Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду»: Улада адсекла тых, хто сапраўды правёў кампанію актыўна


Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

З 25 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», якія прэтэндавалі на мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі 13 чалавек.

12 актывістам у рэгістрацыі было адмоўлена. Усе яны вырашылі абскарджваць рашэньні акруговых камісій у ЦВК.

Актывісты кампаніі «Гавары праўду!» агулам за 25 прэтэндэнтаў сабралі больш за 40 тысяч подпісаў. З 12-ці прэтэндэнтаў, якіх не зарэгістравалі, 11-ці адмовілі, спаслаўшыся на нібыта сфальшаваныя подпісы. Кіраўнік выбарчага штабу кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў кажа:

«Мы ўпэўнены ў кожным подпісе, менавіта таму тыя адмовы, якія атрымалі нашы кандыдаты, мы лічым палітычна матываванымі. Улада вырашыла на гэтым этапе зьняць тых, хто сапраўды правёў гэту кампанію актыўна, і было зразумела, што яны і надалей будуць праводзіць актыўную кампанію, уцягваць людзей у палітыку, надалей казаць, што неабходна, каб мы прадстаўлялі інтарэсы грамадзян, і грамадзяне адчувалі, што іх інтарэсы хтосьці абараняе».

Жанна Солап, якой Коласаўская акруговая камісія сталіцы адмовіла ў рэгістрацыі па прычыне несапраўдных подпісаў, кажа:

Жанна Солап

Жанна Солап

«Я сама зьбірала за сябе подпісы, і ў сваіх подпісах я ўпэўненая на 200% і нават на 1000%. У тым, што і дату і подпісы ставілі самі выбарцы. Я буду абскарджваць рашэньне акруговай камісіі і патрабаваць, каб зноў экспэртызу подпісаў праводзілі».

Мужу Жанны Аляксандру Солапу, які вылучаўся ў Слуцкім раёне, таксама адмовілі ў рэгістрацыі па той самай прычыне: шмат подпісаў забракавана. Ён таксама перакананы ў сапраўднасьці подпісаў, сабраных за яго:

«Я лічу, калі подпісы фальсыфікаваныя, трэба прыцягнуць да адказнасьці тых людзей, якія гэта зрабілі. Калі сфальсыфікавалі мы ці нашы зборшчыкі, трэба прыцягнуць да адказнасьці нас. Калі гэта было зроблена ў акруговых камісіях, значыць, прыцягнуць іх. Таму што кожны наш подпіс выхаджаны потам, кожны подпіс сапраўдны на 100%».

Не зарэгістраваныя кандыдаты ў тых акругах, дзе кампаніяй «Гавары праўду» былі праведзеныя заўважныя грамадзкія акцыі. У Смалявіцкім раёне, дзе грамадзяне масава пратэставалі супраць будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, у Сьветлагорску, дзе людзі выступаюць супраць будаўніцтва завода сульфатна-беленай цэлюлёзы, у Рагачове, дзе прайшла кампанія за вяртаньне «Дажынак-2013» у горад.

Валянціна Каляка

Валянціна Каляка

Актывістка Валянціна Каляка са Смалявічаў распавяла, як адразу ж за зборшчыкамі подпісаў раённае начальства паехала па вёсках і прымушала людзей адмаўляцца ад подпісаў:

«Вось тая самая бабуля, якая спачатку падпісалася, а потым быццам бы адмовілася ад подпісу, кажа: «Ну, як я магу не паслухаць старшыню сельскага Савету? Яна мне і цьвікамі дапаможа, і дошкі дасьць, а што мне гэты кандыдат? Я яго ў вочы ня бачыла». Я кажу: «Дык гэта ж, бабулечка!». А тая ў мяне пытаецца: «А што ж ты такое зрабіла? Толькі вы зьехалі, адразу ж прыехалі з Лагойску на цябе нешта зьбіраць».

Кіраўнік выбарчага штабу «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў адзначыў, што кампанія на гэтых выбарах мела ўнікальны сьпіс людзей, якія гатовыя былі змагацца за дэпутацкае крэсла:

«Больш за палову людзей — гэта былі новыя людзі, якія прыйшлі да нас праз сацыяльныя акцыі. І мы бачым, што менавіта на іх быў асноўны ціск і па іх быў асноўны ўдар. Як вось Валянціна Каляка ў Смалявічах, як Дзяніс Дашкевіч у Рагачове, муж і жонка Солапы. Гэта тая новая большасьць, якая хоча, каб у іх былі правы і гэтыя правы былі абароненыя. І самая галоўная мэта — каб яны засталіся актыўнымі, каб яны прыцягвалі новых людзей і рухаліся далей і пасьля выбараў».

Многія акруговыя камісіі, якія прызналі подпісы несапраўднымі, адмовіліся паказаць патэнцыйным кандыдатам матэрыялы праверак. Але ўсе незарэгістраваныя прэтэндэнты ўжо папрацавалі зь юрыстамі і падалі скаргі у ЦВК. Намесьнік старшыні выбарчага штабу кампаніі «Гавары праўду!» Сяргей Вазьняк выказаў такое меркаваньне:

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк

«Мы перакананыя, што частка з нашых скаргаў нават у нашай неправавой дзяржаве павінна быць задаволеная, таму што ёсьць абсалютна абсурдныя матывацыі ў рашэньнях камісій. Але ня гэта самае галоўнае. Самае галоўнае, што мы працавалі да старту выбарчай кампаніі, мы працуем у пэрыяд выбарчай кампаніі. І мы не сыдзем пасьля 23 верасьня. Будзем працаваць далей».

На актыўную працу настроеныя і актывісты кампаніі. Аляксандар і Жанна Солапы кажуць:

«Што б ні адбылося, мы і далей будзем працаваць зь людзьмі. У нас ёсьць „Грамадзянская дамова“ і які б адказ не прыйшоў, будзем прадстаўляць інтарэсы грамадзянаў».

24 жніўня грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» і Рух «За Свабоду!» прынялі сумесную заяву ад адзінай тактыцы дэмакратычных сілаў падчас выбарчай кампаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG