Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыехалі міжнародныя назіральнікі БДІПЧ АБСЭ


На чале місіі — Антоніё Мілашоскі, архіўнае фота
На чале місіі — Антоніё Мілашоскі, архіўнае фота

21 жніўня ў Беларусь прыехала першая група назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.

Узначаліў місію былы міністар замежных справаў Макэдоніі Антоніё Мілашоскі, яго намесьнік — прадстаўнік ЗША Доналд Бісон.

У аўторак Антоніё Мілашоскі, яго намесьнік Дональд Бісон, аналітык у пытаньнях выбараў Зоран Лучыч і дарадца дэпартамэнту па выбарах Бюро Рычард Лапкін сустрэліся з кіраўніцтвам Цэнтарвыбаркаму. Падчас першай сустрэчы назіральнікі атрымалі ад ЦВК пакет дакумэнтаў і абмеркавалі бліжэйшыя пляны. Кіраўнік місіі прапанаваў сустракацца штотыдзень.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік: «Мы зрабілі асноўную заўвагу, што прадстаўнікі гэтай місіі карысталіся ў асноўным інфармацыяй, якая ішла з аднаго боку, — ад прадстаўнікоў апазыцыйных партый і арганізацый».

Віктар Карняенка, уключаны ў склад Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, што да супрацоўніцтва зь міжнароднымі назіральнікамі, даў такое тлумачэньне:

«Я не скажу, што АБСЭ ў нас запытвае інфармацыю. Мы самі дасылаем звычайна, сустракаемся зь міжнароднымі назіральнікамі і спрабуем іх пераканаць, што нашыя патрабаваньні, скажам так, лягічныя і натуральныя. Мы патрабуем усяго 5 пунктаў памяняць у выбарчых працэдурах. І яны зразумелыя міжнародным назіральнікам, а Цэнтарвыбаркаму — не. А каб іншыя нейкія працоўныя моманты, каб працаваць па агульных плянах — такога ў нас няма. Мы працуем па сваіх плянах, міжнародныя назіральнікі — па сваіх. Проста трэба даваць аб’ектыўную інфармацыю, і спадара Лазавіка таксама пачуюць».

На сустрэчы кіраўнік місіі спадар Мілашоскі праінфармаваў, што ўсяго ў доўгатэрміновым назіраньні будуць удзельнічаць 36 сяброў місіі і каля 270 сяброў будуць удзельнічаць у кароткатэрміновым назіраньні. Па выніках назіраньня будуць выдадзеныя як мінімум дзьве справаздачы. Першая — да дня галасаваньня, другая — пасьля галасаваньня, прычым грунтоўная справаздача можа зьявіцца праз месяц — паўтара пасьля выбараў. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік на гэты конт заўважае:

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
«Вось місія СНД такую справаздачу ня робіць. Яна робіць справаздачу толькі па выніках, адразу па гарачых сьлядах, ацэньваючы ў асноўным самі выбары. У місіі АБСЭ як правіла дзьве справаздачы, папярэдняя і канчатковая, якая часам грунтуецца ня толькі на выніках назіраньня, але і на ацэнцы палітычнай каньюнктуры, што складваецца ў рэгіёне».

На пытаньне Радыё Свабода, ці ня мае афіцыйны Менск і ЦВК у прыватнасьці прэтэнзій да кандыдатуры кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЭ Антоніё Мілашоскі, як, да прыкладу, да кандыдатуры кіраўніка місіі Парлямэнцкай асабмблеі АБСЭ Матэа Мекачы, спадар Лазавік адказаў так:

«Што тычыцца Мекачы, то ён ужо неаднойчы выказваўся на адрас Рэспублікі Беларусь, прычым, гэтыя выказваньні былі ня самыя добразычлівыя, рэзка палітызаваныя. Кіраўнік доўгатэрміновых назіральнікаў Антоніё Мілашоскі, я думаю, больш узважана ставіцца да Беларусі. Зь яго боку якіхсьці палітызаваных, радыкальных выказваньняў ніколі не было».

У склад ЦВК уключаны 5 сябраў палітычных партыяў, якія бяруць удзел у выбарах, з правам дарадчага голасу і 6 нацыянальных назіральнікаў. Сябра ЦВК ад АГП Віктар Карняенка апавёў, што як мінімум два праекты пастановаў будуць падрыхтаваныя і ўнесеныя на разгляд ЦВК:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Першая — па парадку падліку галасоў участковымі камісіямі, паколькі галасы выбарцаў ня лічыцца публічна. Другая пастанова — аб правах назіральнікаў. Магчыма, будуць і іншыя. І калі ЦВК, скажам так, зразумее, што калі ёсьць напружаньне ў грамадзтве, калі ёсьць недавер да тых працэдур, якія яны арганізавалі, то іх трэба мяняць! Адхіліўшы нашы прапановы, Цэнтарвыбаркам будзе сябе выкрываць і сваё сапраўднае стаўленьне да гэтых выбараў таксама будзе паказваць»

22 жніўня прадстаўнікі місіі БДІПЧ АБСЕ плянуюць правесьці ў Менску прэс-канфэрэнцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG