Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: «Дыпляматычны канфлікт з Кіргізстанам іншы, чым канфлікт з ЭЗ»


Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў камэнтуе адкліканьне Кіргізстанам амбасадара зь Беларусі.

«Ёсьць пэўныя працэдуры ў дыпляматычнай практыцы, якія прымяняюцца ў пэўных краінах пры пэўных сытуацыях. Як з тым жа самым Кыргызстанам. Усё так навідавоку: апублікаваныя фота самога Бакіева і брата Бакіева, якія ў вышуку, якія абвінавачваюцца ў розных крымінальных справах. Мінск у адкрытую, цынічна гэта ігнаруе. І адна з формаў уплыву — гэта адкліканьне амбасадара, разрыў дыпляматычных стасункаў і г.д. Я б не зьвязваў гэта ўсё ў адну кучу з тым, што адбываецца з Эўрапейскім зьвязам, бо там праблематыка абсалютна іншая і зусім іншыя яго нагоды. Вось зараз у Беларусі склаліся такія дыпляматычныя варункі, што розныя абсалютна краіны і па розных падставах прымяняюць адны і тыя ж інструмэнты, каб паўзьдзейнічаць на Беларусь.

Сытуацыя з адкліканьнем амбасадара Кіргызстанам — гэта ня толькі „пісанае“ дыпляматычнае права. Гэта заўсёды адлюстраваньне ўнутрыпалітычных рэчаў, якія прымушаюць улады Кіргізстана рабіць тыя ці іншыя дзеяньні. Трэба ведаць, якія цяпер расклады ва ўнутранай эліце Кіргізстана, наколькі важная праблема выдачы ці нявыдачы Бакіева, наколькі гэта ўплывае на грамадзкае меркаваньне. І ўжо з гэтага рабіць высновы, навошта яны пайшлі на адкліканьне амбасадара».

Міністэрства замежных справаў Кіргізстану з 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзеньня кансультацый, паведаміла агенцтва КірТАГ. «Гэты захад прыняты ў сувязі з адсутнасьцю рэакцыі кампэтэнтных органаў беларускага боку на вэрбальную ноту ад 21 жніўня г.г. і заяву МЗС Кіргізстану ад 22 жніўня г.г. адносна знаходжаньня грамадзяніна Кіргізскай Рэспублікі Джаныбека Бакіева на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, які расшукваецца праваахоўнымі органамі Кіргізстану і Інтэрполам за ўчыненыя раней асабліва цяжкія крымінальныя злачынствы,» — гаворыцца ў паведамленьні кіргізскага МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG