Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо 76 дзён беларускі палітуцякач Аляксандар Баранкоў правёў за кратамі турмы Гарсія Марэна ў сталіцы Эквадору Кіта ў чаканьні рашэньня аб экстрадыцыі.

Найвышэйшы Суд Эквадору разглядае просьбу Беларусі аб экстрадыцыі Баранкова, якому, паводле ягонага адваката Фэрнанда Лара, у Беларусі можа пагражаць сьмяротнае пакараньне за здраду радзіме. Неназваная крыніца ў судзе паведаміла агенцтву AFP, што пастанова аб экстрадыцыі можа быць прынятая найбліжэйшымі днямі.

Калі суд задаволіць просьбу беларускіх уладаў, справа пойдзе на разгляд прэзыдэнту Эквадору Рафаэлю Карэа.

Справа Баранкова ўжо прагучала ў сусьветных мэдыях — пра яе паведамілі The Guardian, BBC, Sky News, The Washington Post, CNN, Miami Herald, інфармацыйныя агенцтвы AFP і Ansa.

Эквадорскі друк зьвяртае ўвагу на падвойныя стандарты эквадорскіх уладаў у справе наданьня палітычнага прытулку.

«Выпадак з Баранковым парадаксальным чынам вырашаецца ў той самы момант, калі ўрад Рафаэля Карэа дае дыпляматычны прытулак заснавальніку Wilileaks Джуліяну Асанжу, прыняўшы аргумэнты пра магчымую пагрозу сьмяротнага пакараньня ў ЗША», піша газэта Hoy.

Калюмніст газэты El Comercio Марцін Паярэс ў сваім камэнтары пад загалоўкам «Раўнаньне крывадушнасьці» саркастычна выказвае думкі прэзыдэнта Рафаэля Карэа:

«Скажы, на каго ты нападаеш, і я скажу, ці я дам табе прытулак. Тваё жыцьцё ў небясьпецы? Спачатку скажы чый ты вораг — маіх сяброў, ці маіх ворагаў?.. Калі ты дакучаеш маім сябрам, мы можам пазбавіць цябе нашай абароны і вярнуць цябе ў тваю краіну, дзе ты можаш быць пакараны сьмерцю. А калі ты, як Джуліян Асанж, робіш непрыемнасьці маім ворагам, дык мы возьмем цябе пад нашу абарону. Ці хвалюе нас тваё жыцьцё? Ха!»

Баранкоў, 30-гадовы блогер і былы вайсковец, прыехаў у Кіта ў кастрычніку 2009 году пасьля таго, як «выказаў нязгоду з палітыкай прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі», як ён зазначыў у просьбе аб атрыманьні палітычнага прытулку. Статус палітуцекача ён атрымаў 27 чэрвеня 2010 году. У тым самым беларускія ўладу ўжо зьвярталіся да Эквадору з аб ягонай экстрадыцыі. Тады просьба была адхілена, бо Менск ня даў усёй неабходнай інфармацыі.

Сёлета 7 чэрвеня Баранкоў зноў быў затрыманы, калі Беларусь паўторна зьвярнулася да Эквадору з просьбай экстрадыцыі. Паводле адваката, новыя абароты справа прыняла пасьля візыту ў Эквадор Аляксандра Лукашэнкі 27-28 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG