Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ прыбываюць у Беларусь


24 жніўня доўгатэрміновыя назіральнікі за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі ад Бюро ў дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ пачалі прыбываць у Беларусь.

Пра гэта Інтэрфаксу паведаміў сьпікер варшаўскага офіса БДІПЧ АБСЭ Томас Раймер.

Ён адзначыў, што БДІПЧ АБСЭ накіравала ў Беларусь 36 доўгатэрміновых назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца 23 верасьня. Экспэрты будуць працаваць парамі ў розных рэгіёнах краіны, назіраючы за працэсам у перадвыбарчы пэрыяд, у дзень выбараў і адразу пасьля іх.

Акрамя таго, за ходам выбараў будуць сачыць 270 кароткатэрміновых назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ, якія будуць разгорнутыя непасрэдна перад выбарамі па ўсёй краіне ў камандах па два чалавекі для маніторынгу адкрыцьця выбарчых участкаў, галасаваньня, падліку галасоў і падвядзеньня вынікаў.

Раней паведамлялася, што 21 жніўня ў Менску ўжо пачала працу асноўная каманда назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ, якая складаецца з 11 супрацоўнікаў, што прадстаўляюць 8 дзяржаў-удзельніц АБСЭ.

«Місія назіральнікаў будзе ацэньваць гэтыя выбары на прадмет іх адпаведнасьці абавязальніцтвам АБСЭ і іншым міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў, а таксама нацыянальнаму заканадаўству», — сказана на сайце БДІПЧ АБСЭ.

Назіральнікі будуць сачыць за агітацыйнай дзейнасьцю, працай выбарчай адміністрацыі і адпаведных дзяржаўных устаноў, за захаваньнем заканадаўчай базы і дазволам выбарчых спрэчак. У рамках місіі назіральнікі будуць весьці комплексны маніторынг сродкаў масавай інфармацыі.

Пасьля выбараў БДІПЧ зробіць заяву аб папярэдніх высновах на прэс-канфэрэнцыі. Канчатковая справаздача аб назіраньні ўсяго выбарчага працэсу будзе апублікавана прыкладна праз восем тыдняў пасьля завяршэньня назіральнай місіі.
XS
SM
MD
LG