Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід-вазочнік адсудзіў 2 мільёны рублёў з дарожнікаў


Сяргей Мацкевіч

Сяргей Мацкевіч

23 жніўня інвалід-вазочнік з Бабруйску Сяргей Мацкевіч адсудзіў на сваю карысьць зь мясцовага дарожна-эксплюатацыйнага прадпрыемства 2 мільёны рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Акрамя таго, адказчык павінен аплаціць судовыя выдаткі й паслугі адваката ў суме 3 мільёнаў рублёў. Такое рашэньне прыняла судзьдзя Бабруйскага суду Галіна Іванькова.

Нагодай для звароту Сяргея Мацкевіча ў суд стала яго падзеньне з вазком пры спробе адолець праезную частку на адной з бабруйскіх вуліц. Пры падзеньні інвалід першай групы пашкодзіў сябе — пабіў галаву, рукі і грудную клетку. Так пазначана ў мэдычнай даведцы. Пешаходны пераход, па якім Мацкевіч спрабаваў перайсьці вуліцу, як высьветлілася, ня быў прыстасаваны для інвалідаў. Ён намагаўся перайсьці вуліцу ў іншым месцы, дзе, як яму падалося, быў прыдатны зьезд з ходніка для вазка. На гэтым зьезьдзе інвалід і перакуліўс. Падняцца яму дапамагалі жонкі й мінакі.

Свае маральныя пакуты ад здарэньня Сяргей Мацкевіч ацаніў у дзесяць мільёнаў рублёў. Выракам судзьдзі Галіны Іваньковай пазоўнік застаўся задаволеным:

«Сапраўды тое месца, дзе я пераходзіў, яно сапраўды было не прыстасаванае. Дадзенае рашэньне судзьдзі паўплывае на тое, што ў жылкамгасе й іншых інстанцыях, ад якіх залежыць вырашэньне такога пытаньня, расплюшчацца вочы. Інфраструктура гарадоў і ўстаноў не прыстасаваная для перасоўваньня чалавека на інвалідным вазку. Чыноўнікі, якія прымаюць аб’екты, ніколі не сутыкаліся з праблемамі вазочнікаў», зазначае Сяргей Мацкевіч.

У суд Сяргея Мацкевіча заносілі на руках. Уваход у будынак суду ня мае пандусу

У суд Сяргея Мацкевіча заносілі на руках. Уваход у будынак суду ня мае пандусу



Прадстаўнік адказчыка прызнаў, што пешаходны пераход, па якім зьбіраўся перайсьці Мацкевіч, сапраўды, быў з парушэньнямі нормаў для пераходу інвалідаў. Разам з тым, ён заявіў, што здарэньне адбылося не на самім пераходзе, а ў месцы, прызначаным для зьезду тэхнічных транспартных сродкаў. Паводзіны інваліда прадстаўнік адказчыка назваў груба неасьцярожнымі і віну за здарэньне ўсклаў на яго ж. Ён дапусьціў, што, калі б інвалід перакуліўся на пешаходным пераходзе, то жыльлёва-эксплюатацыйнае прадпрыемства без пытаньняў заключыла б міравое пагадненьне й выплаціла кампэнсацыю. Прадстаўнік адказчыка прасіў суд не задавальняць пазову Мацкевіча.

Тым ня менш, судзьдзя Галіна Іванькова довады адказчыка палічыла неабгрунтаванымі. Падзеньне інваліда на непешаходным пераходзе яна аргумэнтавала тым, што ён ня мог знайсьці іншага месца, каб перайсьці вуліцу. Маральныя пакуты інваліда судзьдзя вызначала ў 2 мільёны рублёў. Рашэньне судзьдзі ўступіць у сілу праз дзесяць дзён.

«Гэтыя два мільёны даставілі мне маральнае задавальненьне. Я не хачу іх выкарыстоўваць для сябе. Я хачу перадаць гэтыя два мільёны адной бабруйскай інвалідцы-вазочніцы для ўзьвядзеньня пандусу з балькону», заяўляе Сяргей Мацкевіч.

Сяргей Мацкевіч інвалід першай групы. У яго пашкоджаны хрыбет. 23 гады ён у вазку. Як ён адзначае, амаль усе бабруйскія дарогі не прыстасаваныя для пераходу інвалідамі. З 600 вазочнікаў, паводле яго, толькі трое могуць самастойна дабрацца ў хату і зь яе. Жыцьцё большасьці з іх праходзіць у межах кватэры й двара.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG