Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўступіла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА). Афіцыйныя асобы, афіцыёзныя мэдыі Расеі і Беларусі завяраюць, што гэта ніяк не адаб’ецца на функцыянаваньні Адзінай эканамічнай прасторы, Мытнага саюзу (МС) у складзе Беларусі, РФ і Казахстана. Бо, маўляў, МС ствараўся паводле правілаў УГА. І, значыць, ніякіх праблем для чальцоў МС узьнікнуць не павінна.

З аднаго боку, гэта так, а зь іншага — і не зусім. Бо галоўнае для краіны, якая ўступае ва УГА, гэта тарыфы на імпартныя тавары. Калі ствараўся МС, то Расея яшчэ вяла перамовы, і па шмат якіх парамэтрах было невядома, на якіх умовах яе прымаюць у гэтую арганізацыю.

Таму першае, што цяпер пасьля ўступленьня РФ ва ЎГА трэба рабіць чальцам МС, гэта перагледзяць тарыфы па тысячах таварных пазыцый. То бок узгадняць тое, аб чым ужо дамовіліся раней. Гэта значыць новыя спрэчкі супярэчнасьці.

Другое. Высьвятляецца, што Казахстан і Беларусь ня хочуць мяняць тарыфы па шмат якіх пазыцыях, аб якіх дамовілася Расея пры ўступленьні ва УГА. Гэта значыць, што колькасьць выняткаў значна ўзрасьце. Але асноўны паказьнік існаваньня Мытнага саюзу — гэта адзіныя тарыфы. І калі па вялікай колькасьці таварных пазыцый тарыфы ў чальцоў МС розныя, то Мытны саюз не зусім паўнавартасны. Як гэта было з Мытным саюзам Беларусі і Расеі, які існаваў з 1995 году. Нагадаю, што пры тым саюзе на беларуска-расейская мяжы РФ выстаўляла мытныя пасты.

Трэцяе. Калі ствараўся МС, то беларуская дзяржаўная прапаганда вельмі шмат даводзіла, што ў выніку гэтага перад беларускімі вытворцамі адкрываецца вялізны рынак збыту ад Уладзівастоку да Берасьця, і маўляў, цяпер мы зажывем. Пасьля ўступленьня Расеі ва ЎГА імпартныя тарыфы на многія тавары зьніжаюцца, расейскі рынак становіцца больш адкрытым для тавараў краін — чальцоў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. А гэта 155 дзяржаў. Тады ў чым сэнс існаваньня МС? Можна казаць, што для Беларусі сэнс палягае ў льготных цэнах на газ і нафту. І толькі? А для Казахстана?

Чацьвёртае. З улікам выняткаў імпартныя тарыфы на шмат тавараў у Расеі будуць ніжэйшымі, чым у Беларусі і Казахстане. Але мытнай мяжы не існуе. І праз Расею гэтыя тавары лёгка будуць трапляць на тэрыторыю Беларусі. Што раіць, каб гэтага не адбылося? Адзінае выйсьце — гэта выставіць мытныя пасты на беларуска-расейскай мяжы. Як гэта было зусім нядаўна. Дык за што ж змагаліся? І што тады застанецца ад МС?

Пятае. Нядаўна быў надрукаваны даклад міністра эканомікі Беларусі Мікалая Снапкова па паседжаньні Саўміна 8 жніўня. Адна з важных высноў, якую ён імкнуўся давесьці да ўраду, палягае ў тым, што беларуская эканоміка траціць канкурэнтаздольнасьць на традыцыйных рынках, страчвае пазыцыі ў межах Адзінай эканамічнай прасторы. І гэта да ўступленьня Расеі ва ЎГА. А пасьля уступленьня, калі на расейскі рынак хлыне танныя і якасныя тавары з усяго сьвету, са збытам беларускай прадукцыі там узьнікнуць яшчэ большыя праблемы. Больш за тое, як ужо адзначалася, зьявіцца праблема захаваць пазыцыі на самім беларускім рынку. Гэта сур’ёзны выклік для Беларусі, створанай тут сацыяльнай мадэлі.

Ці усьведамляе гэта кіраўніцтва краіны? У нейкім сэнсе так. Пра гэта сьведчыць ня толькі даклад Мікалая Снапкова, але і выказваньні Лукашэнкі. Вясной падчас сустрэчы з адным з расейскіх губэрнатараў ён папракаў Маскву. Маўляў, пры стварэньні Мытнага саюзу мы ж дамаўляліся, што менавіта ён будзе прыярытэтам, а ўступаць ва ЎГА Беларусь, Расея і Казахстан будуць разам. Атрымалася, што РФ падманула саюзьнікаў, цяпер для яе прыярытэтам будзе Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя. Тады Расея павінна нам кампэнсаваць страты.

Зразумела, Расея нічога кампэнсаваць ня будзе. Часткова Беларусь сама знайшла мэханізм кампэнсацыі. Маю на ўвазе знакамітую гісторыю з растваральнікамі і разбаўляльнікамі. Яна зьяўляецца вельмі паказальнай ілюстрацыяй да працэсаў постсваецкай інтэграцыі. Прыкладна гэтак жа, як пры стварэньні Мытнага саюзу Беларусі і Расіі, які адзначыўся цэлым шэрагам скандалаў з кантрабандай тавараў (афёра з «Торгэкспо» і інш.). То бок, як толькі зьнікаюць мытныя межы, так адразу «сьвятая ідэя» інтэграцыі постсавецкіх дзяржаў выліваецца ў шэрыя бізнэс-схемы. Паколькі гэтая гісторыя паўтараецца з разу ў раз, то гэта ўжо не выпадковасьць, а глыбокая заканамернасьць. Цывілізаванай інтэграцыі пакуль не атрымліваецца. Як гаворыцца, тут што ні вынаходзіць, усё роўна атрымліваецца аўтамат Калашнікава.

Лавачку з растваральнікамі і разбаўляльнікамі прыкрылі. А факт уступленьня Расеі ва ЎГА застаецца. І з гэтым трэба нешта рабіць.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG