Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2012: адных рэгіструюць, другім — адмаўляюць


Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота

23 жніўня завяршаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Паводле папярэдніх зьвестак, многія апазыцыйныя вылучэнцы, якія зьбіраюцца скласьці канкурэнцыю праўладным кандыдатам, атрымаюць пасьведчаньні кандыдатаў. У той жа час многім вядомым асобам зь ліку апазыцыйных лідэраў выбарчыя камісіі адмовілі.

Пра тое, як адбывалася рэгістрацыя і як на яе вынікі адрэагавалі грамадзкія актывісты ў рэгіёнах — паведамленьні карэспандэнтаў «Свабоды».

Меншчына: «Час на агітацыю трэба выкарыстоўваць максымальна»

Выбарчая камісія ў Барысаве разглядала заявы вылучэнцаў, сярод якіх — двое апазыцыйных актывістаў. Гэта намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін й галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас.

Пра вынікі паседжаньня карэспандэнт «Свабоды» гутарыў з абодвума апазыцыйнымі вылучэнцамі.

Леў Марголін заявіў: «Паседжаньне камісіі адбылося і ўсіх вылучаных на кандыдата зарэгістравалі. І я зараз разумею, што трэба працаваць. А менавіта давесьці да як мага большай колькасьці людзей тое, што празрыстых й сумленных выбараў у нас няма. Галоўнымі для нас цяпер зьяўляюцца сустрэчы зь людзьмі, а таксама выступы ў СМІ, у тым ліку, у дазволены час на радыё й тэлебачаньні. Я аптыміст у тым сэнсе, што час на агітацыю трэба выкарыстоўваць максымальна. І гэта я ведаю дакладна».

Кандыдатам на дэпутата па Барысаўскай выбарчай акрузе № 62 зарэгістраваны таксама галоўны рэдактар недзяржаўнага штотыднёвіка «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас. Яго меркаваньне:

«Зарэгістравалі таксама Тамару Красоўскую — кіраўніцу спраў Барысаўскага райвыканкама. І я мяркую, што мясцовым уладам трэба прывабіць выбарцаў. Бо калі, да прыкладу, мяне б не зарэгістравалі, то была б малая яўка выбарцаў. Таму я лічу, што ў далейшым будзе сцэнар, паводле якога ўлады дзейнічалі ў 2000-м годзе».

Паводле Анатоля Букаса, яго тады перасьледавалі на працы і нават дома. Чыноўнікі правяралі працоўную дакумэнтацыю, міліцыянты — ці не парушае Букас правілы дарожнага руху, падатковая інспэкцыя — прыбыткі.

Анатоль Букас працягвае: «Паколькі я ўжо 9-ы раз вылучаюся кандыдатам на дэпутата, то і на гэты раз буду ісьці да канца выбарчай кампаніі. Такое пажаданьне выказаў і наш партыйны лідэр Мікола Статкевіч. Канечне, мне цікава будзе сустрэцца з працоўнымі калектывамі, расказаць пра тое, што на сёньня адбываецца ня толькі ў нашым горадзе, а і ў цэлым у краіне»

Гомельшчына: «Нэрвы проста не вытрымлівалі»

На Гомельшчыне акруговыя камісіі зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты ўсіх прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), партыі левых «Справядлівы сьвет», а таксама Партыі БНФ.

Гэту адметнасьць цяперашняга этапу выбараў у рэгіёне камэнтуе старшыня абласной арганізацыі АГП, кандыдат у Палату прадстаўнікоў Васіль Палякоў:

«Улада на дадзеным этапе цяперашніх выбараў знарок дэманструе , што ёсьць апазыцыя й яна ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Потым, хутчэй за ўсё, гэта будзе падавацца так: ну вось, пабачылі, што ніякіх шанцаў, таму й зьняліся. Відаць, такую тактыку яны абралі».

У агульнай тактыцы, аднак, ёсьць істотныя нюансы, характэрныя для асобных акругаў. У Рагачове, да прыкладу, акруговая выбарчая камісія № 45, якую ачольвае намесьнік старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі Васіль Каральчук, адмовіла ў рэгістрацыі актывісту кампаніі «Гавары праўду» Дзянісу Дашкевічу:

«Сказалі, што мы намалявалі тысячу подпісаў, але сапраўдныя зь іх толькі 50. Гэта было вельмі брудна. Хацелася проста набіць морду. Нэрвы проста не вытрымлівалі — яны хацелі ўжо выклікаць міліцыю. Ніякіх дакумэнтаў мне не паказалі, бо была вельмі напружаная атмасфэра».

Апошнім часам Дзяніс Дашкевіч ладзіў у горадзе шэраг грамадзкіх акцыяў, у прыватнасьці, за вяртаньне ў Рагачоў рэспубліканскіх «Дажынак-2013», і стаў заўважнай асобай. Як патэнцыйнага канкурэнта яго й спынілі на першым этапе выбараў. Дашкевіч, аднак, не зьбіраецца аспрэчваць рашэньне акруговай камісіі, бо ня бачыць сэнсу. Будзе займацца іншым:

«У Рагачове будуць новыя кампаніі, будзем надалей займацца нашай працай. Будзем заклікаць таксама людзей ня ісьці на гэтыя выбары. Гэта ня выбары, гэта — фікцыя. Ну што гэта за выбары? Нейкі там гомельскі кандыдат лезе, гаворыць, што ня хоча ўлазіць у рагачоўскія праблемы — мы гэта данясем да людзей. Ну, як гэта так — ты ў Рагачове балятуесься, але ня хочаш ведаць пра нашы праблемы?»

Моцна скарацілі колькасьць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у Гомельскай-Сельмашаўскай акрузе № 32. Зь пяці прэтэндэнтаў тут засталося толькі двое. Назіральнік Андрэй Толчын паведаміў, што зарэгістравалі ў 32-й акрузе кандыдатам толькі генэральнага дырэктара «Гомсельмашу» Валера Жмайліка і прадстаўніка БНФ Васіля Раманава:

«Яны ня хочуць нагружаць камісіі падлікам галасоў. Будзе вельмі проста. БНФ здыме Раманава з выбараў — і няма праблем».

Такая ж сытуацыя і ў Мазырскай выбарчай акрузе № 42. Зь пяці прэтэндэнтаў тут застаўся праўладны кандыдат, дырэктар гародніннай фабрыкі Мікалай Расоха, вылучаны працоўным калектывам і шляхам збору подпісаў, і прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Высьветліць, ці абгрунтавана адмоўлена ў рэгістрацыі іншым прэтэндэнтам, незалежнаму назіральніку Ўладзімеру Целяпуну не ўдалося.

Целяпун: «Як незалежны назіральнік, я напісаў заяву, каб мне далі магчымасьць азнаёміцца з дакумэнтамі прэтэндэнтаў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі. Але камісія аднагалосна пастанавіла не паказваць мне ніякіх дакумэнтаў».

Віцебшчына: «Ну дык пакажыце ж мне тыя падпісныя аркушы, дзе нешта ня так!» — нізавошта не паказалі!»

Адмовы ў рэгістрацыі, вынесеныя напярэдадні акруговымі камісіямі на Віцебшчыне, вырашылі аспрэчваць актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

Лідзія Сагідуліна, якая зьбіралася балятавацца ў Полацкай выбарчай акрузе № 28, і якую не зарэгістравалі, прызнаўшы несапраўднымі частку подпісаў, накіравала скаргу ў Цэнтарвыбаркам па пошце.

Сяргей Парсюкевіч, якога з такой жа прычыны не зарэгістравала кандыдатам камісія Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20, паехаў у Менск асабіста:

«Мы сабралі ў два разы больш подпісаў, чым было неабходна. І падалі ў камісію толькі тыя, што былі дасканала правераны. Мы тэлефанавалі людзям, якія подпісы давалі, неаднаразова правяралі, скажам так, „тэхнічнае выкананьне“. А тут высьвятляецца, што подпісы несапраўдныя! Учора на пасяджэньні камісіі я прасіў: „Ну дык пакажыце ж мне тыя падпісныя аркушы, дзе нешта ня так!“ — нізавошта не паказалі!»

Таго самага спрабуе дамагчыся ў былы ўдзельнік мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Ўладзімер Правальскі. Яго не зарэгістравала камісія той самай Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20. Спадар Правальскі сёньня наведаў Цэнтарвыбаркам і яшчэ ўчора даслаў туды скаргу на рашэньне акруговай камісіі:

Берасьцейшчына: Прыдзерліся да падаткавай дэклярацыі

У Баранавічах на Берасьцейшчыне па акрузе № 5 зарэгістраваныя кандыдатамі двое апазыцыянэраў — Мікола Чарнавус і Анжэла Камбалава. А на акрузе № 6 абодвух дэмакратаў — Аляксандра Галькевіча й Рыгора Грыка — зьнялі з дыстанцыі. Падрабязнасьці — у Паўла Канстанцінава.

Сябра партыі «Справядлівы сьвет» Аляксандра Галькевіча зьнялі з выбараў, за тое, што ён падаў няправільную дэклярацыю аб прыбытках.

Аляксандар Галькевіч — урач хуткай дапамогі ў Баранавічах. Ён дзейны дэпутат гарсавету. Спадар кажа, што рашэньне аб нерэгістрацыі стала для яго поўнай нечаканасьцю:

«Я прачытаў, што трэба падаць дэклярацыю аб прыбытках за апошнія 12 месяцаў. То бок, палова гэтага году і палова мінулага. Да гэтага прыдзерліся — аказваецца, трэба было проста прадаставіць толькі за 2011 год.»

Акрамя таго, у дэклярацыі, якую спадар Галькевіч падаў у камісію, выявілася, што не ўпісаны быў ганарар, які яму пералічылі за публікацыю аповесьцяў:

«100 тысяч за адзін твор, і 60 тысяч за другі. То яны прыдзерліся, што хацеў іх там падмануць, ці ня ведаю, нажыцца... Яны ведаюць, што я з апазыцыі, таму робяць усё, каб мяне не прапусьціць.»

Спадар Галькевіч кажа, што зараз вырашае, ці будзе абскарджваць рэгістрацыю.

Актывіста Рыгора Грыка таксама не зарэгістравалі на гэтай жа акрузе з-за выяўленых нібыта несапраўдных подпісаў. Адмовілі ў рэгістрацыі і незалежнаму кандыдату, прадпрымальніку Дзьмітрыю Аўгусту.


Даведка «Свабоды»


Пачаць агітацыйную кампанію кандыдат можа з дня рэгістрацыі. Ён мае права на бюджэтныя сродкі вырабіць агітацыйную друкаваную прадукцыю, выступіць на тэлебачаньні й радыё, надрукаваць перадвыбарчую праграму. Пры згодзе некалькіх кандыдатаў у дэпутаты, якія балятуюцца па адной акрузе, арганізуюцца дэбаты. Акрамя таго, кандыдаты ў дэпутаты могуць сфармаваць свае асабістыя фінансавыя фонды, сродкі якіх можна будзе выкарыстаць на агітацыйную кампанію.

Агітацыйная кампанія працягваецца па 22 верасьня ўключна. Асноўны дзень галасаваньня на цяперашніх выбарах — 23 верасьня. Дагэтуль на працягу пяці дзён будзе праходзіць датэрміновае галасаваньне.
XS
SM
MD
LG