Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Тарасаў — у залатой сэрыі «Беларускага кнігазбору»


Выбраныя творы знанага майстра гістарычнай прозы Кастуся Тарасава склалі новы том выдавецкага праекту «Беларускі кнігазбор». Кніга зьявілася з друку ў гэтак званай залатой сэрыі, пад чырвонымі вокладкамі якое ад 1996 году выходзяць найлепшыя творы беларускай мастацкай літаратуры.

У літаратуру ён прыйшоў даволі позна, маючы дыплём хімічнага факультэту Беларускага політэхнічнага інстытуту. Ды й пражыў ня так шмат, раптоўна пакінуўшы гэты сьвет на сямідзясятым годзе. Але напісанае ім застанецца ў каштоўнай скарбонцы беларускай гістарычнай прозы, кажа адзін са складальнікаў тому галоўны рэдактар «Беларускага кнігазбору» Кастусь Цьвірка. І дадае, што выбраць творы для адной кнігі Тарасава было няпроста, бо амаль усё зь вялікай колькасьці напісанага ім вартае залатой сэрыі.

«Мы палічылі, што добра будзе выдаць раман гістарычны „Пагоня на Грунвальд“. І далі яшчэ „Скарб Нясьвіскага замка“, паколькі ён не выходзіў асобнай кнігай, толькі друкаваўся ў „Дзеяслове“. Аўтар тут расказвае пра мэтодыку сваіх пошукаў, так як герой гэтай аповесьці шукае скарб Нясьвіскага замку. Таму аповесьць уяўляе шляхі пошукаў самога аўтара ў розных яго гістарычных творах».

Уключаныя ў том і гістарычныя эсэ з кнігі «Памяць пра легенды», якая адразу па выхадзе трыццацітысячным накладам у 1984 годзе зрабіла Кастуся Тарасава знакамітым.

Асобны разьдзел складаюць эсэ, якія можна лічыць працягам «Памяці пра легенды», і якія былі надрукаваныя на старонках газэты «Новы час», але не выходзілі асобнай кнігай.

Завяршаюць том аўтабіяграфічныя нататкі, якія прыўздымаюць заслону над асобай пісьменьніка, які ўвесь свой час аддаваў самотным росшукам забытых старонак роднай гісторыі і настолькі не любіў публічнасьці, што нават на вечарыну, зладжаную Таварыстам беларускай мовы ў гонар ягонага шасьцідзесяцігодзьдзя, не прыйшоў. Аўтар прадмовы да кнігі Ўладзімер Арлоў так ахарактарызаваў свайго старэйшага калегу:

«Кастусь Тарасаў ведаў, што гісторыя — гэта ня толькі перамогі і ўзьлёты сьветлага чалавечага духу, але — можа яшчэ часьцей — гэта горкія паразы, рэнэгацтва, чорныя здрады з падзеньнем у пекла без ніякага спадзяваньня на прыпынак у чыстцы. Магчыма, ён, як ніхто іншы, адчуваў (і прадчуваў) трагізм беларускай гісторыі, калі краіна зноў і зноў апынаецца перад мяжой, за якой — нацыянальнае небыцьцё».

Выдадзены том твораў Кастуся Тарасава — шэсьцьдзесят першы з задуманых двухсот у «Беларускім кнігазборы». Пра далейшыя выданьні гэтага ўнікальнага праекту гаворыць ягоны дырэктар Генадзь Вінярскі:

«У гэтым годзе мы плянуем яшчэ — вось літаральна днямі зьбіраемся здаць у друк — выбранае вядомага беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча і таксама выбраныя творы Алеся Адамовіча. Таксама яшчэ ў плянах ёсьць выданьне кнігі беларускага пісьменьніка з Расеі Валерыя Казакова».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG