацыйная дзяржаўная машына можа (і, я перакананы, будзе) вельмі актыўна раскручваць тэзу аб тым, што апазыцыянэры ня маюць ніякай падтрымкі людзей, што не сабралі нават па тысячы подпісаў за сваё вылучэньне, у адрозьненьне ад сапраўдных прадстаўнікоў народу, якія выступаюць у падтрымку палітычнага і сацыяльна-эканамічнага курсу кіраўніцтва краіны.

У гэтых умовах нам належыць канцэнтравацца ў сваіх зваротах да людзей на самым важным — неабходнасьці абароны нацыянальных інтарэсаў, адстойваньня сапраўднай незалежнасьці, ратаваньня нацыі і дзяржавы ад зьнікненьня. Толькі пры такой пастаноўцы пытаньня мы можам ня толькі прыцягнуць на свой бок новых прыхільнікаў, але і абмінуць тыя прапагандысцкія пасткі, у якія нас імкнуцца скіраваць дзяржаўныя ідэолягі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG