Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі запусьцяць новы тэлеканал


Тэлевежа ў Менску

Тэлевежа ў Менску

Белтэлерадыёкампанія плянуе стварыць яшчэ адзін тэлеканал. Гэта зьвязана з прыпыненьнем вяшчаньня прыватнага «8 каналу», які назапасіў буйную запазычанасьць за аплату паслуг.

Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік начальніка ўпраўленьня электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Віктар Маючы, перадае БЕЛТА.

Паводле яго слоў, калі рэгіянальныя тэлеканалы замахваюцца на нацыянальную прастору, часьцяком яны да гэтага не гатовыя.

У Беларусі, акрамя агульнадаступнага пакета тэлепраграм, з другога квартала 2013 будуць даступныя насельніцтву паслугі камэрцыйнага эфірнага лічбавага тэлевяшчаньня. Спадарожнікавае тэлебачаньне прымае 12-15% беларусаў. Большая частка насельніцтва глядзіць эфірнае і кабэльнае тэлебачаньне.

На гэты момант наземнае лічбавае тэлевізійнае вяшчаньне даступна больш чым 95% насельніцтва Беларусі.

Ад 10 сьнежня 2007 працягвае трансьляцыю сваіх праграмаў першы незалежны тэлеканал для гледачоў у Беларусі — «Белсат». Ён ёсьць часткаю Польскага тэлебачаньня.

Прымаць «Белсат» можна праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») ды з «Astra 1KR».

Паводле мэдыя-экспэрта Леаніда Міндліна, адкрыцьцё новага каналу ня зьмяніць сытуацыю, бо ўсе тэлеканалы ў Беларусі застаюцца падкантрольнымі ўладам:

«Зьяўленьне новага каналу нічога істотна ня зьменіць у нашай мэдыйнай прасторы, бо ўсё гэта падкантрольна, усё гэта на кароткім повадзе. Ну яшчэ адзін будзе — гэта чыстая арытмэтыка. Нават прыватныя каналы ў рэгіёнах знаходзяцца пад асабістым кантролем вэртыкалі, спэцслужбаў. То бок ёсьць дзяржаўны кантроль».
XS
SM
MD
LG