Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчаць вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты?


На 110 дэпутацкіх месцаў зарэгістравана 363 прэтэндэнты. Якія можна зраіць высновы па выніках гэтага этапу выбарчай кампаніі? Ці шмат кандыдатаў страціла апазыцыя? У чым асаблівасьці цяперашняй выбарчай кампаніі?

Удзельнікі: старшыня Партыі БНФ, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксей Янукевіч зь Менску і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Леў Марголін з Барысава.

Высновы па выніках гэтага этапу выбарчай кампаніі


Валер Карбалевіч: «Кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў было вылучана 494 чалавекі, а зарэгістравана — 363 прэтэндэнты. На 90 чалавек больш, чым на выбарах 4 гады таму. То бок не была зарэгістравана чвэрць прэтэндэнтаў. Атрымоўваецца на адно месца прэтэндуе больш за тры кандыдаты. Што можна сказаць пра тактыку ўлады па выніках рэгістрацыі кандыдатаў?»

Аляксей Янукевіч: «Вынікі рэгістрацыі даюць магчымасьць зрабіць дзьве асноўныя высновы. Першае. Улады імкнуліся ўжо на гэтым этапе выключыць з кампаніі тых, хто актыўна працаваў у сваіх акругах падчас збору подпісаў, і тых, хто дэкляраваў, што будзе ісьці да канца, не здымецца з выбараў. Каб пазьбегнуць пазьней нейкіх патэнцыйных нечаканасьцяў падчас падліку галасоў.

Другое. Не зарэгістравалі тых прэтэндэнтаў, хто вылучаўся менавіта праз збор подпісаў, а зарэгістравалі тых, хто вылучаўся ад партый. Гэта робіцца дзеля таго, каб давесьці насельніцтву, што апазыцыя адарваная ад народу. Маўляў, глядзіце, апазыцыянэры не пайшлі зьбіраць подпісы, бо баяцца народу, а вылучаюцца праз партыі. А вось кандыдаты, якія падтрымліваюць палітыку ўлады, у пераважнай большасьці вылучаюцца праз збор подпісаў. Думаю, прапаганда будзе выкарыстоўваць гэтую акалічнасьць».

Леў Марголін: «У мяне трохі другое тлумачэньне таго факту, што не зарэгістравалі найперш тых апазыцыянэраў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. Бо пры праверцы подпісаў лягчэй знайсьці нейкія хібы.

А не зарэгістраваць тых, хто вылучаецца ад партый, цяжэй. У гэтым выпадку ёсьць толькі адна магчымасьць прычапіцца: няправільна запоўнена дэклярацыя аб даходах. Вось у нас у Барысаве не зарэгістравалі актывіста АГП Васільева на той падставе, што ён не задэкляраваў стары прычэп. Ён даводзіць, што прычэп ня ёсьць „мэханізаваны транспартны сродак“. А выбарчая камісія адказвае, што прычэп жа зарэгістраваны ў ДАІ.

Акрамя таго, сярод прэтэндэнтаў, якія зьбіралі подпісы, была нейкая частка людзей трохі наіўных, рамантыкаў. Яны лічылі што проста выканаўшы усе працэдуры можна стаць кандыдатам, а можа і дэпутатам. Вось ім і паказалі, што гэта ня так. Напрыклад, у нас у Барысаве вылучалася ад працоўнага калектыву намесьніца дырэктара цэнтру сацыяльнай дапамогі. Аднак яна зьняла сваю кандыдатуру, тлумачачы, што, нібыта, кудысьці раптам зьязджае. Думаю, напэўна, яе выклікалі, куды трэба, добра растлумачылі, яна ўсё зразумела і хуценька сышла з кампаніі».

Роля мясцовай ўлады


Карбалевіч: «Каго ўлады вылучаюць у якасьць сваіх кандыдатаў, будучых дэпутатаў? Якія тут тэндэнцыі можна заўважыць?»

Янукевіч: «У вялікіх гарадах на акругах ёсьць некалькі прэтэндэнтаў, якіх можна лічыць кандыдатамі ад уладаў. Таму не заўсёды пакуль можна ідэнтыфікаваць галоўнага кандыдата. Аднак у цэлым па краіне ня бачу істотных зьменаў у параўнаньні зь мінулымі выбарамі. Там ёсьць як прадстаўнікі дзяржаўных адміністрацыяў, так і мэдыкі, выкладчыкі, якія традыцыйна карыстаюцца павагай грамадзтва».
Падаецца, што адбываецца канкурэнцыя розных дзяржаўных структур за магчымасьць правесьці свайго дэпутата

Марголін: «Падаецца, што адбываецца канкурэнцыя розных дзяржаўных структур за магчымасьць правесьці свайго дэпутата, якія будуць выконваць ролю лабістаў. Бо Палата прадстаўнікоў у нас не парлямэнт, а інстытут лабістаў. Таму сярод кандыдатаў ад улады ёсьць прадстаўнікі адміністрацый, сілавых структураў, устаноў аховы здароў’я і інш. Да дня выбараў працэс узгадненьня пройдзе, і будзе вызначаны адзін кандыдат ад улады ў кожнай акрузе. А пакуль карціна стракатая».

Карбалевіч: «А хто вызначае тактыку ў гэтай кампаніі: адміністрацыя прэзыдэнта ці мясцовая вэртыкаль? Можа стракатасьць карціны якраз і тлумачыцца тым, што менавіта мясцовыя ўлады вядуць рэй у гэтай справе. А паколькі у кожным рэгіёне яны ацэньваюць сытуацыю па-рознаму, то адсюль і такая стракатасьць?»

Янукевіч: «Пасьля выпадку з групай „Рэспубліка“ генэрала Фралова, пытаньне аб кандыдатах ад улады канчаткова вырашаецца выключна цэнтральнай уладай. Нагадаю, што Фралоў і шэраг іншых дэпутатаў былі вылучаны мясцовымі ўладамі, прайшлі праз іх сіта, а ў выніку перайшлі ў апазыцыю».

Марголін: «Ня думаю, што на самым версе вызначаюць, хто пойдзе кандыдатам ад улады ў нейкім раёне. Безумоўна, там гэтыя сьпісы строга правяраюць. Аднак канкрэтныя кандыдатуры вызначаюцца на больш нізкім узроўні.

Што тычыцца кандыдатаў ад апазыцыі, то ў гэтым пытаньні інтарэсы вышэйшай улады і мясцовай вэртыкалі трохі разыходзяцца. Цэнтральная ўлада зыходзіць з таго, што чым больш кандыдатаў у акрузе, у тым ліку, апазыцыйных, тым лепш вонкава выглядаюць нашы выбары. І гэта дае падставу Цэнтрвыбаркаму з гонарам казаць, што на гэтых выбарах кандыдатаў зарэгістравана больш, чым на мінулых. А мясцовай вэртыкалі чым менш кандыдатаў, асабліва апазыцыйных, тым менш праблемаў пры агітацыйнай кампаніі, падліку галасоў. Гэтым тлумачыцца і тое, што часам Цэнтравыбаркам ці Вярхоўны суд адмяняюць рашэньні акруговых камісій аб нерэгістрацыі кандыдатаў».

Роля партый


Карбалевіч: «Прадстаўнікі Цэнтрвыбаркаму, у прыватнасьці Ярмошына, акцэнтуюць увагу, што цяпер больш кандыдатаў вылучана ад партый. Ці можам мы казаць пра ўзрастаньне ролі партый у выбарчым працэсе? Чым гэта патлумачыць?»

Янукевіч: «У пэўнай ступені гэта вынік зьмены выбарчага заканадаўства. Цяпер партыя можа вылучыць сваіх кандыдатаў нават у тых акругах, дзе не зарэгістравана пярвічная партыйная арганізацыя.

Уладам варта было б рухацца ў кірунку павышэньня ролі партый у палітычным працэсе. Можна было б палову парлямэнту выбіраць па партыйных сьпісах. Гэта прыдало б яму прывабнасьць, не зьмяняючы ягоную сутнасьць.

Але цяпер партыі ня могуць нармальна працаваць з насельніцтвам у пэрыяд паміж выбарамі. Таму размовы пра ўзрастаньне ролі партый у выбарчым працэсе — гэта фікцыя».

Марголін: «Гэтая сытуацыя, пра якую кажа Ярмошына, на 90% вынік зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Бо ў дзейных партый мала зарэгістраваных арганізацый у рэгіёнах. Таму што для гэтага трэба мець юрыдычны адрас, офіс, а ўлады ствараюць тут перашкоды. І магчымасьць вылучаць кандыдатаў па ўсёй краіне спрасьціла партыям справу.

Але такая новая магчымасьць прывяла да кур’ёзу. У нас ёсьць такая экзатычная арганізацыя як Сацыяльна-спартыўная партыя, пра якую ніхто ня чуў. Дык вось яна вылучыла больш за 500 сябраў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Але адначасова яна вылучыла толькі аднаго кандыдата ў дэпутаты».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG