Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхатэрапэўт: «Мілене можна і трэба было дапамагчы»


Дом, дзе жыла Мілена Ануфрыёнак
Дом, дзе жыла Мілена Ануфрыёнак
Псыхатэрапэўт Сяргей Давідоўскі кажа, што самагубства Мілены Ануфрыёнак і яе дзяцей — ня першы выпадак. Папярэдні, па ягоных словах, адбыўся недзе паўтара года таму.

Ён адмаўляецца разважаць пра прычыны, якія прывялі да трагедый, — гэта справа сьледзтва. Менавіта яно мусіць высьветліць, ці было гэта самагубства, няшчасны выпадак альбо забойства.

Ранкам 23 жніўня трыццацідвухгадовая Мілена Ануфрыёнак выкінулася з вакна 9-га паверху сваёй кватэры разам з сынамі двух і сямі гадоў. Усе яны загінулі.

Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў паведаміў, што асноўнай прычынай трагедыі сьледчыя лічаць самагубства.

Самагубства маці, якая вырашае забраць з сабою дзяцей — зьява надзвычайная. Псыхоляг Вольга Казак працуе ў псыханэўралягічным дыспансэры. Яна кажа, што шмат якія беларускія жанчыны думаюць пра самагубства і вельмі часта іх не спыняе наяўнасьць дзяцей. Прычыны жаночых самагубстваў — найперш сямейныя праблемы. Па ўсясьветнай статыстыцы кожная чацьвёртая жанчына-самагубца вырашае пайсьці з жыцьця, бо перажывае хатні гвалт.

Вольга Казак: «Чалавека можа давесьці да роспачы тое, што ў цябе парваўся шнурок, калі ты спазьняесься на электрычку. Бо да гэтага было столькі ўсяго, столькі болю, што гэта робіцца апошняй кропляй. Такая інтэнсіўная адмоўная эмоцыя, якой чалавек можа ня даць рады. Чалавек думае: „Толькі гэта мяне выратуе“. І верагодней за ўсё, яна адчувала адзіноту».

Жанчына ў такі момант дзяцей атаясамлівае з сабою, — выказвае сваё меркаваньне псыхоляг Казак. — Ёй здаецца, што і яна, і дзеці так цяжка пакутуюць, і яна такім чынам іх выратоўвае
Вольга Казак, псыхоляг

Па словах псыхолягаў, тыя, хто сканчае самагубствам, знаходзяцца ў сытуацыі глыбокага адчаю. «Немагчыма назваць самагубства нармальнай рэакцыяй, але яно зусім не абавязкова зьвязанае з псыхічнай хваробай, — сьцьвярджае Вольга Казак. — Вельмі часта так робяць людзі ў стане дэпрэсіі. Але, безумоўна, у такі момант скажонае мысьленьне, зьмяняюцца паводзіны, чалавек думае і бачыць вакол толькі кепскае».

Галоўнае пытаньне, якое задае большасьць камэнтатараў пад інфармацыяй аб менскай трагедыі: навошта забіраць жыцьцё ў дзяцей?

«Жанчына ў такі момант дзяцей атаясамлівае з сабою, — выказвае сваё меркаваньне псыхоляг Казак. — Ёй здаецца, што і яна, і дзеці так цяжка пакутуюць, і яна такім чынам іх выратоўвае. Жыцьцё падаецца ёй невыносным, агрэсіўным. Гэта насамрэч страх за дзяцей і за іхнюю будучыню. Такім чынам жанчына верагодна хоча пазбавіць іх ад пакутаў».

Для Беларусі гэта надзвычайная трагедыя, таму адпаведнай аналітыкі няма і дасьледаваньнямі такога кшталту, бадай, ніхто не займаецца. У традыцыях заходняй псыхіятрыі падобныя выпадкі разглядаюцца разам з тымі, у якіх бацькі забіваюць сваіх дзяцей. Для гэтай зьявы існуе асобны тэрмін «filicide», а прасьцей — «дзетазабойства». Паводле статыстыкі, да 30 працэнтаў маці і да 60 працэнтаў бацькаў, якія забілі сваіх дзяцей, пасьля сканчаюць жыцьцё самагубствам. Вышэйшы працэнт бацькаў зьвязаны верагодна з тым, што мужчыны агулам найчасьцей па сваёй волі сыходзяць з жыцьця.

У Беларусі няма статыстыкі па дзецях, якія загінулі ад рук бацькоў. А вось у суседняй Расеі каля 200 дзяцей штогадова гіне ў такіх абставінах. Прыблізна такая самая статыстыка ў ЗША: 250-300 дзяцей штогод. Адзінаццаць гадоў таму ЗША страсянуў выпадак, калі трыццацішасьцігадовая амэрыканка Андрэа Ейтс патапіла ў ваньне пяцёра сваіх дзяцей узростам ад шасьці месяцаў да сямі гадоў. Пасьля яна сама выклікала паліцыю.

Падобны выпадак шырока абмяркоўваўся ў расейскамоўнай прэсе зусім нядаўна. Галіна Рабкова з падмаскоўнага Далгапруднага выкінула сваіх малых сыноў з 15-га паверху. Аднак выпадкі дзетазабойства-самагубства ўсё ж адрозьніваюцца.

Амэрыканскі судовы псыхіятар доктар Філіп Рэзьнік, які спэцыялізуецца на такіх выпадках, кажа, што асноўная прычына дзетазайбоства-самагубства «альтруістычная» — бацькі імкнуцца выбавіць дзяцей ад пакутаў. Прычынай таксама можа быць і востры псыхапатычны стан бацькоў.

Чалавек у стане эмацыйнага стрэсу фіксуецца на нэгатыўных фактах, і няправільна пададзеная інфармацыя здольная падштурхнуць яго да падобных учынкаў
Сяргей Давідоўскі, псыхоляг

Паводле амэрыканскіх псыхатэрапэўтаў, бацькі, якія зьдзяйсьняюць такія ўчынкі, могуць пакутаваць ад цяжкіх псыхічных парушэньняў, цяжкай дэпрэсіі, адчуваюць адзіноту. Для іх таксама характэрныя не зусім нармальныя стасункі зь дзіцём. Бывае, што яны «надта любяць» сваіх дзяцей — сьцьвярджае псыхатэрапэўт Рабэр Лёблёк.

Заходняя псыхіятрыя працуе над тым, каб такія выпадкі папярэдзіць. Таму іх дасканала фіксуюць і дасьледуюць. Аднак трэба заўважыць, што вялікая частка такіх бацькоў раней атрымлівалі псыхатэрапэўтычную дапамогу. Дый да патрэбы зьвяртацца да такога спэцыяліста ў заходніх краінах ставяцца нашмат больш натуральна. У большасьці выпадкаў беларускіх самагубстваў не было і размовы пра тое, каб пайсьці да доктара. Таму і прычыны падобных трагедый постфактум усталяваць вельмі цяжка, калі не немагчыма.

Псыхатэрапэўт Сяргей Давідоўскі ўпэўнены, што калі б у выпадку Мілены Ануфрыёнак своечасова зьвярнуліся да спэцыяліста, ёй можна было б дапамагчы. Чалавек не адразу вырашаецца на самагубства, ягоныя паводзіны мяняюцца, і гэта павінны заўважыць блізкія — пераконвае ён. Давідоўскі скардзіцца, што беларусы баяцца зьвяртацца да спэцыялістаў, бо гэта пагражае пастаноўкай на псыхатэрапэўтычны ўлік. Але нават калі б трагедыя ўсё ж адбылося, яна зусім па-іншаму ўспрымалася б блізкімі і грамадзтвам. Яны б разумелі, што зрабілі ўсё, што маглі. «Лепш папярэдзіць такія выпадкі, чым пасьля ўсё жыцьцё пакутаваць ад таго, што адбылося». А прычыны трагедыі, якая адбылася ў Менску на вуліцы Панчанкі, высьветліць будзе вельмі цяжка.

Узровень самагубстваў у Беларусі паволі зьніжаецца, хоць і застаецца высокім.

У 2011 годзе ён складаў 22,9 выпадкаў на 100 тысячаў чалавек супраць 26,1 ў 2010.

Згодна зь міжнароднымі крытэрамі высокі ўзровень суіцыдаў лічыцца, калі колькасьць самагубстваў перавышае 20 выпадкаў на 100 тысячаў чалавек.

Сяргей Давідоўскі задаецца пытаньнем: ці не справакавала ўчорашнюю трагедыю тое, што ў некаторых СМІ напярэдадні зьявілася інфармацыя пра ўдалыя спробы самагубства ў Менску? Думкі пра самагубства, кажа Давідоўскі, не такія рэдкая. Чалавек у стане эмацыйнага стрэсу фіксуецца на нэгатыўных фактах, і няправільна пададзеная інфармацыя здольная падштурхнуць яго да падобных учынкаў. Трэба ня проста падаваць інфармацыю пра самагубствы, а распавядаць, як з гэтай сытуацыі можна выйсьці. Падрабязнае апісаньне абставінаў трагедыі, фотаздымкі не прыносяць палёгкі ані сваякам загінулай, ані грамадзтву, — кажа псыхатэрапэўт.

Тэлефоны службы экстранай псыхалягічнай дапамогі:

  • «Тэлефон даверу» кругласуткавай службы экстранай псыхалягічнай дапамогі: 8 (017) 2 90 44 44
  • Гарадзкі «Тэлефон даверу» кругласуткавай службы экстранай псыхалягічнай дапамогі непаўналетнім (246-03-03)
  • Рэспубліканская тэлефонная «гарачая лінія» па аказаньні псыхалягічнай дапамогі непаўналетнім, што трапілі ў крызісную сытуацыю: 8-801-100-16-11.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG