Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грэцыі патрэбны час, каб перавесьці дух»


Прэм’ер-міністар Грэцыі Антоніс Самарас

Прэм’ер-міністар Грэцыі Антоніс Самарас

Грэцыі неабходны дадатковы час для таго, каб прынятыя захады па скарачэньні бюджэтных выдаткаў далі эфэкт і прывялі да росту эканомікі.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Грэцыі Антоніс Самарас у інтэрвію нямецкай газэце Bild — напярэдадні сустрэчы з лідэрамі Нямеччыны і Францыі.

Паводле Самараса Атэнам для выратаваньня ад банкруцтва не патрэбныя дадатковыя грошы ад Эўразьвязу, аднак неабходны час для таго, каб «перавесьці дух» пасьля радыкальных скарачэньняў дзяржаўных выдаткаў. Ён выказаў надзею, што бліжэйшым часам партнэры Грэцыі ня будуць вылучаць дадатковых патрабаваньняў для атрыманьня чарговых траншаў крэдытаў МВФ і ЭЗ.

Чакаецца, што падчас перамоваў у сераду — з кіраўніком Эўрагрупы Жан-Клодам Юнкерам і ў канцы тыдня — з Франсуа Аландам і Ангелай Мэркель — грэцкі прэм’ер закране пытаньне аб працягу на 2 гады тэрміну, дадзенага Грэцыі на скарачэньне бюджэтнага дэфіцыту да памеру, прадугледжанага пагадненьнямі з крэдыторамі. Нямеччына зараз выступае супраць гэтай ідэі.

У інтэрвію Bild Самарас таксама выказаўся рэзка супраць магчымага выхаду Грэцыі з эўразоны.
XS
SM
MD
LG