Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступ кандыдата Аляксея Гаўруцікава пагражаюць не пусьціць у тэлеэфір


Падчас запісу тэлевыступу віцебскі сацыял-дэмакрат з «Народнай Грамады» Аляксей Гаўруцікаў некалькі разоў дэманстраваў гледачам партрэт Мікалая Статкевіча і казаў, што патрабуе вызваліць палітвязьняў.

Дырэктар Тэлерадыёкампаніі «Віцебск» заявіў, што Статкевіч — «крымінальнік», і што будзе раіцца ў ЦВК, ці трансьляваць такі выступ апазыцыйнага кандыдата.

Аляксей Гаўруцікаў, давераная асоба Мікалая Статкевіча падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў, уключыў у сваю перадвыбарчую праграму патрабаваньне вызваліць палітвязьняў.

Пра гэта ён і казаў у сваім тэлевыступе: «Я казаў, што зьяўляюся членам аргкамітэту па стварэньні партыі „Народная грамада“, лідар якой Мікалай Статкевіч. Паказваю партрэт Статкевіча, кажу, што ён сядзіць у турме за пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Кажу, што я выступаю за вызваленьне Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязьняў. І напрыканцы, калі разьвітваюся, кажу: „Да сустрэчы на выбарах. Жыве Беларусь! Свабоду палітвязьням!“ І зноў паказваю Мікалая Статкевіча».

Пасьля таго, як скончыўся запіс, распачаўся скандал, працягвае спадар Гаўруцікаў: «Я скончыў выступ, сяджу. Тут забягае мужчына і пачынае начальніцкім тонам тлумачыць, што я «ва ўмовах сучаснага рэжыму паказаў партрэт крымінальніка», і што гэта недапушчальна. Я спытаўся, з кім размаўляю. Ён адказаў:"Я дырэктар тэлерадыёкампаніі Камовіч. Давайце перазапішам ваш выступ". Я сказаў, што, як юрыст, добра ўсьведамляю, што я раблю. І што перазапісваць нічога ня буду!"

Спадар Гаўруцікаў мяркуе, што прэтэнзіі ў дырэктара тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Анатоля Камовіча выклікала ня толькі дэманстрацыя партрэта палітвязьня Статкевіча. Бо такі самы партрэт трымала ў руках і кандыдатка ў дэпутаты Алена Фаміна, якая запісвалася на тэлебачаньні перад ім.

Аляксей Гаўруцікаў цытуе яшчэ адзін фрагмэнт свайго выступу: «Я пералічваў, што я дасьведчаны юрыст, што 7 год быў дэпутатам гарсавету, і потым сказаў, што выступаю за перамены ў краіне, аж да адстаўкі цяперашняга кіраўніка краіны, якога лічу вінаватым у эканамічным крызысе і ягоных сёньняшніх наступствах. Я мяркую, што вось гэтая фраза „напружыла“ дырэктара Камовіча!»

Выступ Аляксей Гаўруцікава, кандыдата па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18, павінна трансьлявацца па тэлебачаньні 27 жніўня. Але дырэктар тэлерадыёкампаніі сказаў, што мусіць узгадніць трансьляцыю з ЦВК.

У 2004 годзе Цэнтарвыбаркам ужо забараняў тэлевыступ Аляксея Гаўруцікава, які падчас пазамінулай парлямэнцкай выбарчай кампаніі дазволіў сабе пакрытыкаваць абласное кіраўніцтва. Тады ў ЦВК вырашылі, што ён абразіў вышэйшых службовых асобаў, трансьляцыю выступу адмянілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG