Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка выкінулася з 9 паверху зь дзецьмі


Менская журналістка Мілена Ануфрыёнак, супрацоўніца інфармагенцтва БелТА, выкінулася з 9-га паверху з двума малалетнімі дзецьмі, усе трое загінулі на месцы, паведамляе Інтэрфакс.

«Сьледзтва называе асноўнай вэрсіяй інцыдэнту самагубства жанчыны. Усчатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (забойства заведама малалетніх)», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандр Герасімаў.

На месцы здарэньня працуюць сьледчыя. Яны канфіскавалі кампутарную тэхніку, якая належала жанчыне. Па словах супрацоўнікаў праваахоўных органаў, «ёсьць падставы меркаваць, што ў жанчыны магло быць памутненьне псыхікі».



Двор дома № 76 па вуліцы Панчанка нічым не адрозьніваецца ад любога іншага двара ў мікрараёнах Менску. Дзеці гуляюць у футбол ды гушкаюцца на арэлях. На гаўбцах разьвешана бялізна. Дзіцячыя майкі і калготы сушацца і на гаўбцы кватэры загінулай Мілены Ануфрыёнак.

23 жніўня 32-гадовая журналістка выкінулася зь дзявятага паверха разам з двума сынамі. Старэйшаму было 7 год, малодшаму — два. Усе яны загінулі на месцы.

Суседзі журналісткі шакаваны тым, што маладая кабета магла накласьці на сябе рукі:

«Чужая душа — поцемкі... Гэта была абсалютна звычайная нармальная сям’я, — расказала „Свабодзе“ жанчына, што гуляла зь дзіцём каля дома. — Ніхто нічога кепскага тут пра іх ня скажа. Мілена часта гуляла з сынамі на вуліцы».

Ужо нежывую Мілену зь дзецьмі ўбачылі суседзі каля 11 гадзін. Гаўбец, зь якога выкінулася жанчына, выходзіць на адваротны бок дома. На траве ўсё яшчэ відаць сьляды ад целаў.

«Я была на вуліцы са сваімі дзецьмі. Спачатку я падумала, што хтосьці загарае і не зьвярнула ўвагі, — распавяла суседка з паверха ніжэй Натальля. — Пазьней, калі праходзіла зноў у тым месцы, убачыла, што там таўкуцца людзі. Падышла — там Мілена!.. Вярнулася толькі што з апазнаньня».

Статыстыка суіцыдаў: 22,9 выпадкаў на 100 тысячаў чалавек

Колькасьць самазабойстваў і спроб самазабойства, так званых парасуіцыдаў, у Беларусі зьніжаецца. Пра гэта заявіў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Сяргей Ігумнаў у лютым 2012 году. Так, калі ў 2010 годзе колькасьць зарэгістраваных парасуіцыдаў складала 79,6 выпадкаў на 100 тысячаў насельніцтва, то ў 2011 годзе ён зьнізіўся да 73,7 выпадкаў.

Аднак дырэктар цэнтру не выключае, што зьніжэньне колькасьці парасуіцыдаў «можа сьведчыць аб пагаршэньні сыстэмы іх рэгістрацыі».

Што тычыцца колькасьці непасрэдна самазабойстваў, то ў 2011 годзе яна складала 22,9 выпадкаў на 100 тысячаў чалавек супраць 26,1 ў 2010.

Згодна зь міжнароднымі крытэрамі высокі ўзровень суіцыдаў лічыцца, калі колькасьць самазабойстваў перавышае 20 выпадкаў на 100 тысячаў чалавек.

У Беларусі спробы самазабойства рэгіструюцца толькі з 2007 году праз статыстыку Міністэрства аховы здароўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG