Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія БДІПЧ АБСЭ ня мае офісу для працы ў Беларусі


Антоніё Мілашоскі
Антоніё Мілашоскі

Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ Антоніё Мілашоскі паведаміў пра гэта ў Цэнтральную выбарчую камісію і Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, якая прыбыла ў Беларусь за назіраньнем выбарчай кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня, пакуль ня мае офіса для працы. Пра гэта сёньня паведаміў на першай прэсавай канфэрэнцыі міжнародных назіральнікаў яе кіраўнік дэпутат парлямэнту Македоніі Антоніё Мілашоскі.

Пра адсутнасьць нармальных умоваў для працы Антоніё Мілашоскі ўжо паведаміў у Цэнтральную выбарчую камісію і Міністэрства замежных справаў Беларусі. Пасьведчаньні міжнародных назіральнікаў сябры місіі атрымалі яшчэ ўчора, калі прайшлі акрэдытацыю ў ЦВК. А сёньня спадару Мілашоскаму ўжо даводзілася нагадваць, што місія прыехала на запрашэньне беларускіх уладаў:

«Дагэтуль нам не пашчасьціла атрымаць офіс АБСЭ ў Менску. І пра гэтыя праблемы мы паведамілі ў ЦВК і МЗС. Нейкі час таму я меў размову на гэты конт з новапрызначаным міністрам замежных справаў Беларусі. І ён даў мне гарантыю, што МЗС будзе дапамагаць нам у вырашэньні гэтай праблемы. А таксама ў забесьпячэньні бясьпекі гэтага офісу. Таму што гэта ёсьць неабходная рэч для дзейнасьці офісу і стварэньня працоўнай атмасфэры».

Антоніё Мілашоскі падчас прэсавай канфэрэнцыі не прыводзіў канкрэтных прыкладаў, як адсутнасьць свайго офіса перашкаджае працы назіральнікаў. Але ў кулюарах канфэрэнцыі можна было пачуць, што менавіта з-за гэтага канфэрэнцыя, якая першапачаткова прызначалася на 11 гадзін, пачалася толькі ў 15:30.

Кіраўнік місіі БДІПЧ таксама паведаміў, што ў пятніцу ў Беларусь прыбудуць яшчэ 36 доўгатэрміновых назіральнікаў. Яны будуць прадстаўляць 19 краін АБСЭ.

Антоніё Мілашоскі таксама заявіў, што місія будзе ставіцца да назіраньня за выбарамі непрадузята і збалансавана. У яе ўваходзяць дасьведчаныя людзі, а колькасьць назіральнікаў з Заходняй і Ўсходняй Эўропы прыкладна аднолькавая. Ён падкрэсьліў, што місія ня будзе ўмешвацца ў хаду выбарчай кампаніі, але зьбіраецца ўсё фіксаваць і аналізаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG