Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дадатак да пасьведчаньня кандыдата — крымінальная справа


Актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш Дом», кандыдат у дэпутаты Мікалай Петрушэнка распачаў агітацыю за сваю кандыдатуру, якую распачаў адразу пасьля рэгістрацыі і праводзіў цягам сёньняшняга дня.

Сярод іншага Мікалай Петрушэнка распавядаў патэнцыйным выбаршчыкам пра крымінальную справу за «зьнявагу прадстаўніка ўлады», распачатую супраць яго адначасна з рэгістрацыяй кандыдатам у дэпутаты.

Іншы актывіст кампаніі «Наш дом» Валеры Шчукін мяркуе, што крымінальная справа супраць Мікалая Петрушэнкі ёсьць намерам мясцовых уладаў пакараць грамадзкага актывіста і журналіста за актыўную дзейнасьць.

Петрушэнка: «Гады два-тры я „паляваў“ на пэдафілаў. І калі 1 траўня пэдафіла ўзялі пад арышт, на сайце „Наш дом“ я апублікаваў матэрыял з фактамі і прыкладамі, якія падцьвярджалі, што чыноўнік яму спрыяў... Паколькі за гэта супраць мяне распачатая крымінальная справа за паклёп, то я павінен сказаць так: вялікі дзякуй уладзе і чыноўнікам нашым за тое, што яны распачалі гэтую крымінальную справу. Гэта добры мне падарунак да выбарчай кампаніі, бо я буду больш вядомым. І ўжо сёньня я прайшоў у электрычцы шэсьць ці сем вагонаў, размаўляў са сваімі выбаршчыкамі, паказваў ім гэтыя паперы і распавядаў як улада „крышуе“ пэдафілаў і як за гэта перасьледуюць журналіста і праваабаронца кампаніі „Наш дом“. І я распачаў з такога закліку: сёньня першы дзень агітацыі і цэлы месяц ніхто ня зможа закрыць нам рот».

Шчукін: «Улады распраўляюцца з найбольш актыўнымі людзьмі. Гэта тое ж самае, што адбывалася ў Слуцку адносна Зінаіды Цімошык: я ў судзе заяўляю, што гэта мая была ініцыятыва выставіць рыдлёўкі для чыноўнікаў, а ўсё роўна судзяць яе. Бо ўладам трэба было запалохаць яе штрафамі і спыніць актыўнасьць. Тое ж самае зараз адбываецца і зь Мікалаем Петрушэнкам: ён іх „дастаў“ — мясцовыя ўлады і Воршы, і Талачына. Ён чалавек, які валодае інфармацыяй, які актыўны і настойлівы. Ён проста надакучыў уладам сваёй гэтай актыўнасьцю, і яны вырашылі зь ім расправіцца. Наўрад ці, яго пасадзяць у турму, але паспрабуюць папалохаць. Бо чыноўнікі ж мяркуюць па сабе — яны ўсе вельмі баяцца судовых працэсаў, бо для іх гэта завяршэньне кар’еры і гэтак далей. Таму гэта проста спроба закрыць рот актыўнаму чалавеку».
XS
SM
MD
LG