Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Эквадору зацікавіўся лёсам беларускага ўцекача


Rafael Correa
Rafael Correa

Прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа заявіў, што можа адмовіць у экстрадыцыі былога беларускага міліцыянта Аляксандра Баранкова, які атрымаў статус уцекача, і чыёй выдачы дамагаецца Менск.

Эквадорскі прэзыдэнт Рафаэль Карэа заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што ягонае слова ў справе экстрадыцыі ў Менск беларускага грамадзяніна Аляксандра Баранкова будзе апошнім.

"Мы адмаўляем любы напад на правы чалавека альбо перасьлед паводле палітычных матываў", — цытуе заяву Карэа агенцтва AFP.

Намесьнік міністра замежных спраў Эквадора Марка Альбуя зазначыў, што ягоная краіна не выдае грамадзян, чыё жыцьцё знаходзіцца ў небясьпецы, каму пагражае сьмяротнае пакараньне альбо пажыцьцёвае зьняволеньне.

Адвакат Баранкова Фэрнанда Лара заявіў AFP, што рэжым Лукашэнкі хоча прымусіць Баранкова замаўчаць, пасьля таго, як ён выявіў незаконную
дзейнасьць вышэйшых службовых асоб Беларусі.

Разгляд справы Баранкова супаў з крызісам у адносінах Эквадора і Вялікабрытаніі з-за рашэньня афіцыйнага Кіта надаць прытулак стваральніку WikiLeaks Джуліяну Асанжу.

Аднак, да прыняцьця прэзыдэнтам канчатковага рашэньня, лёс Баранкова павінна вызначыць вышэйшая судовая інстанцыя краіны — Нацыянальны суд Эквадору. Паводле спадара Карэа, як толькі суд выкажа сваё меркаваньне адносна запыту ўладаў Беларусі, ён зможа, у тым выпадку, калі рашэньне аб экстрадыцыі будзе станоўчым, унесьці ў яго зьмены або нават адмовіць у ёй, — паведамляе расейскамоўны эквадорскі інтэрнэт-рэсурс «Эквадор сегодня».

З такой заявай кіраўнік Эквадору выступіў у сераду на прэсавай канфэрэнцыі. Аднак, дадаў прэзыдэнт, ён хацеў бы не выказваць свайго стаўленьня да дадзенага выпадку, паколькі яшчэ няма судовага рашэньня. Тым ня менш, ён абверг інфармацыю пра тое, што затрыманьне беларускага грамадзяніна было зроблена, каб дагадзіць кіраўніку Беларусі, які наведаў Эквадор сёлета ў канцы чэрвеня.

Аляксандар Лукашэнка й Рафаэль Карэа
Аляксандар Лукашэнка й Рафаэль Карэа
Старшыня Нацыянальнага суду Эквадору павінен неўзабаве прыняць рашэньне па запыце аб экстрадыцыі Аляксандра Баранкова, былога капітана беларускай міліцыі. Ён прыбыў у Эквадор у 2009 годзе, а ў чэрвені 2010 году 30-ці гадоваму Баранкову быў дадзены статус уцекача.

Цяпер гэты беларускі грамадзянін ужо больш за 70 дзён знаходзіцца ў турэмнай камэры, чакаючы вырашэньня сваёй долі. Ягоны адвакат Фэрнанда Лара заяўляе, што ў сябе на радзіме Баранкоў можа быць асуджаным на сьмерць паводле абвінавачваньня ў здрадзе радзіме.

У сваім блогу Баранкоў зрабіў некалькі заяў пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і пра выпадкі карупцыі ў найбліжэйшым атачэньні Лукашэнкі і сярод яго сваякоў.

Урад Беларусі ўжо прасіў Эквадор аб экстрадыцыі Баранкова ў кастрычніку 2011 году, але тады Нацыянальны суд Эквадору ў запыце адмовіў, спасылаючыся на адсутнасьць доказаў прад’яўленага беларусу абвінавачаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG