Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: пэнсыянэрка бароніць права на ўласнасьць


Берасьцейская пэнсіянэрка Ларыса Бяляцкая зьвярнулася ў абласны савет дэпутатаў з просьбай адмяніць рашэньне аблвыканкаму аб заключэньні інвэстыцыйнай дамовы, паводле якой на месцы гістарычнай спадчыны паўстане гатэль.

Інвэстыцыйная дамова аб пабудове пяціпавярховага гатэля на месцы двухпавярховых будынкаў № 43 і 45 на вуліцы Савецкай была заключаная зь фірмай «МФБ Девелопмент».

У доме № 45 і мае памяшканьне Ларыса Бяляцкая. Спадарыня кажа, што дамова парушае яе права на ўласнасьць:

«Я — ўласьніца нерухомасьці. А аблвыканкам прыняў рашэньне, нягледзячы на тое, што я не давала сваёй згоды на распараджэньне маёй уласнасьцю для інвэстыцыйнага праекту. Таму дзеяньні аблвыканкаму парушаюць маё права прыватнай уласнасьці.»

Пэнсіянэрка перавяла сваё памяшканьне ў нежылы фонд, таму яе, у адрозьненьне ад іншых жыхароў, ня выселілі. Бо фактычна, яна там не жыве, але мае памяшканьне. Аднак жанчына кажа, што ў яе ёсьць перасьцярогі, што памяшканьне могуць адабраць па «дзяржаўнай патрэбе».

Сытуацыю камэнтуе каардынатар руху «За Свабоду» па Берасьці Дзяніс Турчаняк:

«Сапраўды, рашэньне аблвыканкаму прынятае з парушэньнем правоў Бяляцкай, замацаваных артыкулам 44 Канстытуцыі, у адпаведнасьці зь якім дзяржава гарантуе недатыкальнасьць уласнасьці. Такім чынам, аблвыканкам умешваецца і ў асабістае сямейнае жыцьцё Ларысы Бяляцкай, а менавіта — у пытаньне распараджэньня маёмасьцю, якая зьяўляецца яе прыватнай уласнасьцю. Парушаецца і артыкул 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.»

Будынкі № 43 і 45 па вуліцы Савецкай у Берасьці маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Яны пабудаваныя ў 1928 годзе. Дзяніс Турчаняк кажа, што яго непакоіць і тое, што падчас рэалізацыі інвэстыцыйнай дамовы ўзьнікае пагроза зьнішчэньня каштоўнасьці.

«Акрамя правоў Ларысы Бяляцкай, рашэньне аблвыканкаму парушае і правы жыхароў Берасьця на ўдзел у абмеркаваньні і прыняцьці рашэньняў па пытаньнях горадабудаўнічага плянаваньня разьвіцьця тэрыторый. Гэта стварае і пагрозу будынкам, што маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Рашэньне было прынятае без папярэдняга грамадзкага абмеркаваньня, як таго патрабуе закон у дачыненьні да гістарычнай спадчыны.»

Дзяніс Турчаняк таксама дабіваецца адмены інвэстыцыйнай дамовы. Раней спадар Турчаняк беспасьпяхова судзіўся з аблвыканкамам праз тое, што ад яго ўтойвалі зьмест гэтай інвэстыцыйнай дамовы. Акрамя гэтага, Дзяніс Турчаняк накіраваў пазоў у суд да старшыні Берасьцейскага абласнога савету дэпутатаў Сяргея Ашмянцава. Старшыня аблсавету адмовіўся ўнесьці на разгляд сэсіі прапанову каардынатара руху «За свабоду» аб адмене рашэньня аблвыканкаму.

Фірма «МФБ Девелопмент» рэалізуе свой першы праект у Берасьці. Пасьля прыняцьця рашэньня аблвыканкаму ад 13 ліпеня 2011 году № 596 зь ёй была заключаная дамова аб інвэстпраекце «Адміністрацыйна-гатэльны комплекс на вуліцы Савецкай у Берасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG