Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Антоніа Мілашоскі: Хачу ўбачыць Мірскі замак і дэмакратычныя выбары

  • БелаПАН

 Антоніа Мілашоскі

Антоніа Мілашоскі

Назіральнікі ад АБСЭ пакуль не змаглі атрымаць у Менску месца пад офіс, паведаміў журналістам 22 жніўня кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ Антоніа Мілашоскі.

"Мы ужо паведамілі пра гэта ў МЗС і ЦВК. Я нядаўна размаўляў па тэлефоне з новым міністрам замежных спраў, і ён паабяцаў, што МЗС зробіць усё магчымае для вырашэньня гэтага пытаньня", — сказаў Мілашоскі.

Ён паведаміў, што 24 жніўня чакаецца прыбыцьцё ў Менск 36 доўгатэрміновых назіральнікаў з 19 краін АБСЭ, якія будуць працаваць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Чакаецца таксама прыбыцьцё 270 кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ — яны будуць ажыцьцяўляць назіраньне непасрэдна ў дзень правядзеньня выбараў, 23 верасьня.

Місія плянуе апублікаваць прамежкавую справаздачу аб сваёй дзейнасьці, затым, на наступны дзень пасьля выбараў, будзе зроблена заява з ацэнкай выбарчай кампаніі. Фінальны даклад, які будзе ўключаць у сябе і рэкамэндацыі, будзе апублікаваны прыблізна праз два месяцы пасьля заканчэньня працы місіі.

Назіральнікі ад АБСЭ будуць сачыць за ўсім выбарчым працэсам, у тым ліку за рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты

Паводле слоў Мілашоскага, назіральнікі ад АБСЭ будуць сачыць за ўсім выбарчым працэсам, у тым ліку за рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты, за папярэднім галасаваньнем і падлікам галасоў, за ажыцьцяўленьнем перадвыбарчай дзейнасьці і асьвятленьнем выбарчай кампаніі ў СМІ, а таксама назіраць за вырашэньнем спрэчак, калі такія ўзьнікнуць.

"Наша роля заключаецца ў тым, каб назіраць за выбарамі і інфармаваць пра гэта, а ня ўмешвацца ў выбарчы працэс", — падкрэсьліў кіраўнік місіі БДПЧ АБСЭ.

На пытаньне пра свае чаканьні ад працы ў Беларусі Антоніа Мілашоскі адказаў: "Я хацеў бы ўбачыць, па-першае, Мірскі замак і, па-другое, дэмакратычныя выбары ў краіне".

Як паведаміла мэдыяаналітык місіі БДІПЧ Франчэска Баджары, місія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на чале з Матэа Мэкачы плянуе прыбыць у Беларусь за тыдзень да выбараў.

15 жніўня Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць прызначэньнем Мэкачы кіраўніком місіі ад ПА АБСЭ. "Думаю, што маглі б знайсьці больш дасьведчанага чалавека ў частцы Беларусі і сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы ўважліва цяпер вывучаем усе гэтыя пазыцыі і, вядома ж, будзем адпаведным чынам рэагаваць", — сказаў Лукашэнка.

У адказ на гэта кіраўнік прэс-службы ПА АБСЭ Ніл Сайман заявіў: "Матэа Мэкачы — менавіта той чалавек, які патрэбны для таго, каб узначаліць місію назіральнікаў і данесьці пазыцыю ПА АБСЭ адносна парлямэнцкіх выбараў у Беларусі".
XS
SM
MD
LG