Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтуховіч за дзень размаўляе ня больш за 10 хвілінаў. Відаць, каб не агітаваў»


Міклай Аўтуховіч, архіўнае фота

Міклай Аўтуховіч, архіўнае фота

Мікалай Аўтуховіч у жніўні ў турме сустрэўся з жонкай і дачкой. Спатканьне было апошнім з двух, дазволеных вязьню на строгім турэмным рэжыме за год. Мікалай Аўтуховіч ў лісьце з гарадзенскай турмы напісаў пра спатканьне: «Толькі назва, што спатканьне. Ні дакрануцца, ні пацалаваць не далі...»

22 жніўня жонка палітвязьня Алена падзялілася са «Свабодай» сваімі ўспамінамі пра спатканьне з мужам.

«Усяго паўтары гадзіны. Праз шкло бачыліся, праз тэлефон размаўлялі. Пра сябе ён казаў мала. Казаў, што ўсё ў яго добра, не скардзіўся. Як здароўе? Ніяк. Якое можа быць там здароўе?! Пытаюся, ці ты еш? Кажа, так, вось ў абед, калі даюць макароны, дык кажа, што перамывае і есьць. Бо яму ж нельга мясныя кансэрвы есьці, а там з лапшынай даюць мясныя кансэрвы. У яго ад кансэрвантаў страўнік баліць, становіцца блага. Ня можа ён есьці тыя стравы, якія там гатуюць. Гэта наступства тых галадовак, якія ён трымаў у турме. Таму я перадала яму перадачу, што ён прасіў: сухое малако, мюсьлі, кашы. Тое, што ён можа есьці.»

Мікалай Аўтуховіч нічога не расказваў пра цяперашнія ўмовы ўтрыманьня, паведаміла жонка палітвязьня. Аўтуховіч ў камэры шмат чытае, вывучае ангельскую мову, піша лісты, але размаўляе мала — агулам за дзень ня больш за 10 хвілінаў, максымум — 15. «Ня ведаю дакладна, чаму гэтак, — ён не тлумачыць. Магчыма, нейкія ўмовы да яго выстаўленыя, каб ён не праводзіў там ніякай агітацыі. Я такую выснову магу зрабіць», — кажа Алена Аўтуховіч.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч арыштаваны ў пачатку 2009 года і асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня за захоўваньне ў доме некалькіх патронаў. Сам Аўтуховіч у судзе заяўляў пра перасьлед за ягоную барацьбу зь мясцовымі карумпаванымі чыноўнікамі. «Міжнародная амністыя» прызнала Мікалая Аўтуховіча вязьнем сумленьня. У студзені 2012 году зь Івацэвіцкай калёніі Мікалая Аўтуховіча перавялі ў гарадзенскую турму як «злоснага парушальніка рэжыму».
XS
SM
MD
LG