Лінкі ўнівэрсальнага доступу

35 кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у тым ліку старшыня партыі Анатоль Лябедзька, ганаровы старшыня прафэсар Станіслаў Багданкевіч, вядомы рэжысэр Юры Хашчавацкі — пасьпяхова прайшлі рэгістрацыю. 30 вылучэнцаў ад партыі БНФ таксама сталі кандыдатамі ў дэпутаты, у тым ліку і старшыня Аляксей Янукевіч, былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў.

Ці зьбіраюцца яны ўдзельнічаць у перадвыбарчай агітацыі, якія наступствы могуць быць у выпадку зьняцьця партыйных кандыдатаў напярэдадні выбараў?

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што ў АГП вельмі ясная і непарушная пазыцыя. Яны па-ранейшаму выстаўляюць тры ўмовы, якія дадуць ім магчымасьць ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі:
  • гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў
  • уключэньне сяброў партыі ў акруговыя і ўчастковыя камісіі
  • адмена альбо жорсткая рэглямэнтацыя датэрміновага галасаваньня.

Пасьля 15 верасьня АГП будзе здымаць з выбарчай гонкі сваіх сьпікераў.

Што да зьняцьця кандыдатаў ад партыі БНФ непасрэдна перад выбарамі, старшыня партыі Аляксей Янукевіч кажа: «Зь вялікай доляй верагоднасьці можна пра гэта казаць».

Але падчас выбарчай кампаніі кандыдаты маюць намер актыўна працаваць: «Мы будзем сустракацца зь людзьмі, будзем распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы, будзем выступаць па тэлебачаньні. Нашы кандыдаты пішуць заяўкі на ўдзел у тэледэбатах. Будзем друкаваць праграмы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. То бок па поўнай праграме гэту дазволеную магчымасьць агітацыі мы будзем выкарыстоўваць».

Рэгістрацыя 35 сяброў партыі АГП таксама будзе выкарыстаная, каб данесьці да людзей , што Аляксандар Лукашэнка і ягоная сыстэма — гэта тупік, і выйсьце з тупіка — гэта свабодныя, сумленныя выбары. Абавязкова выкарыстаюць сьпікеры АГП і магчымасьць выступаў у тэле- і радыёэфіры, запэўнівае Анатоль Лябедзька.

«Я спадзяюся, што гэтыя выступы прагучаць. Не выключаю, што можа быць цэнзура, альбо частковая, альбо поўная. Тады мы будзем апэляваць да незалежных СМІ, да інтэрнэт-прасторы, да сацыяльных сетак. І нашы выступы ўсё адно пойдуць пад грыфам „Забаронена“, „Цэнзура“. І я думаю, што нейкую хвалю дадатковай цікавасьці мы атрымаем».

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што за зьняцьце перад самымі выбарамі могуць быць сур’ёзныя наступствы. Таму ў партыі ёсьць прапановы:

«Мы рэкамэндуем нашым кандыдатам не выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі ад выбарчай камісіі на выраб агітацыйных матэрыялаў, а афармляць матэрыялы праз стварэньне фондаў кандыдатаў і праз ахвяраваньні грамадзянаў. Што тычыцца тэлеэфіру, то і ў Выбарчым кодэксе, і ў пастановах Цэнтральнай выбарчай камісіі напісана ясна, што гэта даецца бясплатна».

Сустаршыня кампаніі «Праваабаронцы — за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч ня стаў камэнтаваць намеры некаторых палітычных партыяў зьняцца з дыстанцыі перад выбарамі.

«Гэта рашэньне партыяў. А мы будзем сачыць, як далей будуць разгортвацца падзеі. І што будзе пасьля таго, як яны здымуцца. Таксама цікавае пытаньне: ці будуць ім пазовы выстаўляць потым за тое, што на іх патрацілі грошы на кампанію агітацыйную? А я думаю, што камісіі прызнаюць прычыны, па якім яны зьняліся, канечне ж, ня сур’ёзнымі. Пра такія выпадкі ў кодэксе напісана, што кандыдат альбо суб’ект, які вылучаў кандыдатаў і зьняў іх потым, павінны будуць выплаціць назад усе сродкі, якія былі патрачаны на агітацыю. Я вельмі апасаюся, што партыі могуць атрымаць вельмі вялікія пазовы потым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG