Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Прашу зьняць маю кандыдатуру з выбараў...»


Многія зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты ўжо вядуць агітацыйную кампанію. Тым часам некаторыя вылучэнцы ад дэмакратычных партыяў здымаюцца з выбараў, а яшчэ некалькі праз Цэнтрвыбаркам абскарджваюць рашэньні акруговых выбарчых камісіяў.
Гарадзеншчына: Дырэктар забараняе кандыдату выкарыстаць для агітацыі ягоны адпачынак

Некаторыя апазыцыйныя кандыдаты на Гарадзеншчыне кажуць, што агітацыю даводзіцца пачынаць з вырашэньня рознага кшталту праблемаў, а не з таго, каб ісьці і размаўляць з выбарцамі. Так, кандыдат ад партыі БНФ па Гарадзенскай Цэнтральнай акрузе № 50 Вадзім Саранчукоў кажа, што першы агітацыйны дзень давялося пачаць са скаргі ў гарвыканкам. Саранчукоў патрабуе, каб гарвыканкам дазволіў выкарыстоўваць пляцоўкі для агітацыі ў цэнтры горада, што былі дазволеныя летась, а сёлета іх выкрэсьлілі са сьпісу.

Саранчукоў: «Улады бачылі, што на гэтых месцах былі праявы дэмакратыі падчас выбараў у 2010 годзе, і вырашылі прыкрыць іх. Калі тады літаральна кожны дзень на гэтых месцах стаялі пікеты, быў пастаянны кантакт зь вялікай колькасьцю выбарцаў і мала абмежаваны міліцыянтамі то, відавочна, сёлета вырашылі не рызыкаваць».


У сваім выступе для радыё я сказаў, што людзі маюць права байкатаваць гэтыя выбары

Слонімскі актывіст Віктар Марчык, які працуе ахоўнікам ААТ «Птушкафабрыка Слонімская» зарэгістраваны кандыдатам па Мастоўскай акрузеі № 56. Сёньня раніцай ён пайшоў да дырэктара прадпрыемства Віктара Зайкоўскага, каб падпісаць заяву на адпачынак на пэрыяд кампаніі.

Дырэктар, паводле Марчыка, хоць і ведае, што ён зарэгістраваны кандыдатам, падпісваць заяву адмовіўся, паколькі той неаднойчы публічна праз інтэрнэт пісаў пра розныя выпадкі безгаспадарчасьці на птушкафабрыцы.

Марчык: «У мяне з дырэктарам асаблівыя адносіны — скажам так. А таму ён сказаў, што пакуль не атрымае афіцыйнага пацьверджаньня, то нічога не падпіша».



Кандыдат ад АГП Юры Істомін запісаў сёньня свой выступ на радыё ў якім заклікаў выбарцаў да байкоту. Па рашэньні партыі кандыдатам ад АГП забаронена браць грошы, пералічаныя з Цэнтрвыбаркаму. І толькі, калі яны змогуць самі знайсьці сродкі, то тады будуць ладзіць пікеты з друкаванай прадукцыяй за байкот выбараў.

Істомін: «Заканадаўча я зрабіў усё нармалёва, нікога не заклікаў да рэвалюцыі, толькі сказаў, што людзі маюць права байкатаваць гэтыя выбары альбо не. Усе юрыдычныя нормы мною выкананы, і я лічу, што выступ павінен прагучаць у прызначаны выбарчай камісіяй час»

Гомельшчына: Дэмакратычную актывісту падтрымаюць двое экс-кандыдатаў на прэзыдэнта


Сёньня на Гомельшчыне кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў запісаў на абласным тэлебачаньні свой зварот да выбарцаў.

Васіль Палякоў перадусім паведамляе: «Галоўная ідэя ў маім выступе — гэта тое, што рэчы трэба называць сваімі імёнамі і казаць так, як ёсьць, а не нешта выдумляць. Калі няма выбараў, то трэба й казаць, што няма выбараў».

Свой выступ кандыдат падмацоўваў прыкладамі з папярэдняй выбарчай кампаніі, якая была чатыры гады таму:

«У маім выступе ёсьць прыклады, калі назіральнікі фіксавалі рэальную яўку, лічылі кожнага выбарца — і разыходжаньні з афіцыйнымі зьвесткамі былі ў 2 разы. У Савецкай акрузе ў 2008 годзе яўка была самая нізкая — 35-40 працэнтаў, а паказалі — 57, па краіне — паказалі 80 працэнтаў. Ня трэба хадзіць на выбары і ўдзельнічаць у тым, чаго няма».

Спадар Палякоў і яшчэ двое кандыдатаў напісалі заявы на ўдзел у тэледэбатах. Аднак праўладны кандыдат, дырэктар цеплавых сетак Міхаіл Пачынок такой формай агітацыі не зацікавіўся.

Не пагадзіўся ўдзельнічаць у тэледэбатах з апазыцыйным кандыдатам, сябрам АГП Маратам Афанасьевым і старшыня Рэчыцкага райвыканкаму Пётар Шостак, зарэгістраваны кандыдатам у Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе № 38.


Дэмакратычную прэтэндэнтку на дэпутацкі мандат у Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе № 35, сябра руху «За свабоду!» Галіну Краўчанку ў агітацыйнай кампаніі падтрымаюць двое экс-кандыдатаў на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Рыгор Кастусёў.

Краўчанка: «Сапраўды, Кастусёў і Мілінкевіч пагадзіліся ўзяць удзел у маёй агітацыйнай кампаніі. Разам са мною яны будуць сустракацца з выбарцамі. У сваёй Народнай праграме мы раскажам пра комплекс канкрэтных дзеяньняў у палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай сфэры дзеля паляпшэньня якасьці жыцьця нашых людзей, каб беларусы былі заможнымі, здаровымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні».

Меншчына: «Я адмаўляюся ад удзелу ў выбарах, каб было спакойна маім дзецям»

У Вялейскай выбарчай акрузе № 74, што на Меншчыне, першым адмовіўся ад удзелу ў выбарах кандыдат на дэпутата Іосіф Маціюн — вылучэнец партыі левых «Справядлівы сьвет». Ён заставаўся ў сваёй акрузе адзіным супернікам для праўладнага кандыдата Віктару Русака — начальніка галоўнай управы эканамічнай бясьпекі КДБ.

Сваю адмову ад рэгістрацыі Іосіф Маціюн патлумачыў менавіта запалохваньнем яго з боку супрацоўнікаў спэцслужбаў:

«Ну, прыйшлі ў школу, дзе я працаваў раней і запытвалі, дзе жывуць й працуюць мае дзеці? А пасьля, калі мяне ўжо рэгістравалі, то там Русак Віктар Уладзімеравіч, якога таксама рэгістравалі па нашай акрузе, сказаў: „Мы цікавімся ўсімі...“

Тады і я заявіў, што дзеля таго, каб было спакойна маім дзецям, я адмаўляюся. І ўсё. Больш чаго-небудзь дадаць не магу....»

Не атрымалася стаць канкурэнтам супрацоўніку КДБ і вылучэнцу ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімеру Малярчуку. Яшчэ 10 гадоў таму ён прадаў сваё лецішча, але яго цяперашні гаспадар не зарэгістраваў ўжо сваё лецішча ў дзяржаўнай кадастравай агенцыі. І за гэту чужую памылку чамусьці церпіць цяперУладзімер Малярчук. Ён кажа:

«Гэта поўны абсурд... таму я паслаў скаргу ў Цэнтрвыбаркам...»

Уладзімер Малярчук упэўнены, што мясцовыя чыноўнікі дамагаюцца забясьпечыць для праўладнага кандыдата адсутнасьць хоць якой-небудзь альтэрнатывы. Дзеля чаго? Уладзімер Малярчук:

«Проста ёсьць глуш, якая ціхая. І ёсьць глуш, якая бурліць хоць крыху. А каб не было гэтага бурленьня, мясцовыя чыноўнікі спрабуюць задушыць праявы дэмакратыі».
XS
SM
MD
LG