Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Уступленьне Расеі ва ЎГА прывядзе да банкруцтва беларускіх вытворцаў


Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, самым нэгатыўным наступствам для Беларусі ад уступленьня Расеі ва ЎГА будзе зьяўленьне танных, якасных імпартных тавараў, што прывядзе да банкруцтва беларускіх вытворцаў.

«У самым канчатковым выніку ўсё гэта будзе працаваць на зьніжэньне цэнаў на ўнутраным рынку. Але зьніжэньне цэнаў пры падвышэньні беспрацоўя. То бок праз Расею будзе паступаць значная колькасьць больш танных тавараў, больш канкурэнтных. Асабліва гэта будзе ісьці па групе харчовых тавараў. У нас цяпер цэны высокія. Калі на эўрапейскім рынку, да прыкладу, можна купіць добрае мяса, выразку, па 4 даляры, то ў Беларусі яно каштуе 10 даляраў. А тыя прадпрыемствы, што выпускаюць з высокімі выдаткамі, з высокімі цэнамі на прадукцыю, будуць закрывацца альбо перапрафілявацца. Гэты працэс будзе ісьці цягам бліжэйшых двух-трох гадоў. Спачатку ніхто нічога не заўважыць.

А ў цэлым, гэта будзе азначаць зьмену ўмоваў гаспадараньня і неабходнасьць падрыхтоўкі да больш высокай ступені канкурэнцыі. Беларускія прадпрыемствы могуць уступаць у сындыкаты, у асацыяцыі з расейскімі прадпрыемствамі, каб было лягчэй прадаваць беларускую прадукцыю за мяжой. Тут ёсьць некалькі варыянтаў такога пазытыўнага выкарыстаньня. Калі будуць сядзець і нічога не рабіць, то будуць толькі скардзіцца, што ў Расеі вырасла канкурэнцыя», —
заявіў Заіка.

Паводле Заікі, каб прадухіліць нэгатыўныя наступствы на Беларусь, трэба памяняць урад, дзе павінны працаваць прафэсіяналы рынку.

Таксама ён лічыць, што цяпер Беларусі няма сэнсу ўступаць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Ён адзначае, што расейскі рынак у 16 разоў большы за беларускі. А Беларусь і Расея ўваходзяць у Мытны саюз, дзе свабодны рух тавараў і паслуг.

«І ўсё, што будзе ісьці з Расеі, будзе свабодна паступаць сюды. І паколькі эканоміка маленькая і столькі ўсялякіх палітычных прычын да складанага ўступленьня, то я лічу, што само фармальнае ўступленьне ва ЎГА ня вельмі і патрэбнае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG