Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 жніўня завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Цэнтарвыбаркам і незалежныя назіральнікі пакуль не агучваюць канкрэтныя лічбы. Аднак, ацэньваючы папярэднія вынікі, прадстаўнікі апазыцыі заяўляюць, што ў цэлым сытуацыя не памянялася параўнальна зь мінулымі выбарчымі кампаніямі.

Ад Партыі БНФ зарэгістравана 30 кандыдатаў у дэпутаты з 33, вылучаных зьездам. Кандыдатамі сталі старшыня партыі Аляксей Янукевіч і яго намесьнікі Рыгор Кастусёў і Аляксандар Стральцоў.

Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва, у працэнтных адносінах сытуацыя падобная да папярэдніх выбарчых кампаній:

«Уладай усё ўжо адпрацавана. На аўтамаце праводзяцца выбары, на аўтамаце праводзіцца рэгістрацыя, на аўтамаце будуць абвешчаныя і вынікі галасаваньня. Машына ўжо адпрацавана да такой ступені, што ўлады нават не абцяжарваюць сябе нечым новым, усё робіцца па старой схеме. Мы мяркуем, што шанцаў патрапіць у парлямэнт няма. Бо па ўсіх акругах ёсьць праўладныя кандыдаты, уключаныя ў сьпіс і зацьверджаныя кіраўніцтвам краіны. І адназначна — яны і стануць дэпутатамі».

Cярод зарэгістраваных кандыдатаў — былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў і Ўладзімер Навасяд. Генэрал Фралоў вылучаўся ад БСДП (Грамада), ад якой зарэгістравана 11 кандыдатаў:

Валеры Фралоў

Валеры Фралоў

«Калі чалавек ідзе ад партыі, то даволі цяжка прычапіцца. Я лічу, што гэта палітычны працэс і палітыкі ў ім павінны браць удзел. Які ён ёсьць — такі ёсьць, такая сытуацыя ў краіне. Астатняе ўсё не залежыць ад кандыдатаў».

Партыя «Справядлівы сьвет» мае 27 зарэгістраваных кандыдатаў з 32-х. Іосіф Маціюн у Вялейцы зьняў сваю кандыдатуру адразу пасьля рэгістрацыі, спаслаўшыся на ціск з боку ўладаў на яго сям’ю і родных.

«Усё адбывалася як заўсёды», — лічыць лідар партыі Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Наогул, невялікі адсеў па рэгістрацыі. Але калі прааналізаваць якасны склад, то найбольш моцных і канкурэнтаздольных кандыдатаў усё ж улада выкрасьліла. Гэта сьведчыць аб тым, што яна перамагчы наўрад ці можа ў канкурэнтнай барацьбе, таму страхуецца, і на стадыі рэгістрацыі найбольш моцных выкрэсьліваюць. У іх ёсьць яшчэ моцны рэзэрв — гэта падлік галасоў, і там можна скарэктаваць усё астатняе. Ніякіх нечаканасьцяў для мяне не адбылося. Тыя, хто казаў пра ўсялякія фракцыі генэрала Зайцава і іншыя, якія з апазыцыі будуць зарэгістраваныя, — нічога гэтага не адбылося. Бо ўсіх, каго туды запісвалі, усіх улада не зарэгістравала. І таму гэта была проста неабгрунтаваная хлусьня».

Паводле сакратара Цэнтрвыбаркаму Мікалая Лазавіка, тыя, хто лічыць, што яму беспадстаўна адмоўлена ў рэгістрацыі, могуць цягам трох дзён падаць адмысловую заяву ў ЦВК. Апазыцыянэры зьбіраюцца абскардзіць вынікі рэгістрацыі. Сярод іх і лідар Руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч:

Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

«Улада не гатовая да таго, каб дапусьціць наяўнасьць статуснай апазыцыі, пэўнага астраўка дэмакратыі ў парлямэнце. Улада не адчувае патрэбы ў гэтым, бо калі казаць пра дачыненьні з Захадам — Захаду яны будуць прадаваць зараз вызваленьне палітвязьняў. А апазыцыю ў парлямэнце яны хочуць прадаваць на наступных парлямэнцкіх выбарах. Таму ім сёньня гэта непатрэбна, няма дывідэндаў. Яны ўсё разумеюць як гандаль».

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду», паводле яе лідара Ўладзімера Някляева, меркавала падтрымаць Мілінкевіча. Паводле Някляева, ніхто асабліва не чакаў, што падчас гэтай кампаніі ўлады пойдуць на нейкія зьмены.

«Рэжым не зьбіраецца мяняць устаноўленыя ім правілы правядзеньня выбараў і займаецца сэлекцыяй так званых будучых кандыдатаў у так званы парлямэнт. На гэтай стадыі рэгістрацыі зроблена роўна палова справы. У нас адсечаныя роўна палова, 25 у нас было, 12 чалавек не зарэгістраваныя. Па Менску практычна ўсе не зарэгістраваныя. І астатнія будуць выключаныя на наступным этапе выбарчай кампаніі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG