Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Осла прызнаў Андэрса Брэйвіка, які забіў 77 чалавек летам 2011 году, псыхічна здаровым і прысудзіў яго да 21 году турмы. Гэта максымальны тэрмін, прадугледжаны нарвэскім заканадаўствам за такое злачынства.

Брэйвік, які быў затрыманы ў дзень злачынства – 22 ліпеня 2011 году – ўзяў на сябе адказнасьць за выбух у Осла, ахвярамі якога сталі восем чалавек, і за страляніну ў моладзевым лягеры Працоўнай партыі на высьпе Ўтэя, у выніку якой загінулі 69 чалавек. Ён ня лічыць забойства актывістаў злачынствам, паколькі яны, на яго думку, здрадзілі Нарвэгіі, падтрымліваючы распаўсюд мультыкультуралізму і пагаджаючыся на прыезд імігрантаў у краіну.

Зь ініцыятывы прэм’ер-міністра Нарвэгіі Енса Сталтэнбэрга была ўтвораная адмысловая сьледчая камісія, якая прыйшла да высновы, што нарвэскія праваахоўныя органы маглі вылічыць і нэўтралізаваць Брэйвіка яшчэ да таго, як адбыўся выбух ва ўрадавым квартале ў Осла, а паліцыянты маглі абясшкодзіць тэрарыста раней, чым ён закончыў паўтарагадзінны расстрэл удзельнікаў моладзевага лягера на Утэі. Пасля публікацыі вынікаў гэтага расьсьледаваньня падаў у адстаўку начальнік паліцыі Нарвегіі Ойстэн Мэланд, які прызнаў грубыя памылкі ў працы сваіх падначаленых падчас леташніх тэрактаў.

У справе Брэйвіка быў таксама «беларускі сьлед». КДБ Беларусі, адказваючы на запыт Генэральнай пракуратуры Нарвэгіі, сьцьвердзіла, што Андэрс Брэйвік наведаў Беларусь 4-11 сакавіка 2005 году.

Паводле беларускага КДБ, у Менску Андэрс Брэйвік кантактаваў з Надзеяй Руткоўскай, якая пражывала тады на вуліцы Садовай былога ваеннага гарадка Ўручча. Паводле непацьверджаных зьвестак, Надзея Руткоўская цяпер пражывае ў ЗША, у Паўночнай Караліне. У лютым 2009 году яна выехала ў Нямеччыну.

Андэрс Брэйвік пра сваё наведваньні Беларусі распавёў у маніфэсьце «Дэклярацыя незалежнасьці Эўропы 2083». Беларусь згадваецца ў дакумэнце, які налічвае паўтары тысячы старонак, 18 разоў.

Брэйвік ў сваім маніфэсьце выказаў здагадку, што чарнобыльская аварыя – гэта тэракт, арганізаваны ўкраінскай нацыяналістычнай ваеннай ячэйкай. «Большасьць людзей былі апрамененыя ў выніку нежаданьня Савецкага Саюзу эвакуаваць іх (тыднёвая затрымка) і нежаданьня прадухіліць распаўсюджаньне забруджаных сельскагаспадарчых прадуктаў, – піша Брэйвік. – Акрамя таго, дыктатура ў Беларусі наўмысна працягвала распаўсюджваць сельскагаспадарчую прадукцыю з забруджаных тэрыторый сярод свайго народу (гэта і цяпер так)».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG