Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вядуць кадравыя перамены да зьмены палітыкі?


Аляксандр Лукашэнка правёў некаторыя кадравыя ратацыі. Чаму адбыліся адстаўкі кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і міністра замежных спраў? Пра што сьведчыць прызначэньне Уладзімера Макея кіраўніком замежнапалітычнага ведамства?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітоляг, блогер Віктар Марціновіч.

Пра што сьведчыць адстаўка Уладзімера Макея?


Валер Карбалевіч: «Вядома, што палітыку ў Беларусі вызначае адзін чалавек, а ўсе іншыя кіроўныя асобы толькі праводзяць ягоную палітычную лінію. Таму кадравыя зьмены наўрад ці спрычыняюцца да зьменаў у палітыцы. Але адстаўкі і прызначэньні на кіроўныя пасады даюць пэўныя сыгналы наконт таго, чым незадаволены Лукашэнка і якую палітыку ён хацеў бы праводзіць. Пагаворым найперш пра адстаўкі.

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Уладзімер Макей адпраўлены ў адстаўку. Увогуле ў беларускім табэлі рангаў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта — гэта, па маім ўяўленьні, другі чалавек у дзяржаве. Макей займаў гэтую пасаду з 2008 году. Пра што сьведчыць гэтая адстаўка?»

Аляксандар Класкоўскі: «Паколькі ў Беларусі ўсё вызначае адзін чалавек, то вялікі элемэнт непрадказальнасьці. Цяжка дакладна вызначыць, справа ў настроі Лукашэнкі, ці гэта пачатак нейкай геапалітычнай камбінацыі.

Цалкам імаверна, што гэта банальная кадравая ратацыя. Мартынаву засталося паўгода да пэнсійнага ўзросту. Паколькі ён дасьведчаны кадравы дыплямат, яму могуць знайсьці пасаду амбасадара. Кажуць, ён даўно гэтага хацеў.

А Макей — кадравы дыплямат. Ён нават скончыў у Аўстрыі дыпляматычную акадэмію. Ён прыкметна маладзейшы за Макея. Таму, магчыма, улілі сьвяжэйшую кроў у МЗС.

Яшчэ ёсьць такая вэрсія, што Макей, хоць і палкоўнік запасу, але быў недастаткова цьвёрдым. Пасьля Плошчы ён страціў давер. Можа, мала было ў яго „жалеза па шкле“. І яго мякка адсунулі ў бок. Але гэтая вэрсія спрэчная, бо ў Беларусі вага пасады залежыць ад таго, якую вагу ёй надае Лукашэнка».

Віктар Марціновіч: «Прызначэньне кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта на пасаду міністра замежных спраў зьяўляецца відавочным паніжэньнем. Калі казаць пра магчымае прызначэньне Мартынава амбасадарам, то ўсё гэта не выглядае, што і таго, і другога чыноўніка вырашылі ўзнагародзіць.

Падаецца, што МЗС пры Мартынаве больш займалася прапагандай, чым нейкай яскравай самастойнай замежнапалітычнай гульнёй. Стыль Макея на пасадзе кіраўніка МЗС будзе іншы. Ён будзе імкнуцца да кулюарных дамоўленасьцяў, напрыклад, зь Нямеччынай. Думаю, заплянаваны нейкі прарыў на заходнім кірунку. У гэтую вэрсію ўпісваецца вызваленьне Сурапіна з Башарымавым».

Што азначае адстаўка Сяргея Мартынава?


Карбалевіч: «А што азначае адстаўка Сяргея Мартынава з пасады міністра замежных спраў? Можа Лукашэнка незадаволены ходам спраў у гэтай сфэры і адстаўка міністра сьведчыць менавіта пра гэта? Як нядаўняя адстаўка кіраўніка памежнага ведамства і камандуючага супрацьпаветранай абаронай былі сьведчаньнем незадаволенасьці Лукашэнкам працай гэтых структур».

Класкоўскі: «Сапраўды, вялікі рэгрэс, адкат у замежнай палітыцы Беларусі адбыўся апошнімі двума гадамі. Дарэчы падчас адлігі ў адносінах з ЭЗ у 2008-2010 гадах МЗС працаваў някепска. Думаю, Лукашэнка выдатна разумее, што Мартынаў не вінаваты ва ўсіх гэтых дыпляматычных войнах апошніх двух гадоў. Але як бы там ні было, за ім цягнецца доўгі шлейф дыпляматычных скандалаў. І калі цяпер Лукашэнка плянуе нейкую геапалітычную камбінацыю, то лепей, каб хоць фармальна на пасадзе міністра МЗС была новая фігура. А ў Макея вобраз „заходніка“. Калі ў Менск прыязджалі нейкія важныя заходнія палітыкі, то яны вырашалі пытаньне не ў МЗС, а ў адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўніком якой быў Макей. З улікам таго, што Брусэль не настроены таксама на канфлікт, то яму была б зачэпка. Маўляў, давайце будзем абмяркоўваць пытаньні з чыстага аркуша. Што тычыцца знаходжаньня прозьвішча Макея ў сьпісе неўяздных ў ЭЗ, то выключэньне яго з гэтага сьпісу цалкам магчымае, напрыклад, у кастрычніку».
Калі ў Менск прыязджалі нейкія важныя заходнія палітыкі, то яны вырашалі пытаньне не ў МЗС, а ў адміністрацыі прэзыдэнта

Карбалевіч: «Калі ставіцца задача размарозіць дачыненьні з Захадам, то пачынаць трэба з вызваленьня палітзьняволеных. Гэта было б больш эфэктыўна, чым прызначэньне новага чалавека па пасаду кіраўніка МЗС».

Пра што сьведчыць прызначэньне Макея міністрам замежных спраў?

Марціновіч: «Для такога нятаннага тавару як палітзьняволеныя патрэбен добры гандляр. Мартынаў гэтую функцыю выконваў дрэнна, бо быў вельмі дыпляматычным. А Макей зьяўляецца майстрам кулюарных перамоў.

Цяпер важным чыньнікам дачыненьняў з ЭЗ будуць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Думаю, што ніякіх захадаў па прызнаньні гэтых выбараў Эўразьвязам кіраўніцтвам Беларусі ня будзе рабіцца. Таму што, калі Палата прадстаўнікоў будзе прызнаная, то мы атрымаем сытуацыю, калі ў Беларусі будзе нелегітымны з гледзішча Захаду прэзыдэнт і легітымны парлямэнт. Лукашэнка ў гэтым незацікаўлены. Ён імкнецца для аднаўленьня дыялёгу для таго, каб атрымаць з Захаду крэдыты і інвэстыцыі».

Карбалевіч: «Тое, што Уладзімер Макей, прызначаны кіраўніком замежнапалітычнага ведамства, неўязны ў краіны ЭЗ, ня мае вялікага значэньня. Што толку, што Мартынаў ня быў у „чорным сьпісе“ Эўразьвязу? Усё роўна ён нікуды ня езьдзіў, толькі на нейкія паседжаньні міжнародных арганізацый. А дзеля такога ўдзелу ўпусьцяць у Эўропу і Макея».

Класкоўскі: «Хачу адзначыць, што расьце напружаньне ў беларуска-расейскіх адносінах. Масква падціскае і ў пытаньні прыватызацыі, і ў справе растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Таму ў Лукашэнкі ёсьць настальгія па палітыцы геапалітычных арэляў. І прызначэньне Макея кіраўніком МЗС — гэта падрыхтоўка такой палітыкі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG